«Лазня» для ўласнага аўто

Прыватны бізнэс у краіне ўсё мацней становіцца на ногі. Ён смялей ідзе ў самыя розныя сферы народнагаспадарчага комплексу, дзе прадпрымальныя беларусы рэалізуюць уласныя здольнасці, ініцыятывы і сродкі, тым самым забяспечваюць не толькі свой дабрабыт, але і тых, каму даюць працу, прыносячы ў жыццё насельніцтва зручнасць і камфорт. Дзякуючы такім падыходам у Жыткавічах працягваецца будаўніцтва мыйкі для аўтатранспарту.

Рэалізуецца праект на тэрыторыі вытворчай базы ПМК-66. Менавіта тут прадпрымальнікі набылі на аўкцыёне надзел зямлі ў 0,2 гектары, дзе і развярнулі будоўлю аб’екта. Ён, кажучы спартыўнай тэрміналогіяй, ужо знаходзіцца на нізкім старце.

– Спецыялісты Жыткавіцкай ПМК-76 узвялі пляцоўку для мыцця машын, праклалі каналізацыю, камунікацыі  для водазабеспячэння, – расказвае камерцыйны дырэктар Анатоль Харанека. – Закуплена і зманціравана тэхналагічнае абсталяванне нямецкай вытворчасці. Абгарадзілі тэрыторыю, падвялі асвятленне. Гэта таксама выканалі жыткаўчане. З найбольш складаных спраў  застаецца пакласці асфальт і надаць усяму яркасці і прывабнасці, аформіўшы знешні выгляд.

Першых кліентаў прадпры-мальнікі плануюць прымаць у канцы восені. Аказваць паслугі на мыйцы плануюць кругласутачна і круглы год, нават у маразы. Для гэтага пляцоўка абсталявана сістэмай падагрэву, каб не намярзала, а вада будзе награвацца з дапамогай блакітнага паліва, праект падачы якога ўжо распрацоўваецца.

Абслугоўваць аўтамабілі ўладальнікі будуць самастойна. Абсталяванне сучаснае, і вельмі простае ў выкарыстанні. Паўсюдна вывесяць інструкцыі па эксплуатацыі. Ды і спецыяліст на пляцоўцы заўсёды падкажа, што рабіць. Штат сфарміруюць з мясцовых жыхароў. У яго абавязкі ўвойдзе не толькі кантроль за тэхналагічным абсталяваннем, але і падтрыманне парадку на тэрыторыі.

– Чалавек  зможа сам вызначыць, колькі часу і якую мыйку ён хоча зрабіць. Паклаў у тэрмінал грошы і дзейнічай. Аўтамат прадастаўляе пяць функцый: змягчэнне і адмыванне бруду, падрыхтоўка да кансервацыі, ахова афарбоўкі аўто і навядзенне бляску без плямаў, – тлумачыць прынцып Анатоль Антонавіч. – Аплата залежыць ад працягласці працэсу. Чым хутчэй вадзіцель будзе рупіцца, тым меней абслугоўванне ўдарыць па кішэні.

Адначасова на мыйцы можна абслужыць пяць адзінак тэхнікі. Разлічана яна на легкавікі, але можна будзе прывесці ў парадак і невялікія грузавікі і аўтобусы.

– Спадзяемся, што нашы паслугі ў райцэнтры будуць запатрабаваны. Да таго ж мы ўжо маем пэўны досвед у гэтай справе. Такі аб’ект працуе ў Альшанах. Любы бізнэс павінен пашырацца і развівацца, тады ён жывы. Таму ставім перад сабой мэту адкрыць цэлую сетку такіх мыек, – падсумоўвае  Анатоль Харанека.

Развівае ён справу дзякуючы сталічным партнёрам. Сродкі на будоўлю – часткова ад дзейнасці адной з альшанскіх піцэрый і крэдытныя рэсурсы банка. У сукупнасці атрымліваецца добрая справа дзеля карысці жыткаўчан.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.