Сабраў сяброў карагод
Старажытны Пагост і сёлета прадэманстраваў, як тутэйшы старадаўні абрад можа стаць асновай для знакавай культурнай падзеі. У вёсцы ўпершыню на свята Юр’я зладзілі фестываль народнай творчасці “Юраўскі карагод збірае сяброў”.
Безумоўна, асноўная дзея творчага саперніцтва фальклорных калектываў Жыткаўшчыны і не толькі распачалася пасля правядзення традыцыйных магічных дзеянняў: шэсця жыхароў і гасцей на збожжавы палетак, выканання там юраўскіх песен, вітання гаспадароў. Толькі зрабіўшы належна ўсе неабходныя рытуалы, удзельнікі мерапрыемства пачалі весяліцца. Наведвалі выставы мясцовых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама ўмельцаў з Азяранскага раённага цэнтра рамёстваў.
Гучнымі апладысментамі сустрэлі першы калектыў. Ім стаў народны ансамбль «Дубравіца» Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры. Адкрыць урачыстасць яму выпала невыпадкова. Манера выканання тамашніх артыстак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. «Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці — Сцвігі». Далей музычныя нумары ліліся несціханна. Іх ад душы дарылі жыхарам і гасцям Пагоста вакалісткі чэрніцкай «Спасаўкі», буразьскага «Лянка», запясоцкія Абібокі. З рытмамі старажытных беларускіх танцаў гледачоў пазнаёміў ансамбль «Напарачка» Любанскага раённага цэнтра культуры. Праграмы кожнага калектыву спадабаліся не толькі аматарам народнай творчасці, але і спецыялістам. Аб гэтым пасля канцэрта не прамінула сказаць вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц. Словы пахвалы ў адрас удзельнікаў яна падмацавала дыпломамі «Пагосцкая падзяка» і сувенірамі, якія ўручыла кожнаму ансамблю. Як заўважыла кіраўнік раённага цэнтра традыцыйнай культуры і фальклору Любоў Трафімовіч, свята засведчыла, наколькі на Жыткаўшчыны моцныя карані ў народнай спадчыны і як шмат людзей аберагаюць гэты духоўны скарб, каб перадаць яго нашчадкам.
Сяргей Белка