Ад піянераў да «Топаляў»
Дзень ракетных войск стратэгічнага прызначэння адзначаецца 17 снежня. Адсвяткуюць яго і ў нашым райцэнтры, як напамін, што тут дыслацыраваўся 369 гвардзейскі ракетны полк, які амаль сорак гадоў служыў надзейным шчытом бяспекі Савецкага Саюза.
Дзіцячы ўспамін
Упершыню ў ваенным гарадку часці давялося пабываць яшчэ сямікласнікам. Тады мы, навучэнцы вясковай школы, з задавальненнем маршыравалі па плацу, падалі ў пясок, закрываючы вушы ад выбухаў узрыўпакетаў, удзельнічалі ў іншых конкурсах. Але самым незабыўным момантам гэтага спаборніцтва стала, калі салдат даў не толькі патрымаць аўтамат Калашнікава, але і дазволіў яго разабраць і сабраць. Канечне, на той час мы не ведалі, што сапраўдная баявая моц часці знаходзіцца зусім не там, дзе праходзіла наша змаганне, а ў некалькіх кіламетрах далей, у навакольных лясах. Нават, калі выпускніком школы разам з таварышамі зноў апынуўся ў жылой частцы гарадка на трохдзённых зборах, цмяна ўяўлялі пра ўзбраенне злучэння. Для ўсіх самай галоўнай падзеяй мерапрыемства атрымалася тое, што нам далі пастраляць з аўтамата баявымі патронамі. Па шэўронах сяржантаў, якія навучалі нас ваеннай справе, здагадваліся – яны ракетчыкі, але не болей таго. Узгадваю гэта невыпадкова, а каб паказаць, наколькі вялікая ўвага асабовым складам злучэння надавалася патрыятычнаму выхаванню моладзі, бо ўрокі мужнасці праходзілі на практыцы.
У пыл і попел
Наяву ўбачыць асноўную зброю жыткавіцкіх ракетчыкаў удалося ў 1996 годзе і то выпадкова. Будучы настаўнікам, зімнім ранкам дабіраўся да Браніслава. Адразу ж за Жыткавічамі аўтобус спынілі міліцыянеры. Зразумела, прычын не тлумачылі. Хутка ўсё праяснілася, калі з лесу, нібы здані, з прытушанымі фарамі выехалі магутныя цягачы з ракетамі. Няспешна яны пераадолелі шашу і паўз чыгунку накіраваліся да спецыяльнай пляцоўкі на пагрузку. Відавочна, глядзець у некалькіх дзясятках метрах на сакрэтную зброю Савецкай Арміі для звычайнага чалавека было справай неспадзяванай. Не кожны мог такім пахваліцца. Толькі гэта іншая пара: развал Саюза, парад суверэнітэтай і вывад вайсковага злучэння з Жыткавічаў у Расійскую Федэрацыю. У раёне захоўваюць памяць пра той час, калі 369 гвардзейскі ракетны полк нёс сваё баявое дзяжурства і не даваў спакойна спаць натаўскім і амерыканскім генералам. Што не кажы, а «Топалі», якія базіраваліся ў Жыткавічах, маглі ператварыць у пыл і попел самыя буйныя паселішчы на другім канцы свету, на адлегласці больш як дзесяць тысяч кіламетраў. Праўда, да таго, калі яны паступілі на ўзбраенне часці, прайшло тры дзясяткі гадоў.
Служба мёдам
не здавалася
Ракетны полк у нашым гарадку пачаў фарміравацца ў 1959 годзе, калі сюды прыбыў Уладзімір Аляксандраў, першы камандзір, з групай афіцэраў. Іх уразіла ўбогасць гарнізона, да гэтага тут дыслацыравалася артылерыйская брыгада. Пахіленыя будынкі і дашчатыя навесы, перабоі з электрычнасцю і адсутнасць дарог, недастатак жылля для афіцэраў і другі беспарадак не спрыялі стварэнню баявога злучэння новага тыпу. Але асабовы склад, які падбіраўся даволі сур’ёзна, неадкладна пачаў перабудову. Разам з узвядзеннем неабходнай інфаструктуры вялася баявая і палітычная падрыхтоўка салдат і афіцэраў. Для чаго самастойна абсталявалі ўласны вучэбны цэнтр, куды ўстанавілі першую ракету і неабходныя прыборы для яе запуску. Усё трымалася ў вялікім сакрэце, а распаўсюджванне чутак адразу ж прадухілялася кампетэнтнымі органамі. Як не гавары, а схаваць распачатае вялікае будаўніцтва было надзвычай складана. Для недапушчэння ўцечкі інфармацыі нават прыбягалі да хітрасцяў. З гэтай мэтай у гарнізоне пакінулі некалькі гаўбіц, каб збіць цікаўных з панталыку. Праз два гады камандзірам дывізіі, у якую ўваходзіў полк, быў аддадзены загад: прыступіць да баявога дзяжурства. Першай гэта зрабіла чацвёртая батарэя першага дывізіёна. Ёй паставілі задачу ажыццявіць умоўны пуск ракеты Р-12 у начны час. Выдатная вывучка салдат і афіцэраў дазволіла справіцца з заданнем бездакорна. У наступным, заступаючы на баявыя дзяжурствы, кожны інструктаж заканчваўся словамі: «Дывізіёну для абароны нашай Радзімы, СССР, на баявое дзяжурства заступіць». У тым жа годзе палку ўручылі Баявы Чырвоны Сцяг. Адбылося гэта 20 чэрвеня. У той дзень у часці прайшло шмат урачыстасцяў.
Вучоба ў палку не спынялася ні на хвіліну. Яе паспяховасці спрыялі і прысваенне класнасці ваеннаслужбоўцам, і арганізацыя саперніцтва паміж дывізіёнамі, а таксама пастаянныя трэніроўкі на палігонах. Таму майстэрства жыткавіцкіх ракетчыкаў расло, яны ўмела вывучалі новыя віды ўзбраення. Так, у 1976 годзе полк атрымаў комплексы «Піянер». Жыткаўчане асвоілі іх аднымі з першых ва ўсіх ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Вось як расказвае пра падзею камандзір узвода разведкі і баявой аховы Леанід Юхневіч, які праслужыў у палку 23 гады:
– Навучанне ішло бесперапынна. Два разы на год знаходзіліся на баявых стартавых пляцоўках па сорак пяць сутак жылі ў палявых умовах. Усе здавалі залікі і экзамены. Па-іншаму і быць не магло, адказнасць ляжала на нашых плячах вялікая. Таму для кожнага афіцэра і салдата выезды на палігоны былі справай звычайнай. Тым больш што полк за сваю гісторыю пераўзбройваўся неаднаразова, і новая тэхніка патрабавала адпаведных ведаў і практычных навыкаў пры эксплуатацыі і прымяненні. Усяго адзін факт аб нашым прафесіяналізме: дзесяць чалавек, якія служылі ў часці, сталі генераламі і ўзначалілі буйныя вайсковыя злучэнні і вучылішчы.
Падцягнуліся ракетчыкі не толькі ў вывучцы, але і сацыяльным быце. Жыткаўчанне марылі трапіць у ваенны гарадок, каб наведаць тамашнія крамы і прыдбаць дэфіцытных тавараў. З’явіліся клуб і сталовая, сучасныя дамы, стадыён, школа, садзік і іншыя выгоды для жыцця. Добры быт сямей дазваляў афіцэрам, прапаршчыкам больш часу аддаваць абранай справе.
Памяць ветэранская
– Шкада, што так усё скончылася для часці, – разважае Леанід Сяргеевіч. – Але мы не забываем пра нашы гераічныя будні, хаця з дня расфарміравання прайшло дваццаць пяць гадоў. Стараемся пра іх данесці маладому пакаленню. Я ўзначальваю ветэранскую арганізацыю ваеннаслужачых раёна. У яе складзе і 52 ракетчыкі. Гэта людзі актыўныя, удзельнічаюць у многіх патрыятычных акцыях, сустракаюцца са школьнікамі, ушаноўваюць памяць воінаў, якія загінулі ў гады вайны. У першых радах заўсёды Віктар Багамаз, Мікалай Кузьміч, Сяргей Кучарэнка, Мікалай Партнягін і іншыя вайскоўцы.
Вось і 17 снежня ў 16 гадзін ветэраны-ракетчыкі 369 гвардзейскага палка збяруцца ў ваенным гарадку на мерапрыемства, каб аказаць павагу да сваіх саслужыўцаў, успомніць маладосць, традыцыі злучэння, абмеркаваць надзённыя справы. І гэта правільна, бо сумленна заслужылі, стоячы на ахове руюяжоў сваёй Радзімы.
Сяргей Белка