Перамаглі мацнейшыя і сяброўства
БРУСП “Белдзяржстрах” напярэдадні свайго стогадовага юбілею арганізуе нямала карысных і добрых спраў. Днямі ў іх эпіцэнтры апынуліся і Жыткавічы.
Пры спонсарскай падтрымцы кампаніі, па ініцыятыве абласнога ГА «Гомель волейбольный» у рамках праекта «Kids Volley» і практычнай дапамозе Жыткавіцкай ДЮСШ, прайшоў валейбольны турнір сярод дзяўчат 2006-2008 гадоў нараджэння. Дзякуючы сумесным намаганням, спаборніцтвы атрымаліся даволі цікавымі і вострымі і падаравалі нямала станоўчых эмоцый як гульцам, так і заўзятарам.
У спартыўнай зале сярэдняй школы №1 імя Р. Тураўца сабраліся даволі моцныя каманды. Акрамя выхаванак мясцовай ДЮСШ, у змаганні ўдзельнічалі спартсменкі з Лельчыцкага раёна і г.п. Беражное Столінскага. Юных валейбалістак прывіталі ганаровыя госці: Аляксандр Шульгін, дырэктар філіяла Белдзяржстраху па Гомельскай вобласці, яго намеснік Вольга Кудрэвіч, кіраўнік прадстаўніцтва па нашаму раёну Ірына Жогаль, а таксама Юрый Хлапонін, старшыня савета абласнога грамадскага аб’яднання «Гомель волейбольный», і Любоў Вартанян, майстар спорту СССР па валейболу. Усе выступоўцы зычылі, каб перамаглі не толькі мацнейшыя, але і сяброўства. Менавіта гэты пасыл зрабіў станоўчы адбітак на характар гульняў, якія прайшлі ў напружанай і драматычнай барацьбе.
Спачатку на пляцоўку выйшлі каманды з Жыткавічаў і Лельчыц. Лік першай партыі: 22 –25. На жаль, не на нашу карысць. І ў другой гаспадары нічога не змаглі супрацьпаставіць гасцям, таму матч закончыўся перамогай лельчыцкай дружыны: 2-0.
— Сапернік вельмі моцны. Калектыў зыграны і вопытны. І хаця мы прайгралі, але разам з тым атрымалі добрую практыку ў спарынгу з такім апанентам, — зазначыў трэнер нашых дзяўчат Юрый Доваль. — Спадзяюся, што мае выхаванцы зробяць адпаведныя вывады і на другую сустрэчу выйдуць больш сабранымі і атрымаюць жаданы вынік.
Сапраўды, перапынак, пакуль мерыліся сіламі валейбалісткі з Лельчыц і Беражнога, нашым атлеткам пайшоў на карысць. Сустрэчу з камандай са Століншчыны яны распачалі даволі ўдала. Злавіўшы кураж, давялі разрыў у ліку да дзесяці ачкоў. Саперніцы ж з такім станам спраў мірыцца не хацелі, актыўна аказваючы псіхалагічны ціск і сабраўшы волю, так бы мовіць, у кулак, ледзь не пераламілі ход матча. Наша перавага пачала растварацца прама на вачах. Але жыткаўчанкі выстаялі і ў першай партыі з лікам 25-22 святкавалі перамогу. Другая палова матча засталася за валейбалісткамі з Беражнога. І вось трэцяя вырашальная партыя. Дзяўчаты з Брэстчыны ўпэўнена вядуць, з разрывам у тры-чатыры мячы. Адчуваюць важнасць моманту і нашыя зямлячкі. Відаць, яны былі больш матываванымі на перамогу, таму спачатку зраўняліся з саперніцамі, а пасля і дабіліся поспеху. Фінальны свісток суддзі зафіксаваў канчатковыя лічбы сустрэчы: 2-1 на карысць выхаванак Жыткавіцкай ДЮСШ.
— Матч атрымаўся па напалу даволі эмацыянальным, — не хавалі радасці ад перамогі жыткавіцкія валейбалісткі. — Таму ўдвая прыемна атрымаць перамогу над такім сапернікам.
Пачуцці жыткаўчанак зразумелыя. Па-сутнасці яны абыгралі зборную равеснікаў са Столінскага раёна. Надзвычай прыгожым атрымалася саперніцтва і паміж спартсменкамі з суседніх рэгіёнаў. За кожнае ачко яны біліся так, нібы яно з’яўлялася вырашальным. Імклівыя перадачы, трапныя ўдары, упэўненыя прыёмы мяча, высокія блокі над сеткай — усё гэта ўбачылі заўзятары ў гульні.
Канечне, пасля спаборніцтваў каманды выпраменьвалі не толькі станоўчыя эмоцыі, а і пэўныя ноткі расчаравання, што не ўвесь патэнцыянал удалося рэалізаваць на пляцоўцы. Толькі пазітыўны настрой перамог, асабліва пасля ўручэння ўзнагарод, якія прадаставіла кіраўніцтва Белдзяржстраху. Першае месца заваявалі валейбалісткі з Беражнога, другое — з Лельчыц, а трэцяе — з Жыткавічаў. У ліку лепшых гульцоў Ксенія Дарафей (Жыткавічы), Марыя Страха (Беражное) і Юліана Кужаль (Лельчыцы). Яны і каманды атрымалі кубкі, а кожная ўдзельніца і трэнеры — падарунакі. За добрую арганізацыю заахвочаны грашовым сертыфікатам на тры тысячы рублёў і спортінвентаром калектыў нашай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Турнір прадэманстраваў яшчэ адзін важны момант жыцця, дзе маюць месца развіццё дзіцячага спорту і далучэнне маладых да здаровага ладу жыцця.
Сяргей БЕЛКА