Паэтам можаш ты не быць, грамадзянінам быць павінен
Дыялогавая пляцоўка ў межах рэспубліканскай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі”, прысвечаная Дню Канстытуцыі, прайшла ў Тураўскай бібліятэцы.
Яе ўдзельнікамі сталі старшакласнікі СШ №1 горада, з якімі сустрэліся старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш і гарвыканкама Ігар Міцюрыч. Мерапрыемства адкрыла бібліятэкар Таццяна Струк, нагадаўшы, што сабою ўяўляе Асноўны закон і як ён ствараўся.
Без працы і любові да сваёй краіны нельга пабудаваць моцную дзяржаву. Так можна акрэсліць галоўны вектар размовы, зададзены дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу, дэпутацкім лідарам нашага рэгіёна. Уладзімір Мікітавіч гаварыў з моладдзю аб звычайных рэчах, пабуджаючы яе да добрых учынкаў на карысць сваёй Радзімы, і вялікай адказнасці за яе лёс. Даражэй за сваю зямлю нічога быць не можа, і мы павінны шанаваць яе законы.
У фармаце вольнага абмеркавання важных пытанняў вучні цікавіліся думкаю гасцей наконт перспектыў развіцця Турава, удзелу маладога пакалення ў дзяржаўным будаўніцтве, прасілі расказаць, як складвалася іх кар’ера і каго яны лічаць сваім аўтарытэтам.
Святлана Шакалян