Каб не страціць святога штосьці
На Гомельшчыне шырока адсвяткавалі «Славянскія літаратурныя дажынкі». Наш раён апынуўся ў цэнтры падзей гэтага маштабнага і прадстаўнічага форуму. Рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» гожа ўпісаўся ў агульную палітру мерапрыемстваў.
Галоўнай пляцоўкай іх правядзення стаў гарадскі парк імя Міколы Гамолкі. З самай раніцы тут вялася грунтоўная падрыхтоўчая работа: разгортваліся выставы, аздабляліся сцэны, узводзіліся вясковыя падворкі, арганізоўваўся гандаль. Адным словам, стваралася ўсё, каб прысутныя атрымалі ад дзеі асалоду і добры настрой.
Прыемна адзначыць яшчэ адзін момант. За тры гады існавання фестываль значна пашырыў свае межы, аб чым засведчыла вялікая колькасць удзельнікаў з іншых палескіх раёнаў вобласці. Менавіта самадзейныя калектывы з іх і адкрылі праграму ўрачыстасцей, прадэманстраваўшы цудоўнае выканальніцкае майстэрства падчас І рэгіянальнага агляду-конкурсу народнай творчасці «Беларусь – мая мова і песня». Сваімі танцамі і спевамі артысты яскрава паказалі, якая багатая на Палессі фальклорная спадчына, як хораша яе шануюць і беражна перадаюць нашчадкам. Самые прыемныя ўражанні засталіся ад канцэрта, які паказалі прадстаўнікі Лельчыцкага раёна. Ды і гаспадары таксама пастараліся. Буразьскі «Лянок» і рычоўская «Дубравіца», жыткавіцкія «Сваты» і запясоцкі Абібок, дварэцкае «Палессе» – усе гэтыя калектывы шырока адлюстравалі глыбіню танцавальна-песеннага і музычнага мастацтва Жыткаўшчыны.
Не засталіся ўбаку і работнікі бібліятэк, дарэчы, таксама з некалькіх рэгіёнаў вобласці. Іх кніжныя выставы, падмацаваныя розыгрышамі і прэзентацыямі, сталі сімвалам таго, што мастацкае друкаванае слова запатрабавана ў народзе, а пісьменніцкім набыткам аказваецца належная пашана. Нездарма ж свята завецца «Літаратурнымі дажынкамі». Тэатралізаваны музычна-паэтычны марафон «Паэзіі і музыкі саюз», сцэнічная праграма «З літаратурай па жыцці», правядзенне абрадаў палескага рэгіёна сталі выдатным дапаўненнем да выстаў. Госці дзеі змаглі пазнаёміцца з творчымі набыткамі мясцовых пісьменнікаў і паэтаў, а таксама з рэдкімі традыцыямі роднага краю. Не меншае захапленне выклікалі і выставы вырабаў рамеснікаў і дзяцей на згаданую тэматыку «Бабуліна спадчына» і іншыя.
На гэтай вялікай ніве народнай творчасці буйна каласілася і высокае мастацкае слова. Таму паспрыяла вялікая дэлегацыя літаратараў, якія прыехалі на Жыткаўшчыну з Беларусі, Украіны і Расіі. Пісьменнікі і паэты перад тым, як ладзіць творчыя сустрэчы, разам з прадстаўнікамі ўлады аказалі належную пашану воінам і партызанам, што склалі свае галовы, змагаючыся з фашызмам. «І гэта невыпадкова, – адзначаў старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. – Сёлета мінула восемдзясят гадоў з дня, калі пачалася самая крывавая і жорсткая вайна. І мы не павінны забываць тыя ахвяры, якія пакладзены нашымі народамі на алтар перамогі. Асабліва прыкра, што ўсё часцей раздаюцца заклікі, у якіх чуюцца прызывы аб перапісванні гістарычнай праўды, аб памяншэнні ролі Савецкага Саюза ў барацьбе з «карычневай чумой». Да дабра такое не прыводзіць. Пісьменнікі ўласнай творчасцю павінны ўплываць на светапогляд сучаснай моладзі, прывіваць любоў да друкаванага слова. І цяперашняе свята менавіта на гэта скіравана».
За абарону міру і спакою, добрыя ўзаемаадносіны паміж краінамі выказаліся кіраўнікі ўкраінскай і расійскай дэлегацый Анатоль Міроненка і Святлана Макарава-Грыцэнка. Творцы братніх народаў шчодра падзяліліся сваімі літаратурнымі набыткамі са школьнікамі, падаравалі кнігі. А потым пісьменнікі і дзеці прагледзелі фільм пра нашага земляка – героя Мішу Мароза, які цаною ўласнага жыцця выратаваў аднакурснікаў падчас сельгасработ, вынесшы з бульбянога поля снарад часоў вайны. Дарэчы, даведаліся пра гэты подзвіг юнакі і дзяўчаты не толькі з кінастужкі, але і з выставы, якую спецыяльна падрыхтавалі супрацоўнікі кінатэатра.
Урачыстае адкрыццё фестывалю «На зямлі Кірылы Тураўскага» прайшло ў амфітэатры разам з цырымоніяй узнагароджвання пераможцаў і прызёраў творчых конкурсаў. Ярка і палымяна загарэліся на сцэне тры свечкі, як сімвал супрацоўніцтва і сяброўства беларускай, украінскай і рускай літаратур. Гасцей і ўдзельнікаў цёпла прывітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, Ён падзякаваў усім за актыўнасць і ініцыятыўнасць, а таксама ўрычыў прэміі райвыканкама «Палескія росы» тым, хто сваімі здольнасцямі і працай уславіў Жыткаўшчыну. У ліку іх Святлана Балбуцкая, Людміла Кронда, Уладзімір Гаўрыловіч, Міхаіл Дзедавец і надзейныя сябры фестывалю Анатоль Міроненка і калектыў Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа.
– Прыемна, што на маёй малой радзіме ўжо трэці раз ладзіцца імпрэза, якая сабрала пад сваім крылом вялікую колькасць таленавітых людзей, – выказаў свае адносіны да дзеі Уладзімір Гаўрыловіч. Менавіта дзякуючы яго натхненню і энергіі, падтрымцы ўладаў удалося развіць добрую справу дзеля духоўнага працвітання краю. – Канечне, не так і лёгка адбывалася станаўленне свята, але сённяшні яго ўзровень абнадзейвае, што ў будучым яно пашырыць свае межы, бо творчы пачатак вызначае самыя высакародныя якасці чалавека.
Менавіта аб гэтым клапаціўся Кірыла Тураўскі, спадчына якога і праз стагоддзі не губляе сваёй актуальнасці ў царкоўным і грамадскім жыцці.
Сярод тых ураджэнцаў раёна, каму былі ўручаны ўзнагароды за перамогу ў літаратурным змаганні «Табе пяю, малая Радзіма!», прысвечанага памяці пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі, вучаніцы СШ №3 горада Жыткавічы Яўгенія Сахарава, настаўніца гэтай установы Юлія Сахарава, шасцікласніца з Браніслаўскага дзіцячага сада-базавай школы Паліна Гатчэня і педагог установы Алена Таболіч. Апошняя стала таксама прызёрам у адкрытым літаратурным конкурсе «Незабыўны подзвіг. Міша Мароз». Дыпломам трэцяй ступені адзначаны і нашыя калектывы мастацкай самадзейнасці, якія прадстаўлялі раён у конкурсе «Беларусь – мая песня».
Парадаваў усіх госць фестывалю знакаміты кампазітар Эдуард Ханок, які падараваў гледачам цэлую канцэртную праграму. Толькі станоўчыя эмоцыі засталіся і пасля прагляду спектакля Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа «Людзі на балоце».
Зямля Кірылы Тураўскага ў чарговы раз засведчыла, наколькі цёпла і ветліва яна можа прымаць таленавітых людзей, што пастаянна пякуцца аб мастацтве і традыцыях, культуры. І гэтыя якасці немагчыма адабраць у жыхароў раёна, сэрцы якіх заўсёды сагравае, нібы цудадзейнымі, гаючымі зёлкамі, матуліна спадчына.
Сяргей Белка