Святая памяць Перамогі (ЦЭНТРАЛЬНАЯ ПЛОШЧА — ПОМНІК ВОІНАМ І ПАРТЫЗАНАМ)

С
ВЯТА Перамогі. Яго 67-ю гадавіну на Жыткаўшчыне адзначалі шматлікімі ўрачыстас-цямі, якія прайшлі ў многіх населеных пунктах. Асабліва масавымі яны былі ў райцэнтры.
Што настаў вялікі дзень мая, з якім прыйшла чарговая гадавіна свята Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне нашага народа над фашызмам, у горадзе адчувалася з самага рання. Ва ўсіх мікрараёнах гучалі музыка і песні ваенных гадоў, словы спецыяльнага выпуску радыёгазеты. З самай раніцы можна было бачыць на вуліцах і ветэранаў, святочныя касцюмы якіх упрыгожвалі шматлікія ўзнагароды, што блішчалі пад прамянямі нават невельмі яркага сонца. Людзі, якія сваім гераізмам заваявалі гэтае свята, спяшаліся да будынка райвыканкама, каб потым дружна прыняць удзел ва ўрачыстасцях. Але ім усё ж даводзілася не раз прыпыніцца на сваім шляху, каб выслухаць словы ўдзячнасці і віншаванняў ад жыхароў райцэнтра, што ў гэты час таксама апынуліся на вуліцы.
Бліжэй да адзінаццатай гадзіны цэнтральная плошча горада ўжо гула ад людскіх галасоў. Менавіта сюды пачалі падыходзіць гараджане і госці райцэнтра. Шмат у каго на грудзях красаваліся банты, павязаныя з георгіеўскай стужкі — сімвала мужнасці і гераізму. Многія з іх неслі кветкі і вянкі, каб потым ушанаваць памяць загінуўшых воінаў у гады вайны. Па адным, а часцей цэлымі групамі людзі далучаліся да святочнай калоны, якая выстройвалася на плошчы і штохвілінна расла нібы на дражджах. У хуткім часе да прадстаўнікоў працоўных калектываў горада далучыліся і ветэраны вайны, прадстаўнікі раённай улады.
На плошчы, перад ганкам кінатэатра, і распачаўся святочны мітынг з нагоды 67-й гадавіны Дня Перамогі. Ва ўрачыстым маўчанні застылі ўдзельнікі мітынгу, калі выконваўся Дзяржаўны гімн. Пранікнёна гучалі вершаваныя радкі, якія зачытвалі вядучыя мерапрыемства. Яны ж прадаставілі слова для віншавання кіраўніку раёна Мікалаю Какору. Мікалай Міхайлавіч ад шчырага сэрца павіншаваў ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама гараджан з Днём Перамогі, згадаў, якой крывёй яна далася нашаму народу, пра той гераізм франтавікоў, партызан, працаўнікоў тылу, што ў гады вайны цаной шматлікіх ахвяр разграмілі моцнага і жорсткага ворага. Маладыя пакаленні памятаюць пра гэта, і той мір і спакой, што цяпер мае наша незалежная краіна, неабходна берагчы, мацаваць сумленнай і стараннай працай, робячы нашу дзяржаву яшчэ больш заможнай і квітнеючай.
Са словамі віншаванняў і ўдзячнасці таксама на мітынгу да жыткаўчан звярнуліся дэпутат абласнога Савета Міхаіл Саскевіч, вучаніца гімназіі, актывістка БРСМ Кацярына Чарнагалова, выхаванцы гарадскіх навучальных устаноў. У сваіх прамовах кожны з іх дзякаваў ветэранам за мірнае неба над галавой, адзначалі, што іх гераізм на палях вайны дазваляе моладзі плённа вучыцца і працаваць. Падчас мітынга старшыня райвыканкама Мікалай Какора, яго намеснік Валерый Рагалевіч, старшыня райсавета Ніна Рамановіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч усклалі кветкі да помнікаў У. Леніна і загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў у Афганістане. Таксама вянкі прадстаўнікамі органаў улады былі ўскладзены і да іншых помнікаў Жыткавіч.
Пасля святочнага шэсця мітынг быў працягнуты ля помніка загінуўшым воінам і партызанам. На ім да жыткаўчан звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч і благачынны Тураўскай акругі, пратаіерэй Генадзь Хаткевіч. У жалобнай хвіліне маўчання схілілі гараджане галовы ў памяць аб тых, хто загінуў, здабываючы Перамогу. Гэтак жа ў памяць аб загінуўшых жыхары горада пад гукі жалобнай музыкі ўскладвалі да помніка кветкі і вянкі. Гулкім рэхам у паветры прагучалі залпы салюта.
Прайшоўшы мітынг у каторы раз засведчыў, што памяць аб Перамозе над фашызмам і тых змагарах, хто яе набліжаў, для кожнага жыткаўчаніна святая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.