Дабрабыт стараннай працай даецца
Жыткаўшчына – рэгіён з устойлівым сацыяльна-эканамічным патэнцыялам, які штогод імкнуцца прымножыць. Сёлета ў гэтым накірунку таксама намечана ажыццявіць нямала розных праектаў і мерапрыемстваў. Дзякуючы ім адміністрацыйная тэрыторыя стане прывабнейшай для жыцця людзей. Менавіта высілкі ўлады, працоўных калектываў засяроджаны на тым, каб планы ператварыць у рэальнасць.
Лакаматыў эканомікі
Індэкс прамысловай вытворчасці на бягучы год прагназуецца на ўзроўні 103 працэнтаў. З пяці прадпрыемстваў асноўныя аб’ёмы вырабу прадукцыі прыходзяцца на ААТ «Тураўскі малочны камбінат». Нягледзячы на тое, што акцыянернае таварыства выйшла летась на праектную магутнасць, тут і ў 2022 плануюць рост на 1,5 працэнта. Дасягаць гэтага паказчыка сыраробы збіраюцца за кошт мадэрнізацыі.
Будаўніцтва дарогі для вывазу з палёў торфу, замена сістэм абяспылвання з выкарыстаннем новых тэхналогій, далейшае ўдасканаленне вытворчых працэсаў – гэта асноўныя шляхі для забеспячэння бесперабойнай работы ААТ «Жыткавіцкі ТБЗ». У гэтым годзе яго калектывам плануецца выпусціць паліўных брыкетаў сто тысяч тон (у 2021 – 99,1 тысячы тон). І гэта пры праектнай магутнасці – 90 тысяч тон.
У аснову паспяховага развіцця акцыянерных таварыстваў «Сатурн-1» і «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод» пакладзена далейшае нарошчванне наменклатуры прадукцыі. Напрыклад, на першым прадпрыемстве яна ўжо ўключае паўтысячы найменняў, што дае магчымасць на сто працэнтаў загрузіць магутнасці і заключаць новыя кантракты. На ЖМЗ за два апошнія гады запушчана ў серыйную вытворчасць два дзясяткі новых відаў вырабаў. Павелічэнне іх выпуску, а таксама асваенне мадэрнізіраванага вузла прываду гідрапомпы будуць садзейнічаць росту аб’ёмаў і ў гэтым калектыве, які да таго ж намераны ўмацаваць дзелавыя стасункі з ААТ «Гомсельмаш».
Нам любыя дарагія партнёры
Рост экспарту тавараў у 2022 годзе прагназуецца на чатыры працэнты са станоўчым сальда знешнегандлёвай дзейнасці.
Ёю летась займаліся 17 суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўлялі пастаўкі ў 34 краіны. Асноўныя аб’ёмы экспарту, як і годам раней (90 працэнтаў), лягуць на ААТ «Тураўскі малочны камбінат». Акцыянернае таварыства плануе працягваць дыверсіфікацыю рынкаў збыту, павелічэнне іх пакрыцця ў краінах, куды ўжо пастаўлялася прадукцыя. Акрамя сыроў прадпрыемствы раёна наросцяць адгрузку ў іншыя дзяржавы помпаў шасцяронных, паліўных брыкетаў, вырабаў дрэваапрацоўкі.
Немалая роля ў экспартнай састаўной рэгіёна залежыць і ад прыватнікаў. Так, ААТ «Сатурн», на долю якога прыходзіцца амаль палова экспарту сярод прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці, значна наросціць пастаўкі ўласнай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю.
Грузаперавозкі, турызм, медыцына – гэта тыя галіны, якія будуць забяспечваць выкананне паказчыкаў па экспарту паслуг. Іх рост у бягучым годзе ў параўнанні з папярэднім запланаваны на два працэнты.
Шмат укладваеш, нямала і маеш
У эканоміку раёна плануецца прыцягнуць 138 мільёнаў рублёў інвестыцый з тэмпам росту да 2021 года на 10 працэнтаў.
Немалыя сумы ў развіццё ўласнай вытворчасці і інфраструктуры гатовыя ўкладваць многія прадпрыемствы. Напрыклад, Жыткавіцкі лясгас намераны закупіць лесанарыхтоўчай і лесагаспадарчай тэхнікі на пяць з паловай мільёнаў рублёў. Адзінаццаць мільёнаў будзе накіравана на паляпшэнне транспартных артэрый, у прыватнасці, у рэканструкцыю нафтаправода «Мазыр-Брэст». ВУ «Жыткавічыгаз» плануе будаўніцтва новага газаправода высокага ціску на Тураўшчыне. Таксама ў гэтай арганізацыі абновяць Тураўскі вытворчы ўчастак і бытавыя карпусы на асноўнай базе. Вялікія перамены чакаюць і жыткавіцкую аўтазаправачную станцыю. У райцэнтры пачнуць узводзіць вялікі магазін «Санта». Гэтым праектам прадугледжваецца асваенне 1,4 мільёна рублёў і адкрыццё 30 новых рабочых месцаў. Шмат спраў будзе праведзена і на меліярацыйных аб’ектах рэгіёна, а таксама ў аграрным сектары. Тут буйнейшыя праекты – будаўніцтва сялянскай гаспадаркай М.Р. Шруба ў вёсцы Хільчыцы малочна-таварнага комплексу на 2000 дойных кароў, а таксама капітальны рамонт невыкарыстоўваемага аб’екта пад ферму для ўзнаўлення статка.
Хто будуе
Увесці ў эксплуатацыю 18373 м2 жылля – такая задача пастаўлена перад будаўнікамі рэгіёна. Амаль дванаццаць тысяч метраў квадпратных узвядуць у шматпавярховых дамах, астатнюю плошчу – у індывідуальных. Дарэчы, апошні від будаўніцтва выклікае вялікую зацікаўленасць. Каб задаволіць попыт, запраектаваны новы раён сядзібнай забудовы «Подаўж-3» на 327 надзелаў. Да 178 з іх ужо выкананы работы па стварэнню транспартнай інфраструктуры, падведзены сеткі газа-электра-водазабеспячэння. У гэтым годзе такая праца будзе выканана яшчэ да 149 участкаў.
Толькі купляй
Плануемы рост аб’ёмаў рознічнага гандлю чакаецца ў памеры 150 мільёнаў рублёў з павелічэннем на 3,4 працэнта. Як пралічылі спецыялісты, паказчык мяркуецца выканаць за кошт адкрыцця пяці новых гандлёвых кропак і павелічэння тавараабароту ў дзеючых, у тым ліку тых 29, што расчынілі дзверы летась. Гэта такія буйныя гандлёвыя сеткі як «Мэбля Пінскдрэў», ЗАТ «Дабраном», «Мегатоп», «Пятруха». Дарэчы, за тры гады ў раёне прададзена шэсць надзелаў, на якіх узводзяцца гандлёвыя аб’екты.
Калі жаданні супадаюць з магчымасцямі
У бягучым годзе павышэнне эфектыўнасці аграрнай галіны прагназуецца на 2,5 працэнта. Усяго запланавана давесці вытворчасць прадукцыі сельгаспрадпрыемствамі да 98,6 мільёна рублёў. Жывёлагадоўля забяспечыць прырост на 4,1 працэнта. Вынікі працы ў першыя месяцы года паказваюць, што вяскоўцы даволі ўпэўнена ўзяліся за справу. Так, вытворчасць малака павялічылася на 23 працэнты, а продаж – на 26,5. Ёсць магчымасці для большага. Той жа МТК «Дзякавічы» на 2400 кароў, які здадзены ў эксплуатацыю нядаўна. Значна лепей аграрыі сёлета спраўляюцца і з рамонтам тэхнікі, што дазволіць намнога тэхналагічней выканаць работы на палетках і сенажацях, дзе таксама разлічваць на прыбаўку.
Жыць не тужыць
Эканамічны рост ва ўсіх галінах народнагаспадарчага комплексу дазволіць паспяхова развіваць і сацыяльную сферу. Напрыклад, толькі праект па абсталяванні кабінета КТ і аснашчэнне яго апаратурай ў раённай бальніцы пацягне амаль мільён рублёў. Сто дзесяць тысяч будзе патрачана КУП «Жыткавіцкі камунальнік» на замену сетак цепла- і гарачага водазабеспячэння па вуліцы Прыазёрная. І пералік усяго, што ў раёне на бягучы год запланавана дзеля паляпшэння жыццядзейнасці людзей можна працягваць бясконца. Бо і ў адукацыі, і ў культуры, і ў спорце, і ў добраўпарадкаванні паселішчаў калектывы прыкладуць намаганні па далейшаму развіццю.
Сяргей Белка