Мая зямля. Мая гаспадарка
Станіслаў Козел даўно прапісаўся ў кагорце перадавікоў не толькі камунальнага сельгаспрадпрыемства “Коленскае”, але і Жыткаўшчыны.
Гэта сталася дзякуючы ўласнай стараннасці, вялікай любові да абранай справы і роднай зямлі, якой прысвечана амаль паўстагоддзя. Станіслаў Пятровіч шчыруе механізатарам. Ён дасканала спазнаў сакрэты нялёгкай прафесіі. Таму і з пасяўным агрэгатам можа ўправіцца, і са збожжаўборачным камбайнам, і з іншымі сельскагаспадарчымі машынамі. А зараз яму даручылі не меней адказны ўчастак работы – кармленне грамадскага статка. І тут руплівец не падводзіць. Работу ён пачынае адным з першых. Жывёла, толькі пачуўшы раніцай гул яго трактара, вітае работніка вясёлым рыкам. З пачаткам вясны статак гаспадаркі перавялі на пашавае ўтрыманне. І тут без Станіслава Пятровіча таксама не абыходзіцца. Ён своечасова дастаўляе на выпас ваду, па меры паядання травы перацягвае ёмістасць бліжэй да гурта. Адным словам, робіць усё, каб кароўкам было зручна ў зялёнай сталоўцы.
Многімі ўзнагародамі адзначана майстэрства Станіслава Козела. І гэта найгалоўнейшае сведчанне таго, што чалавек знайшоў сябе ў жыцці і па праву можа ганарыцца тым укладам, які зрабіў дзеля працвітання роднай зямлі і гаспадаркі.
Сяргей Белка