Медык па прызванню
1980 год. Гэтая дата ў жыцці Валянціны Швец займае асобнае месца. Яна стала вупускніцай Мазырскага медвучылішча, атрымаўшы спецыяльнасць фельчара. Прафесію, пра якую марыла яшчэ ў школе.
Валянціне вельмі падабаліся ўрокі, якія праводзіў спецыяліст мясцовай амбулаторыі па пачатковай урачэбнай падрыхтоўцы. На іх яна была першай вучаніцай, неаднаразова па гэтым прадмеце ўдзельнічала і ў школьных спаборніцтвах, і раённых, дзе была пераможцам і прызёрам. Менавіта гэта і стала штуршком для абрання прафесіі медыка. Пасля заканчэння спецыяльнай медыцынскай установы яе, маладога спецыяліста, накіроўваюць на першае месца працы – фельчарам ФАПа ў вёску Дзедаўка нашага раёна. З гэтага і пачалася медыцынская кар’ера Валянціны Іванаўны. Далей была праца фельдшарам у арганізацыйна-метадычным кабінеце, а з 2003 года яна — галоўная медсястра Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Амаль трыццаць гадоў жыцця аддадзена любімай справе. Але аб тым, што выбрала сабе спецыяльнасць медыка, Валянціна Іванаўна ніколькі не шкадуе. Хаця і нялёгка даводзілася часам, столькі розных выпадкаў надаралася за гэтыя гады ў яе практыцы. Толькі жанчына не з тых, хто апускае рукі перад цяжкасцямі. Многае цяпер успамінае, аналізуе, робіць вывад, што і лепей магла б тады зрабіць. Гэта цяпер, з вышыні гадоў, накопленага вопыту. А тады толькі адна думка была – хутчэй дапамагчы чалавеку справіцца з хваробай, суцішыць яго боль. І зараз у памяці жанчыны трывала захоўваецца выпадак, калі ёй, маладому спецыялісту, прыйшлося прымаць роды ў жанчыны прама ў хаце.
— Уразіла мяне гэта тады вельмі, — гаворыць Валянціна Іванаўна. – Я і падумаць не магла, што мне прыйдзецца прымаць роды прама ў хаце. З ранку прыбегла да мяне суседка парадзіхі і папрасіла наведацца, гаворыць, што ў тае жывот нешта разбалеўся. Я і пайшла, нават ніякага інструменту не прыхапіла, а там жанчына ўжо немаладая раджаць пачала. Страшна стала, але няма чаго стаяць, узялася дапамагаць ёй. Усё прайшло добра, пасля гэтага выклікала хуткую дапамогу і адправіла ў бальніцу.
Не аднаму вяскоўцу прыходзіла яна на дапамогу. У гэтым быў сэнс яе жыцця. Цяпер у Валянціны Іванаўны таксама работа клопатная. Толькі адных падначаленых у яе 402 чалавекі сярэдняга медыцынскага персаналу і 204 малодшага. Менавіта іх работу і арганізоўвае Валянціна Іванаўна, забяспечвае неабходнымі матэрыяламі і інструментамі. Не абыходзіцца і без кантролю. Тут, справядліва лічыць спецыяліст, памылкі ў рабоце медыка не павінны быць, бо ў яго руках самае каштоўнае – чалавечае жыццё.
Валянціна Швец — ветлівы і добразычлівы чалавек. Гэтыя якасці таксама не апошняя ўласцівасць для медыка, бо любы чалавек, асабліва, калі ён хворы, хоча да сябе пяшчоты і спагады. Іх у Валянціны Іванаўны дастаткова як для калег, так і для пацыентаў.
В. ГРИГОРЬЕВ.