Шан Мін і Мія
У адзін дзень мінулага тыдня аддзел загс райвыканкама зарэгістраваў адразу дваіх немаўлят, нарадзіўшыхся ў інтэрнацыянальных сем’ях.
Радасць у сям’ю Чжан прыйшла 24 лістапада са з’яўленнем першынца. Бацькі — беларуска Анастасія і кітаец Пэн — далі хлопчыку імя Шан Мін, якое можна перакласці як “яркае святло”. Пара пазнаёмілася па перапісцы, а шлюб заключыла ў Мінску. Новаяўленая маці да дэкрэтнага водпуску выкладала музыку па класу скрыпкі ў ДШМ імя У. Будніка, а бацька працуе дызайнерам у камп’ютарнай сферы.
Другое пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці выдалі Анастасіі і Раўшону Сабіржанавым. Яны сталі бацькамі дзяўчынкі 29 лістапада. Дачку назвалі Мія. Узбекская сям’я мужчыны не адзін год жыве ў Жыткавічах, радзіма маладой маці – горад Добруш. Першая іх сустрэча адбылася падчас вучобы ў адным з гомельскіх каледжаў.
Дарэчы, як адзначыла загадчык аддзела запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкама Клаўдзія Мароз, сёлета сваіх дзетак у нас таксама рэгістравалі грамадзяне Малдовы, Расійскай Федэрацыі, Польшчы і Украіны.
Святлана Шакалян
Фота герояў публікацый