У чаканні свята

Кажуць, як 1 студзеня сустрэнеш, так год наступны і правядзеш.

А вы ужо пачалі рыхтавацца да надыходзячых святаў, каб прыкмета спраўдзілася?

Генадзь Макарэвіч, агр. Сяменча:

— З жонкай можам накрыць святочны стол за тры гадзіны. Вясковыя людзі – запаслівыя, ды і магазін пад бокам. Спадзяюся, што на Новы год збярэцца ўся сям’я. Пандэмія не перашкода для сустрэч, калі ўся кампанія прышчэпленая. У нас восем унукаў, столькі і пакетаў з цукеркамі рыхтуем. Бывала для іх уручэння заказваў на рабоце (у райгазе) Дзеда Мароза са Снягуркаю. Малыя потым увесь год пра іх візіт успаміналі.

Ніна ДРУК, г. Жыткавічы:

— А як жа! І працэс ужо ідзе поўным ходам. Прыгледзела ў магазіне новую сукенку, а ў Інтэрнэце – некалькі арыгінальных салатаў і закусак на святочны стол. Так як у сям’і я галоўны Дзед Мароз, то трэба паклапаціцца пра ўтульнасць у кватэры і падаруначкі пад ёлку для мужа, сыноў, нявесткі, любімых унука і ўнучкі. Усе гэтыя пераднавагоднія клопаты толькі ў радасць. На тое і святы, каб адпачыць душою.

Міхаіл Пяшэвіч, г. Тураў:

— Яшчэ ранавата… А што рыхтавацца? Толькі ёлку з кладоўкі дастаць. Шмат гадоў стаўлю штучную, зручна, бо ігліцу не трэба потым збіраць. Ну і, канечне, падарункі абавязкова будуць. Каб не прагадаць, дзецям і ўнукам даю грошы, няхай купяць сабе што самі. А стол накрыць зараз не праблема, то не савецкі дэфіцыт. У магазінах ёсць усё, што душа пажадае. Хапіла б толькі рублёў у кашальку.

Дар’я Галавач, пас. Грэбянёўскі:

— Так, ледзьве не з пачатку снежня стала ўпрыгожваць свой дом. Тата павесіў на вокны «аганькі». Я ўжо замацавала самаробныя гірлянды, а сёння буду выразаць сняжынкі. Такая работа дужа ўздымае настрой. Калі ўсё навокал зіхаціць, то не засумуеш. У застаўшыйся час трэба яшчэ прыдумаць навагодні касцюм. Летась на ранішніку іграла Лісу, а цяпер думаю ператварыцца ў гаспадыню надыходзячага году – Тыгрыцу.

Святлана ШАКАЛЯН. Фота аўтара і з архіва апытваемых

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.