Тураў прыцягвае навукоўцаў
На сышоўшым тыдні ў старажытным горадзе працавала навукова-практычная канферэнцыя “Гістарычная спадчына Турава”.
Мерапрыемства, якое сёлета прайшло ўжо ў трэці раз, зноў сабрала нямала даследчыкаў мінуўшчыны нашага краю, прычым не толькі з Гомельшчыны. Цікавасць да тэмы праявілі нават спецыялісты з Гродна. Адкрываючы пасяджэнне, пасля прывітання гасцей начальнік аддзела ідеалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Агіевіч падкрэсліў важнасць вывучэння культурнага, фальклорнага і духоўнага патэнцыяла нашых продкаў. Дзякуючы такому навуковаму інтарэсу, у гісторыі паселішча адкрываюцца новыя старонкі. Форум атрымаўся даволі прадстаўнічым, аб’яднаўшы супрацоўнікаў акадэ-міі навук, выкладчыкаў ВНУ, музейшчыкаў рэгіёна.
Падчас плянарных справаздач, напрыклад, аналізавалі 25-гадовую асветніцкую дзейнасць Гомельскага таварыства Кірылы Тураўскага і повязь часоў і традыцый Турава. А ў дзвюх секцыях заслухалі больш за паўтара дзясятка прац, якія тычыліся старажытнасцяў тураўскай зямлі і іншай яе гістарычнай спадчыны. Удзельнікі сустрэчы таксама мелі магчымасць на экскурсіі пазнаёміцца з аб’ектамі гісторыка-культурнага і рэлігійнага турызму, на свае вочы пабачыўшы тое, што даследуюць тэарытычна. Многія пабывалі ў другім па старажытнасці горадзе Беларусі ўпершыню і аказаліся ў захапленні.
Мерапрыемства паказала, што колькі б ні прайшло гадоў, Тураўшчына па-ранейшаму застанецца невычэрпнай крыніцай ведаў, выклікаючы цікавасць мноства вучоных.
Думка
Сяргей Разанаў, галоўны спецыяліст аддзела мастацтва і аховы гісторыка-культурнай спадчыны галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама:
— Падобныя канферэнцыі маюць не толькі навуковы, а і практычны характар. Так, па выніках мінулага пасяджэння ўдакладнены каардынаты некаторых помнікаў археалогіі Жыткавіцкага раёна і дата ўзвядзення Усясвяцкай царквы. На падставе даследванняў высвятлілася, што яна амаль на стагоддзе старэй, чым лічылася раней. Зараз мы займаемся тым, каб унесці адпаведныя змены ў дзяржаўны спіс, пераправіўшы 1890 год пабудовы гэтага культавага аб’екта на 1810-ты.
Усе матэрыялы сёняшняй сустрэчы, як і дзвюх папярэдніх, увойдуць у асобны зборнік, які будзе разасланы па музеях вобласці. Акрамя таго, упершыню мы рыхтуем зварот удзельнікаў канферэнцыі да грамадскасці. Вядома ўжо і тэма наступнага форуму, яна закране малавывучаны перыяд Вялікай Айчыннай вайны — пачатак акупацыі горада і масавае супраціўленне ворагу.
Святлана Шакалян
Фота Дзмітрыя Громава