Укол, які ратуе жыццё

Жадаеце вакцыніравацца? Тады мы едзем да вас

Імунізацыя супраць каронавіруса з кожным днём набірае тэмпы. Ад гарадскога насельніцтва не адстаюць і вяскоўцы. Каб зрабіць прышчэпку, ім не трэба ехаць у бліжэйшую бальніцу ці паліклініку. Па заяўцы вакцыну даставяць на ФАП.

З дзевяці раніцы да Градаўскога фельдшарска-акушэрскага пункту падцягваецца народ. Сёння ў спісе жадаючых атрымаць ратуючы ўкол – дзесяць чалавек, у тым ліку для дваіх надыйшоў час, каб увесці другі кампанент прэпарату.

– Муж мой прышчапіўся вясною, а я пашкадавала, што з ім тады не пайшла, – пенсіянерка Кацярына Круковіч рашэнне вакцыніравацца прымала свядома. – Глядзім тэлевізар і газеты чытаем, таму ў курсе сітуацыі, наколькі небяспечны той кавід. Дзеці прыязждаюць, унукі на канікулах будуць, трэба засцерагаць і сябе, і тых, хто побач.

Як толькі машына з Жыткавічаў ў спецыяльным перанасным маразільніку прывезла «Спутник V», людзей пачалі запрашаць на медагляд. Распытаць пра хваробы і самаадчуванне, памераць артэрыяльны ціск і тэмпературу, сатурацыю – абавязковыя дзеянні перад уколам. Пасля дазволу фельдшара ФАПа пацыентаў са шпрыцам чакае медсястра Людзяневіцкай амбулаторыі Аляўціна Ярмоленка. Набіраючы папярэдне размарожаны прэпарат, медык расказвае, што калі спачатку вяскоўцаў трэба было літаральна ўгаворваць, то зараз, дзякуючы вялікай інфармацыйнай рабоце, важнасць вакцынацыі сумненню ўжо не падлягае.

Па словах медыцынскіх работнікаў, вялікую ролю тут адыгрывае так званае сарафаннае радыё. Сярод прышчэпленых заразіліся кавідам адзінкі, і хвароба ў іх працякала не ў цяжкай форме. Такія факты становяцца лепшым матыватарам для аднавяскоўцаў, маючых звычку любое новаўвядзенне ацэньваць на іншых.

– У трох вёсках, што ўваходзяць у зону абслугоўвання Градаўскога ФАПа, на месцы імунізацыю супраць каронавіруса прайшлі 59 чалавек, – падводзіць падлікі яго фельдшар Валянціна Хаміцэвіч, – яшчэ некалькі нашых жыхароў «укалоліся» у Людзяневічах. Сумарна гэта набліжаецца да 40 працэнтаў насельніцтва. Лічу, што тэмпы нядрэнныя, і яны будуць павялічвацца. Людзі нарэшце разабраліся і прызналі эфектыўнасць прышчэпкі.

 

Дарэчы

Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва Наталля Цупік паведаміла, што ў кожнай бальніцы і амбулаторыі раёна створаны па адной выязной прышчэпачнай брыгадзе і дзве – у паліклініцы. Яны працуюць па заяўках ФАПаў і прадпрыемстваў. Машына з маразільнікам для транспарціроўкі вакцыны “Спутник V” задзейнічана штодзённа, за выключэннем выхадных.

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.