Старому – новае жыццё
У КСУПе “Бялёў” з мэтай павелічэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі робяць стаўку на рэканструкцыю фермаў. Зараз актыўна вядуцца работы ў кароўніку на аднайменнай МТФ.
— Пуставала памяшканне не адно дзесяцігоддзе, — расказвае дырэктар гаспадаркі Аляксандр Талмачовец. — Але грамадскае пагалоўе расце. Яго вялікая скучанасць зусім не спрыяе паспяховай працы жывёлаводаў. Таму і вырашылі задзейнічаць будынак, які не выкарыстоўваўся. Тым больш што ён знаходзіўся ў здавальняючым стане.
Зразумела, каб працаваць там па сучасных тэхналогіях патрабавалася карэнная перабудова. Для гэтага кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства запрасіла спецыялістаў з ПМК-76, якія і ўзяліся за справу. Спачатку памяшканне ачысцілі ад старога абсталявання, падлогі, кармушак. Потым разбілі стойлы, кармавыя праходы, усё выраўнялі, засыпалі матэрыялам для бетаніравання. Зараз апошні працэс практычна завяршаецца.
— Работы засталося не так і шмат. Ужо ў маі плануем паставіць тут першых кароў, — расказвае Аляксандр Леанідавіч. — Статак будзе ўтрымлівацца бяспрывязна на мяккай падсцілцы, што аблегчыць працу па гноевыдаленню. Яе станем праводзіць механізавана. Заменіць тэхніка людзей і на кармленні. Даенне ажыццяўляцімем у нашым ДМБ, што таксама станоўча паўплывае на вытворчасць малака.
Пасля таго, як будаўнікі закончаць свае справы, у абноўленым памяшканні размесцяць дзве сотні галоў дойнага статку. Як сцвярджае кіраўнік, за тую суму, а рэканструкцыя абыдзецца ў 360 тысяч рублёў, гэта даволі добры набытак для жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі. Да таго ж маюцца ў КСУПе і іншыя планы, каб пустуючая маёмасць прыносіла карысць.
Сяргей Белка
Фота Аляксандра Кіцуры