Раіса СТРАХ: “Тураўшчына” заўсёды трапляе ў яблычка
Дырэктар згаданага акцыянернага таварыства здолела за параўнальна кароткі час стварыць каманду аднадумцаў, з якой вырашае самыя складаныя задачы.
Раіса Васільеўна з самага маленства ведае пра ўсе складанасці сялянскай працы. Нарадзілася ў вёсцы Талмачава, што ў суседнім Столінскім раёне. А там дзеці рана станавіліся памагатымі бацькоў на агародзе і ў полі. Акрамя хатніх клопатаў, разам з дарослымі шчыравалі і ў калгасе. Менавіта ў працы загартоўваўся характар дзяўчыны, а таксама расло перакананне, што і на зямлі можна заслужыць пашану. Прыкладам служыла ёй маці, Надзея Васільеўна, жыццё якой цесна звязана з жывёлагадоўляй. Таму і дачка прысвяціла ўласны лёс сельгасвытворчасці. Вывучылася на заатэхніка і прыйшла брыгадзірам на верасніцкую малочнатаварную ферму.
— Тады ўмовы ў структурным падраздзяленні былі не роўня цяперашнім, — успамінае Раіса Васільеўна. — Цяжка рупіліся, практычна ўсе працэсы выконваліся ўручную. Па-сапраўднаму ўздыхнулі, калі на ферме правялі капітальную рэканструкцыю і ва ўсім на дапамогу прыйшла механізацыя, што карэнным чынам памяняла і падыходы ў вытворчасці малака.
Хутка ферма пад кіраўніцтвам Раісы Васільеўны стала адной з лепшых у акцыянерным таварыстве, а яе стараннасць прыкмецілі і прызначылі на пасаду галоўнага заатэхніка гаспадаркі. Канечне, абавязкаў і клопатаў у яе пабольшала, цяпер даводзілася адказваць за работу ўсёй галіны. Жанчына і тут не падвяла. Але зрабіла для сябе адну важную выснову, што любы поспех ствараецца не адным чалавекам, а ўсімі працаўнікамі. Галоўнае, правільна паставіць перад імі задачы, накіраваць агульныя высілкі ў патрэбнае рэчышча і абавязкова належна аддзячваць за старанні і прафесіяналізм. Гэтым правілам цяпер кіруецца і на дырэктарскай пасадзе. Менавіта яно дазволіла калектыву гаспадаркі плённа спрацаваць і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі, іншых галінах. Напрыклад, ураджайнасць каласавых у ААТ “Тураўшчына” сёлета адна з самых высокіх у вобласці. Збажыны, насення рапсу, зерня кукурузы сабралі больш як пятнаццаць тысяч тон. Збор яблыкаў таксама ўжо перавысіў тысячу тон, што ў некалькі разоў важэй за мінулагодні. Значна болей назапасілі і кармоў для грамадскага статку. Добры падмурак заклалі і пад будучы ўраджай, пасеяўшы 2500 гектараў азімай пшаніцы і 500 рапсу.
— Безумоўна, радуюся за свой калектыў і ганаруся ім, — не хавае задавальнення кіраўнік. — Гэта дзякуючы іх майстэрству і спрактыкаванасці на абласных «Дажынках» наша гаспадарка была прадстаўлена дзясяткам работнікаў і спецыялістаў.
Саму Раісу Васільеўну на гэты хлебаробскі фэст Гомельшчыны запрасілі ў якасці ганаровага госця. Немалаважным штрыхом да партрэта дэрэктара ААТ “Тураўшчына” з’яўляецца тое, што на раённай Дошцы гонару яе прозвішча прапісана ў ліку лепшых людзей Жыткаўшчыны: у намінацыі “Чалавек ад зямлі”. Праўда, пашана не з паветра ўзялася, а нялёгкай штодзённай працай далася.
Сяргей Белка