Думаў, што абміне
Каронавірус не зважае ні на ўзрост, ні на сацыяльны статус, ні на стан здароўя. Бадай, не знойдзеш сёння чалавека, у акружэнні якога знаёмы ці родзіч не перахварэў бы на кавід. Сваёй гісторыяй падзяліўся жыткаўчанін Іван Карась. У сераду, пасля 32-дзённага знаходжання на бальнічным ложку, мужчыну выпісалі са стацыянару.
— Пачалося ўсё з высокай тэмпературы, круціла цела і млявасць вялікая была. На “хуткай” мяне забралі ў бальніцу. Першы тыдзень здаўся найцяжэйшым. Думаў, што канцы аддам, не выйду жывым. Хвароба гэта дужа каварная. Медыкі малайцы, выратавалі. Персанал у хірургічным аддзяленні добры, уважлівы, на ногі мяне паставілі. А хворых такіх цяжкіх пабачыў, пакутуюць многія. Шчасце, што абышоўся без рэанімацыі, пад кіслародам у палаце ляжаў.
Калі трохі апрытомнеў, шкадаваў, што не зрабіў прышчэпку. Я і не супраць вакцынацыі, проста адкладваў, спадзяваўся, можа абміне зараза. Цяпер жа, як толькі канчаткова папраўлюся, абавязкова сам на ўкол пайду і жонку з сынам запрашу. Час такі, без прышчэпкі каронавірус не перамагчы.