Нам засталася спадчына
Немалы ўнёсак у захаванне традыцыйнай мастацкай культуры на тэрыторыі рэгіёна робіць раённы цэнтр фальклору. Спецыялісты гэтай установы культуры вось ужо напрацягу дзесяці гадоў па крупінках збіраюць, узнаўляюць шматлікія формы і віды народнага мастацтва, што зарадзіліся і бытуюць у нашым раёне.
Поле дзеяння для работнікаў цэнтра фальклору даволі значнае – 107 населеных пунктаў. Дапамогу ў гэтай працы аказваюць работнікі сельскіх устаноў культуры, з якімі цесна супрацоўнічае цэнтр фальклору. Свой уклад уносяць у адраджэнне святаў і абрадаў і носьбіты фальклору, якія з вялікім задавальненнем прадстаўляюць інфармацыю. Такіх людзей на ўліку цэнтра фальклору налічваецца 120 чалавек. З імі пастаянна падтрымліваюцца цесныя сувязі. Варта адзначыць, што менавіта дзякуючы гэтай рабоце ўдалося аднавіць нямала цікавых традыцыйных абрадаў і свят, што бытавалі ў нашым раёне.
— Толькі за апошнія гады выязджалі ў вёскі Сямурадцы, Чэрнічы, Пагост, Хільчыцы, Хачэнь, Хваенск, Запясочча, дзе ад носьбітаў фальклору запісана бытаванне кірмашоў, якія праходзілі ў населеных пунктах, а таксама народныя святы “Саракі” і “Стрэчанне”, сямейна-абрадавыя “Пярэзвы” і “Пірагі”, — расказвае цяперашні дырэктар цэнтра фальклору Кацярына Міхнавец. — Запісана ў вёсках Чэрнічы, Буразь, Сямурадцы, Пагост 15 народных песень. Яны цяпер значна ўзбагацілі рэпертуар народнага ансамбля народнай песні “Сваты”, калектыва мастацкай самадзейнасці Грэбеньскага сельскага клуба. Увогуле, праводзімая праца паказвае, наколькі багатая народная культурная спадчына Жыткаўшчыны, якая абумоўлена мясцовымі традыцыямі і каларытам, непаўторнасцю і разнастайнасцю.
З гэтымі словамі спецыяліста нельга не пагадзіцца. Узяць для прыкладу тыя ж Каляды. Здаецца, што ўжо ўсё пра іх вядома, але, як паказала даследчыцкая дзейнасць цэнтра фальклору, і тут у розных населеных пунктах маюцца свае адметнасці. У вёсцы Мілевічы падчас правядзення абрада выкарыстоўваецца Журавель, а вось ў Грычынавічах замест казы чамусьці водзяць казла, якому спяваюць і адпаведныя песні: “Ну, ну казёл, павярніся і гаспадарам пакланіся”. Акрамя казла, цыган вадзіў і прадаваў кабылу, а цыганка варажыла, а журавель гэтым часам шнырыў у пошуках прысмакаў. А вось падчас калядавання ў вёсцы Хільчыцы пад вакном гаспадароў скакаў зайчык.
Нельга не адзначыць, што падчас збіральніцкай дзейнасці многія гэтыя святы атрымалі другое жыццё. Таксама высветлілася, што на Жыткаўшчыне поўнасцю захаваўся народны касцюм: андарак, кабат, сарочка, фартух, намётка, пояс, кажух, палатняныя штаны, лапці, пасталы.
Вывучэнне народных традыцый вядзецца раённым цэнтрам фальклору ўсебакова, каб перадаць усю палітру багацця традыцыйнага мастацтва роднага краю. Для гэтага пры цэнтры створаны і працуюць сем фарміраванняў, кожнае з якіх адказвае за пэўны накірунак у гэтай дзейнасці. Так, народны клуб аматараў народнай творчасці “Вечарына” вядзе актыўную работу па выяўленні народных майстроў, носьбітаў фальклору, наладжвае правядзенне выстаў дыкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падтрымлівае імкненні рамеснікаў па перадачы сваіх ведаў і ўменняў малодшым пакаленням.
Дыкаратыўна прыкладное мастацтва ў раёне развіваецца на аснове нацыянальных традыцый мясцовага мастацтва. Як паказвае вопыт работы спецыялістаў цэнтра фальклору, у раёне развіты рамёствы: ткацтва, вышыўка крыжом і гладдзю, вязанне, лозапляценне, разьба па дрэве, вырабы коўдр і са скуры, бісерапляценне. Нямала зроблена і робіцца цэнтрам фальклору з дапамогай клубных фарміраванняў па выяўленню народных майстроў. Гэта праца прыносіць неблагі вынік. У раёне выяўлена і прыцягнута да работы 148 майстроў разнастайных промыслаў. Гэта дазваляе пастаянна арганізоўваць разнастайныя выставы дыкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У сучасным гарадскім інтэр’еры з густам глядзяцца посцілкі, дываны, сурвэткі, ручнікі, вырабы з саломы, лазы, скуры.
— З павагай адносяцца ў раёне да майстроў і носьбітаў фальклору, — зазначае Кацярына Міхайлаўна. — У гонар іх творчай дзейнасці ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, вечарыны, што мае станоўчы рэзананс у насельніцтва рэгіёна. Ды і папулярызацыя народнага мастацтва, народных традыцый з’яўляецца першачарговай задачай у дзейнасці цэнтра фальклору. Для нас важна не толькі выявіць і запісаць старадаўнія абрад, песню, але яшчэ і данесці іх да цяперашняга пакалення. Паспяхова з гэтай задачай спраўляюцца такія фарміраванні пры нашым цэнтры, як клуб знаўцаў аўтэнтычнага фальклору “Бацькаўшчына”, дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Спадчына”, народны ансамбль народнай песні “Сваты”, творчая лабараторыя “Вытокі”, аматарскае аб’яднанне ігры на гармоніку “Жыткавіцкі гармонік”. Менавіта дзякуючы іх намаганням песні і абрады гучаць і ставяцца на сцэнах устаноў культуры, у навучальных установах раёна.
Частыя госці жыткавіцкія носьбіты народных традыцый і фальклору на тэлебачанні. У здымках праграм рэспубліканскага тэлебачання прымалі ўдзел з рознымі абрадамі самадзейныя артысты Сямурадскага, Чэрніцкага, Пагосцкага, Хільчыцкага і іншых устаноў культуры раёна. Дарэчы, у хуткім часе работнікамі тэлебачання будуць зняты яшчэ некалькі праграм аб традыцыйнай культуры нашага рэгіёна. Ды і на разнастайных выставах майстэрства рамеснікаў жыткавіцкага краю адзначалася самымі высокімі ўзнагародамі.
Несумненна, справа па адраджэнні і папулярызацыі культурнай спадчыны нашых продкаў будзе працягвацца і надалей, бо яшчэ маецца ў ёй многа цікавага і невядомага, якое зможа значна ўзбагаціць духоўнае жыццё цяперашняга пакалення.