Дзеля высокага майстэрства
На вяслярнай базе актыўна рыхтуюцца да летняга сезона. З гэтай мэтай кіраўніцтва прафсаюзнай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” пашырае інфраструктуру спартыўнага аб’екта.
Адным з накірункаў такой дзейнасці стала ператварэнне звычайнай канавы ў канал для трэніровак весляроў-пачаткоўцаў. Дапамагчы ў важнай справе вызвалася кіраўніцтва Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якое выдзеліла экскаватар і спецыяліста Сяргея Сазонава. Менавіта ён за некалькі дзён справіўся з пастаўленай задачай.
— Цяпер будзе малым дзе ўдасканальваць свае практычныя навыкі, — расказвае дырэктар ДЮСШ “Матор” Леанід Макарэвіч. — Першы чым выпускаць дзяцей, якія толькі прыйшлі ў секцыю, на вадаём, а ён даволі глыбокі, патрэбна прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам пачуццё вады, надаць ім упэўненасці. На мелкаводдзі гэта зрабіць намнога прасцей. Ды і кантроль за бяспекай з боку трэнераў будзе намнога большым.
Як расказаў Леанід Рыгоравіч, прывядзенне воднай артэрыі ў парадак, з’яўляецца толькі першай часткай задуманага. У планах і прылягаючую мясцовасць добраўпарадкаваць. Замест асакі і травы тут мяркуецца абсталяваць зону адпачынку. На няўдобіцы высадзяць туі, разаб’юць газоны, установяць альтанкі. Усё згаданае выканае калектыў спартыўнай школы сваімі сіламі і дзякуючы дабрачыннасці прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Дарэчы, камфорт ствараецца не толькі для спартсменаў- весляроў, але і тых навучэнцаў установы, якія будуць наведваць летні аздараўленчы лагер.
Варта адзначыць, што матэрыяльная база спартыўнага аб’екта ўмацоўваецца пастаянна. Напрыклад, з апошніх набыткаў — тры спецыяльныя трэнажоры для трэніровак, перададзеных галіновым міністэрствам. Зараз іх наведваюць паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак. І тое, што сёння дарослыя робяць на вяслярнай базе, накіравана на павышэння іх прафесійнага майстэрства. Яно ж, як вядома, прыходзіць не само па сабе, а дзякуючы стараннасці і высокай працаздольнасці і самааддачы.
Сяргей Белка