Салдацкая ўдава Ксенія Купрацэвіч: “Усё жыццё — у працы і клопаце…”
Вайна — назоўнік множнага ліку: няма сям’і, якой бы не кранула яе дыханне. Таму Вялікая Айчынная яшчэ доўга будзе ўспрымацца не проста як частка гістарычнай храналогіі або радок энцыклапедыі, а як частка нашай душы. Такой ўжо была гэтая вайна, што, здаецца, дым яе ўсё яшчэ сцелецца над зямлёю…
Пухаўчанка Ксенія Міхайлаўна Купрацэвіч, здаецца, памятае ўсё. Усё, пра што наўрад ці прачытаеш аб трыццатых, ваенных саракавых, невыносна цяжкіх пяцідзесятых. Слухаючы яе аповед, ловіш сябе на думцы: не напісаная яшчэ, верагодна, тая кніга, дзе будзе расказана аб цяжкім матчыным і працоўным подзвігу салдацкіх жонак.
— Мяне ніколі ж і жыццё не песціла, — распавядае бабуля Ксенія. — Бацька мой хворы быў, прыйшлося рана запрагацца ў працу. У тых, хто багацей жыў, у наймітках была, за даўгі адрабляла. І ў полі, і на сенажаці. Як самі трохі акрэплі ў гаспадарцы — валы з’явіліся, іншая жыўнасць (а сям’я была вялікая, шасцёра дзяцей) — наступіў калгасны час. Усё аддалі за новае жыццё.
…На світанку 41-га не было, мабыць, на свеце нікога шчаслівей тых маладых жанчын, што нядаўна вышлі замуж. Вось што расказвае Ксенія Купрацэвіч пра той час:
— Мой муж, як кажуць на вёсцы пра працавітага чалавека, быў талковым. Як пажаніліся, забраў мяне да сябе — хутар стаяў недалёка каля вёскі Пласток. Маці яго памерла, жылі разам з мужавымі сёстрамі. Што тут казаць: цяжка жылі. Ды і з завіцамі не заўсёды ладна было, але ж старалася я ім дагадзіць. Рабілі не пакладаючы рук. Маладыя ж мы былі, не гультаявалі: куды ні пасылалі, усю работу выконвалі. Я ўсюды працавала, цяжарная не цяжарная — рабі. Аднойчы вечарам прыйшла да хаты з калгаса і нарадзіла сынка свайго…
Трое сыноў ужо чаплялася за падол, даючы перадых маці толькі ўвечар, калі мужа і бацьку забралі на фронт. Што Ксенія Купрацэвіч вытрымала ў вайну, дадзена было зразумець толькі ёй самой, ды яе сяброўкам па няшчасці. Давялося з дзецьмі і ў нямецкім пастарунку пасядзець, страху нацярпецца. Было такое: немцы спаймалі на хутары, хату спалілі. Праз некалькі дзён адпусцілі. А куды пойдзеш? Усё пагарэла. Прыйшлося прасіцца да чужых людзей пераначаваць з малымі дзецьмі, даводзілася галадаць…
Толькі… усё б перажылося, усё б нічога. Але ў канцы вайны пастукалася гора ў яе бяздомную і бяздольную сямейку, што тулялася па чужых хатах. Хацела аднаго: скарэйшай перамогі, вяртання мужа. Не хацела верыць да канца пахаванцы, хавала ў душы надзею на паведамленне, што прапаў без вестак яе суджаны. Прапаў, магчыма жывы?
Засталася адна з дзецьмі, клопат аб іх не дазваляў паслабіцца, паддацца гору. Трэба было сабраць волю ў кулак і працаваць, працаваць, працаваць. Толькі начыма увесь час думалася: а, можа, памылка, можа, вернецца дадому яе муж. Не вярнуўся яе карміцель…
Кажуць жа: “Салдацкая ўдава — горкі лёс”. Ксенія Міхайлаўна Купрацэвіч, застаўшыся адна, навучылася рабіць усё: касіць, араць на канях і каровах, пілаваць і калоць дровы. Яна, як іншыя салдаткі, сама замяніла мужчыну.
Імкненне выжыць цаплялася за адну, галоўную мэту — выгадаваць, захаваць дзяцей, зберагчы іх ад голаду і хвароб, па магчымасці адправіць у школу, хоць і не было часам у чым. Як жа яна марыла: раз не даў Бог шчасця ў сямейным жыцці — праклятая вайна паламала — дык хай хоць дзеці вырастуць, будуць шчаслівыя…
Ксенія Купрацэвіч ніколі не цуралася ніякай працы: калі церлі лён, трапалі, а пасля здавалі — то першая, паўтары нормы заўсёды выдавала на зайздрасць другім, калі капаць уручную канаўкі — і тут яна перадавіца. Нейкі час варыла ў сталовай ежу для настаўнікаў — яе працу цанілі. Але больш працавала ў паляводчай брыгадзе…
— Не пасядзела за жыццё ні хвілінкі, — у вачах бабулькі заўважаю павалоку слёз.
Агорала салдацкая ўдава сабе часовую хатку — купіла ў Марохарава ў аднаго чалавека істопку. У ёй і жыла з дзецьмі. А потым, калі жыццё крыху палепшала, і дыхтоўны дом пабудавала. Аднаму Богу вядома, як яна, удава, змагла яго паставіць. Паставіла. На шчасце.
Цяпер у тым доме сын Аляксандр жыве з сям’ёй. Вялікая ў яго сям’я, ажно пяць дзетак.
— Хай жывуць самі шчасліва, сваім розумам, — заявіла аднойчы валявая маці, якая па жыцці сама вырашала не толькі свае праблемы, але і праблемы сваіх дзяцей. Мабыць, адчула, што двум жанчынам цяжка дагадзіцца каля печы, а яна на здароўе пакуль не скардзілася і магла паклапаціцца пра сябе сама. І ў 78 гадоў купіла сабе старэнькую хатку непадалечку, якраз яе былая гаспадыня з’ехала на сваю Бацькаўшчыну.
Сюды, да маці, прыязджае і яе старэйшы Віктар, які жыве ў Салігорску, сюды, да бабулі Ксеніі, завітвалі ўнукі і праўнукі сына-нябожчыка Мікалая. Яна ўсім была рада. Цяпер усе адведваюць радзей, скардзіцца бабулька. Я сумую па іх.
— У мінулым годзе сын з Салігорска прыязджаў, пажыў трохі са мной. Абяцаў сёлета тое-сеё падрамантаваць. Чакаю…
На пачатку ліпеня 2009 года салдацкай удаве спаўняецца сто гадоў. Векавы юбілей бабуля Ксенія, дзякаваць Богу, сустракае бадзёрай. Адно, на што скардзіцца, дык гэта на вочы:
— Я б і сёння, здаецца, агарод палола, але ж слаба бачу. Эх, кепска, калі чалавек слаба бачыць… Бабулька гаваркая, але раптам замаўкае. Божа, якая яна прыгожая ў сваім задуменні.
Я парушаю цішыню, што на імгненне запоўніла яе невялічкае жытло, пытаюся яе пра той адзіны сакрэт даўгалецця, які б, мабыць, хацелі, “раскрыць” многія. Ксенія Міхайлаўна Купрацэвіч толькі ўздыхае: “Усё жыццё — у працы і клопаце. Вось, напэўна, і ўвесь сакрэт. Хаця, скажу вам, што сваю маці я не перажыла пакуль, яна памерла ў 102 гады… Яна таксама гаравала ўсё жыццё. Што ні кажыце, а вялікага шчасця за гэтыя гады я не пабачыла…”
Салдацкая ўдава… Без мужа, без каханага, без роднага бацькі дзеткам, ды яшчэ ў самыя цяжкія для Айчыны гады выжыла, выстаяла… Яна і ў сто гадоў засталася прыгожай і духоўна багатай. Але калі маладосць фарбуе шчасце, то старасць — жыццё, якім могуць ганарыцца ўнукі. Чаму ж не ганарацца? Чаму так рэдка пераступаюць яе парог, які патрабуе рамонту?! І не толькі парог, але і халодная хатка. Чаму не пераступаюць за гэты парог за жыццёвым урокам гэтай цудоўнай жанчыны аднавяскоўцы? Няўжо, горш жыць стала, як у вайну?
Чаму мы не разумеем, што гэта надзвычай асаблівы — вышэйшы! — гатунак людзей, які, на вялікі жаль, сыходзіць…
Можа, у гэтыя дні хатка стане хоць крыху утульней ёй, стогадовай бабульцы, ад людской увагі… І няхай рука добрых людзей прыкладзе намаганні, каб цяплей стала на яе душы. Яна гэтага заслужыла.
З юбілеем вас, Ксенія Міхайлаўна! Жывіце яшчэ доўга!
У. МІКАЛАЕЎ.