У Жыткавіцкім раёне мужчына, які падпаліў магазін, атрымаў дзевяць гадоў калоніі
Помста, якая глыбока сядзела ўнутры трыццацігадовага вяскоўца, пакуль ён адбываў пакаранне за раней учыненае злачынства, зноў прывяла мужчыну на лаву падсудных. Прычым абвінавачваўся ён адразу па двух цяжкіх артыкулах крымінальнага кодэксу.
На крывую сцежку
Ступіў на яе грамадзянін С., як толькі дасягнуў паўнагадовага ўзросту. Абумоўлена гэта было сямейным выхаваннем. Недабранадзейнасць у іх ячэйцы праяўлялася ва ўсім. Хлопец рос бязбацькавічам. Маці замест таго, каб удзяляць увагу дзецям, часцей заглядвала ў шклянку. Ды і сам С. рана паспрабаваў спіртное. На гэтай аснове і фарміраваўся яго светапогляд, ладзіліся стасункі з аднавяскоўцамі.
Магчыма, каб падняць у іх вачах уласны аўтарытэт, ён і зрабіў у п’яным стане сваё першае злачынства – паразбіваў у мясцовым сельскім Доме культуры вокны. Па галоўцы за такі ганебны ўчынак правасуддзе не пагладзіла, а далі год і два месяцы турмы. Спадзяваліся, што адумаецца. Усё ж у калоніі жыццё не цукар. Тэрмін пакарання прайшоў хутка, тады юнак вярнуўся на малую радзіму. Але нядоўга ўдыхаў вольнае паветра. Зноў напіўся і разбіў шыбы ў адміністрацыйным будынку мясцовай гаспадаркі. Чарговы тэрмін – год і тры месяцы.
Трэцюю судзімасць набыў за аналагічнае злачынства. Але Феміда ўжо была больш строгай і накіравала злаўмысніка ў турму на тры з паловай гады. Дарэчы, у кожным прысудзе асобна прадпісвалася, каб С. пазбавіўся пагубнай прывычкі. Відаць, і гэта не дапамагло вярнуцца на шлях правільны. Пасля адсідкі цяга да алкаголю прывяла яго ў мясцовую прыватную краму. Пагражаючы нажом, ён запатрабаваў у прадаўца даць яму дзве бутэлькі гарэлкі і столькі ж пачак цыгарэт. Грабёж сярод белага дня пацягнуў аж на пяць з паловай гадоў зняволення. За гэта злачынец і затаіў злобу на магазін. Заўважым, не на гаспадароў яго, якіх нават не ведаў, і не на прадаўцоў, а менавіта на гандлёвую кропку. Ёй пасля адсідкі і планаваў адпомсціць, палічыўшы, што ўсе яго беды ад гэтага аб’екта. Свой план абдумваў увесь апошні перыяд пакарання.
Расправа
Выйшаўшы з турмы, грамадзянін С. на тыдні два стаў законапаслухмяным. Азначаны перыяд не ўжываў спіртнога, нават падрабляў у прадпрымальніка. Але цягнулася гэта нядоўга. Праз паўтара месяцы разам з братам добра выпілі: спачатку піва, а потым гарэлкі. Такая акалічнасць і стала адпраўным пунктам для помсты. Пасля таго, як крама зачынілася, мужчына ноччу накіраваўся да яе. Скрынка запалак, што шаргацела ў кішэні, акрэсліла план дзеянняў. «Спаліць! І толькі спаліць ненавісны магазін! Гэта ж з-за яго прыйшлося столькі адпакутаваць за кратамі», – свідравала ў галаве адна думка.
Свой намер пачаў ажыццяўляць адразу. Падняў з клумбы камень і разбіў акно. Потым знайшоў на кратах дзвярэй анучу, што павесілі сушыцца прадаўцы пасля прыборкі. Злаўмыснік падпаліў яе і закінуў у разбітую шыбу. Адышоў ад крамы на бяспечную адлегоасць і хвілін сорак чакаў пакуль «чырвоны певень» разбушуецца ўнутры. Толькі полымя ахапіла ўвесь будынак, спакойна пайшоў дахаты. Суседзі, якія заўважылі зарыва, неадкладна выклікалі супрацоўнікаў МНС.
Нягледзячы на іх аператыўнасць, выратаваць матэрыяльныя каштоўнасці і сам будынак не ўдалося. Ад яго засталіся толькі сцены, ды ўцалелі ацяпляльны кацёл і брыкет у складзе. Нанесены ўрон уладальніку памяшкання і яго арандатару атрымаўся даволі салідным. Як было ўстаноўлена падчас следства, ён склаў амаль сто семдзясят тысяч рублёў. Агонь знішчыў не толькі тавары, але і тэхналагічнае абсталяванне.
Пакаранне
Віноўніка злачынства праваахоўнікі знайшлі хутка. Ён падчас раследавання не таіўся, падрабязна на месцы расказаў і паказаў, як дзейнічаў. Усе факты былі прад’яўлены суду ў якасці доказаў. Ды і сам мужчына на пасяджэнні шчыра раскаяўся ў садзеяным. Хаця паверылася ў тое з цяжкасцю. Вось што засведчыла гаспадыня гандлёвага аб’екта:
– Не любоў да нашага магазіна мужчына выказваў пастаянна. Раней разбіваў вокны, псаваў дзверы, кідаўся на прадаўцоў з нажом. Але прабачала пастаянна. Не хацелася ламаць лёс чалавеку турмой. Можа і дарма так рабіла. Калі б раней звярнулася да праваахоўнікаў, магчыма, і не было б гэтага падпалу.
Прадпрымальніца ў якасці пагашэння матэрыяльных страт запатрабавала ў суда, каб злаўмыснік выплаціў ёй 50000 рублёў. Суд улічыў усе довады і бакоў абвінавачвання і абароны і прысудзіў злачынцу да дзевяці гадоў калоніі. Успрыняў гэтае рашэнне С. амаль спакойна, толькі яшчэ мацней падціснуў губы, бо не спадзяваўся на такую суровасць Феміды. Задаволілі і іск гаспадыні. Цяпер у вяскоўца будзе нямала часу, каб адумацца і змяніць уласныя жыццёвыя арыенціры.
Дарэчы, падсудны можа абскардзіць вынесены прыгавор ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ў вышэйшых судовых інстанцыях.
Сяргей Белка