Нашы землякі вяртаюцца да дому з Узброеных Сілаў
Нашы землякі вяртаюцца да дому з Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. У ліку іх і радавы Артур Сарокін.
Жыхар райцэнтра праходзіў армейскую школу ў моставым батальёне 36-й дарожна-моставай брыгады на пасадзе цесляра. У канцы месяца ён ужо павінен быць дома. Але ў саслужыўцаў і камандзіраў застануцца аб Артуры самыя добрыя ўспаміны. Заслужыў гэтага салдат бездакорным выкананнем вайсковых абавязкаў. Вось вытрымка з характарыстыкі, якую даў жыткаўчаніну маёр Дзмітрый Мірончык: “радавы А.А. Сарокін у часці зарэкамендаваў сябе выключна са станоўчага боку. Ён паспяхова асвоіў давераныя яму ўзбраенне і спецыяльную тэхніку. Прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах баявой падрыхтоўкі. Па характару Артур добры, энергічны і жыццярадасны чалавек. Яму ўласцівы дысцыплінаванасць, ветлівасць, акуратнасць, пачуццё ўзаемавурычкі і сяброўства”.
Безумоўна, камандаванне моставага батальёна вельмі ўдзячна маці Артура Наталлі Валер’еўне, якая выхавала такога сына, сапраўднага патрыёта краіны. Зараз у мужчыны пачынаецца новы этап у лёсе — цывільнае жыццё. І навыкі, якія атрымаў Сарокін у армейскай школе, тут будуць запатрабаваны не меней, чым на службе.
Сяргей Белка