Паляпшаецца стан трасы паміж вёскай Марохарава і аграгарадком Сяменча
У апошнія дні значна паляпшаецца стан трасы паміж вёскай Марохарава і аграгарадком Сяменча. Ініцыятарам гэтых пераўтварэнняў стала кіраўніцтва акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі ТБЗ”. Заняцца рамонтам дарогі прадпрыемства вымусілі вытворчыя абставіны. Па ёй мяркуецца дастаўляць у брыкетны цэх сыравіну з новай пляцоўкі, якая знаходзіцца ля населенага пункта Замошша. Згаданы вышэй участак, які знаходзіўся ў непрыглядным стане, плануецца аднавіць капітальна. Для гэтага спецыялісты ДЭУ-111 вядуць суцэльную падсыпку палатна шчэбнем і адсевам, а таксама ажыццяўляюць выраўніванне. Каб хутчэй выканаць неабходны аб’ём, работы распачаты з двух бакоў.