Паспяховыя вынікі ў стараннасці

Апошнія дні кожнага месяца для працаўнікоў грамадскіх фермаў раёна з’яўляюцца больш напружанымі за іншыя будні. І нядзіўна, бо ў гэтую пару калектывы не толькі старанна выконваюць звычайныя абавязкі і робяць падрабязную справаздачу ўласных дасягненняў.

Менавіта такая падвоеная дзелавітасць адчувалася ў канцы сакавіка на верасніцкай малочнатаварнай ферме акцыянернага таварыства «Тураўшчына».

Каб даць ацэнку паказчыкам сваёй дзейнасці, мясцовыя жывёлаводы разам з начальнікам рабілі ўзважванне цялятак. Працэс гэты не хуткі, бо праз вагі павінна прайсці кожная істота. А на ферме ўтрымліваецца 665 галоў. Таму да справы былі прыцягнуты літаральна ўсе даглядчыкі. Яны збіралі маладнячок у гурты, пераганялі яго з загона ў загон.  Адным словам, у рабоце панавала зладжанасць. У многім такому ўзаемапаразуменню спрыялі і канчатковыя вынікі.

– Прывагі радуюць, – не хавае задавальнення загадчык Надзея Вашкова. – У сярэднім за суткі гадаванцы прыбаўлялі па 896 грамаў. Асабліва добрую аддачу атрымалі аператары Наталля Бартноўская і Алена Рэз. Хаця і іншыя стараліся дабіцца выніку нягоршага.

Сярод складнікаў поспеху Надзея Васільеўна, у першую чаргу, адзначае менавіта высокі прафесіяналізм людзей. Не адзін дзясятак гадоў у жывёлагадоўлі шчыруюць многія з іх. Ды і новае папаўненне таксама не падводзіць. Напрыклад, Наталля Блоцкая прыйшла на ферму летась. Дарэчы, яна пераехала з Данбаса і ў нашым краі знайшла сабе працу, якая прыносіць дабрабыт і спакойнае існаванне.

– Канечне, адразу нялёгка было, але калегі не пакінулі сам на сам з цяжкасцямі, шчодра падзяліліся сакрэтамі, – распавядае пра першыя крокі жывёлавод. – Цяпер вось прызвычаілася, асвоіла тэхналагічныя тонкасці, таму і за паказчыкі не сорамна. Па сваёй групе атрымала амаль па кілаграму сярэднясутачных прываг.

Вялікае значэнне ў паспяховай дзейнасці верасніцкіх цялятніц адыгрывае і належная кармавая база. Рацыён маладнячку ў залежнасці ад узросту вызначаецца разнастайнасцю: на выпайку малако, у кармушках камбікармы, сена, кормасумесі, зерне, іншыя мінеральныя дабаўкі. Належны мікраклімат у памяшканнях, чысціня ў загонах таксама спрыяюць развіццю жывёлы.

Добрыя здабыткі працаўнікі МТФ маюць  не толькі ў справе вырошчвання цялятак, але і малочнай галіне. За першы квартал  ад кожнай каровы тут надаілі па 2363 кілаграмы малака, а валавая вытворчасць яго склала 821 тону. Дзённая прадуктыўнасць адной рагулі перавышае дваццаць шэсць літраў, што болей за леташняе дасягненне. За суткі калектыў структурнага падраздзялення на перапрацоўку пастаўляе восем тон сырадою. За квартал гэты паказчык выліўся ў 739 тон. Прычым, самага высокага гатунку.  Зноў жа атрымана гэта за кошт строгага выканання тэхналагічных патрабаванняў і сумленных адносін персанала да абавязкаў.

– З аператарамі машыннага даення нам вельмі пашанцавала, – расказвае Надзея Вашкова. – Імёны нашых даярак: Наталлі Фраловай, Алены Глотавай, Марыны Самуйловіч, Майі Вашковай, добра вядомыя не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Неаднойчы за свае вытворчыя здабыткі яны атрымлівалі заахвочванні самага высокага ўзороўню, станавіліся пераможцамі конкурсаў. Партрэт Алены Глотавай и зараз на раённай Дошцы гонару. Адточваюць жа ўласнае майстэрства гэтыя рупліўцы ў штодзённых клопатах менавіта тут, на ферме.

Задаволеная начальнік комплекса і работай жывёлаводаў Сяргея Прахоцкага, Мікалая Блоцкага, Аляксея Вячоркі, Уладзіміра Дабрадзераўца і іншых. Менавіта яны рыхтуюць тую самую трывалую аснову для вялікіх надояў і прываг.

Для калектыву Верасніцкай МТФ знакавай падзеяй стала правядзенне буйной рэканструкцыі аб’екта ў 2013 годзе. За прайшоўшы час інтэнсіўнай эксплуатацыі ён выглядае як новенькі. Тут працаўнікі клапоцяцца не толькі пра значныя вытворчыя здабыткі, але і санітарыю, добраўпарадкаванне ўласнага рабочага месца. І ў іх, як бачна,  гэта атрымліваецца.

Сяргей Белка

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.