У пятніцу Жыткаўшчыну чакае вялікі фэст

Ужо ў пятніцу Жыткаўшчыну чакае вялікі фэст — фестываль літаратуры, культуры, мастацтваў і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”. Аб знакавасці для рэгіёна гэтага мерапрыемства гутарым з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргеем Агіевічам.

— Сяргей Віктаравіч, вось ужо і чацвёрты раз нам выпадзе магчымасць атрымаць асалоду ад духоўных скарбаў роднага краю.

— Сапраўды, гэта так. І важнасць мерапрыемства мне бачыцца не толькі ў тым, але і ў наладжванні добрасуседзкіх адносін. Прыезд літаратараў з Расіі, Украіны і Беларусі ў значнай ступені дазваляе ўмацоўваць  і пашыраць такія сувязі на духоўнай аснове. І мова, літаратура гэтаму працэсу спрыяе найлепш, бо творцы брацкіх народаў імкнуцца данесці да нас прыгажосць слова.

— Разам з тым фестываль напаўняецца новым зместам?

— Несумненна, што год ад году мы ўносім у мерапрыемства навінкі. Напрыклад, летась правялі першы рэгіянальны агляд-конкурс народнай творчасці “Беларусь — мая мова і песня”. Творчае змаганне знайшло нямала прыхільнікаў, таму і сёлета нашыя калектывы парадуюць гледачоў сваімі выступленнямі. Вялікі творчы патэнцыял нашых рамеснікаў і мастакоў можна будзе ацаніць на шматлікіх выставах. Кожны зможа дакрануцца і да вытокаў народных традыцый, азнаёміўшыся з абрадамі раёна.

— Напэўна, і сёлета без навізны не абыдземся?

— Так. Новых элементаў чакаецца шмат. Асабліва для юных удзельнікаў. Пройдзе конкурс чытальнікаў “Гучы слова Купалы і Коласа”. Вялікі песенны  і музычны конкурс адбудзецца  ў Жыткавіцкай дзіцячай школе мастацтваў імя Уладзіміра Будніка. Канечне ж, цікавасць выклічуць  творчыя сустрэчы з пісьменнікамі з Расіі, Украіны і Беларусі, якія традыцыйна праводзяцца з моладдзю. Увогуле, хачу зазначыць, што фестываль “На зямлі Кірылы Тураўскага” надзвычай шмат дае магчымасцей раскрыцца маладым талентам. І не толькі ў літаратуры, але і іншых відах мастацтваў: музыцы, спевах, маляванні і гэтак далей. Скажу шчыра, што мяне асабліва радуе, у нашым раёне вельмі шмат творчай моладзі, якая імкнецца да прыгожага.

— Давайце вернемся да традыцыйных мерапрыемстваў фестывалю.

— За чатыры гады іх склалася нямала. Гэта і ўрачыстая цырымонія адкрыцця, а таксама конкурс паэзіі і прозы, які праводзіцца абласной пісьменніцкай арганізацыяй.  Імпануе, што ў ім спрабуюць паказаць свой паэтычны дар шмат ураджэнцаў раёна. І не толькі дарослыя,  але і дзеці.  Мяркуючы па той колькасці ўзнагарод,  якія ўручаюцца на мерапрыемстве пераможцам і прызёрам, хочацца адзначыць, што дасылаюцца на конкурс творы даволі высокамастацкія. Ацэнку ім даюць прафесіяналы, якія выдатна разбіраюцца ў літаратуры. І атрымаць дыплом за ўласны верш гэта вельмі ганарова.

— Сяргей Віктаравіч, фестываль “На зямлі Кірылы Тураўскага” не толькі добрая лакацыя для  развіцця творчых здольнасцей, пашырэння добрасуседскіх адносін, але і захавання нашай гістарычнай памяці.

— Папулярызацыя нашых старадаўніх традыцый, абрадаў, рамёстваў, якая ідзе на фэсце, дае магчымасць моладзі ўбачыць іх у першазданным выглядзе, адчуць той дух і каларыт беларушчыны, каб  назаўсёды пранікнуцца — ім і захаваць багатую спадчыну для наступных пакаленняў. У Год гістарычнай памяці гэта набывае асаблівы сэнс і гучанне, што мы беларусы і гэтым ганарымся.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.