У справу правапарадку
Штодзённа дабраахвотныя народныя дружыны з прадстаўнікоў працоўных калектываў дапамагаюць праваахоўнікам падтрымліваць правапарадак на гарадскіх вуліцах.
У шэсць вечара ўжо цемнавата. Але менавіта а гэтай гадзіне ў райаддзеле міліцыі назіраецца наплыў людзей у цывільным аддзенні, якім выпала роля памагатых супрацоўнікам РАУС. Трэцяга лістапада павязкі дружыннікаў прымерылі і работнікі рэдакцыі. Усё пачалося са звычайнай працэдуры рэгістрацыі і інструктажу. Мы ўзброіліся неабходнымі ведамі, і рэдакцыйную ДНД накіравалі да месца будучай «службы». Напачатку ім аказалася пляцоўка ля гандлёвага цэнтра «Дабраном», дзе нас перадалі ў распараджэнне міліцэйскага патруля ў складзе камандзіра патрульна-паставой службы Сяргея Струка, міліцыянера ППСМ Максіма Віннікава і ўчастковага інспектара міліцыі, Крысціны Галыгінай. Апошняе здзівіла, асабліва, калі даведаліся, што маладая дзяўчына пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы і перападрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры МУС месяц служыць на такой клопатнай і адказнай пасадзе.
Першае заданне аказалася не вельмі складаным – выяўляць тых грамадзян, што ў цемры не мелі пры сабе флікераў. Тым больш што ў гэты дзень праводзілася прафілактычнае мерапрыемства, скіраванае на выяўленне такіх недахопаў у дарожным руху.
– На жаль, за лета людзі раслабіліся і пакуль яшчэ не ўсвядомілі, што, каб бяспечна рухацца па вуліцах, неабходна сябе абазначыць святлоадлюстроўваючымі элементамі, – канстатуе начальнік аддзела міліцыі райвыканкама Аляксандр Ахрамовіч. – Зараз настойліва нагадваем грамадзянам аб гэтым. Так, прыбягаем не толькі да ўшчуванняў, але і больш строгіх мераў. Але выбіраць не даводзіцца, захаваць здароўе і жыццё людзей найважней.
Ля магазіна парадак. Садзімся ў міліцэйскі УАЗік і рухаемся, як называюць у простанароддзі, у гарадскі мікрараён Бярэжжа. Тут і адбылася першая сустрэча з парушальнікам, які не меў флікера. За час дзяжурства, яно доўжылася да адзінаццаці вечара, супрацоўнікі міліцыі, з якімі патруліравалі, выявілі два выпадкі супрацьпраўных паводзін. За змену работнікам РАУС давялося разбірацца па дванаццаці розных фактах парушэнняў правапарадку.
Усяго ў раёне дзейнічае сорак пяць дабраахвотных народных дружын, у якія ўваходзяць прадстаўнікі 31 арганізацыі і прадпрыемства, а таксама сельсаветаў. Асабліва плённа яны дапамагалі міліцыянерам у выяўленні нецвярозых грамадзян падчас купальнага сезону на гарадскім пляжы. Дзейснай працы ад іх чакаюць і ў будучым.
Сяргей Белка. Фота Аляксандра Кіцуры