Жыткаўшчына стала дыялогавай пляцоўкай для аграрыяў Гомельшчыны і Брэстчыны

На гэтым тыдні Жыткаўшчына стала дыялогавай пляцоўкай для аграрыяў Гомельшчыны і Брэстчыны па абмену вопытам у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Такая шчырая размова суседзяў на адміністрацыйнай мяжы з’явілася невыпадковай.

Жыткавіцкі гарадскі цэнтр культуры гудзе ад людскіх галасоў. Старшыні райвыканкамаў, начальнікі, кіраўнікі і спецыялісты райсельгасхарчаў і гаспадарак  нашай вобласці,  перш чым сабрацца на нараду ў актавай зале, з вялікім задавальненнем і захапленнем знаёміліся з духоўнымі каштоўнасцямі раёна. На выставах – не толькі вырабы майстроў традыцыйных промыслаў, але і набыткі ў вобласці літаратуры, гісторыі, культуры, творчай фантазіі  маладога пакалення.

Але, як толькі ўдзельнікі семінара займалі месцы, усе адразу пераключаліся на дзелавы лад  – размовы аб духоўным плаўна пераходзілі ў матэрыяльнае рэчышча. Перамаўляліся аб надзённым: рамонт тэхнікі, надоі і прывагі, запас кармоў і іншыя клопаты, якіх у вяскоўцаў хапае. Першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Козел ва ўступным слове коратка акрэсліў мэту прадстаўнічага мерапрыемства – дэталёва азнаёміцца  са здабыткамі ў жывёлагадоўчай галіне калег з суседняга рэгіёна, каб потым ужо на практыцы прымяніць іх вопыт у сябе. Далейшы ход семінара паказаў, што павучыцца гамяльчанам ёсць чаму. І не таму, што суседзі абдзелены прамысловымі гігантамі, і сельская гаспадарка адыгрывае важную ролю ва ўмацаванні эканамічнага патэнцыялу, а па тых падыходах, што прымяняюцца ў АПК і дазваляюць дабівацца  лепшых дасягненняў у рэспубліцы.

Першы намеснік начальніка камітэта  сельскай гаспадаркі і харчавання Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Буткевіч, а менавіта ён і правёў курс лекцый, даволі грунтоўна падышоў да  пастаўленай задачы. Найперш прааналізаваў умовы рэгіёнаў для развіцця сельгасвытворчасці. У нас і ў суседзяў яны амаль аднолькавыя: і клімат абоіх выпрабоўвае спякотамі і засухамі, і зямель меліярыраваных і не надта ўрадлівых набярэцца нямала, і гаспадарак практычна роўная колькасць, разам з тым працуем па-рознаму. Хаця гадоў дванаццаць назад знаходзіліся ў аднолькавым становішчы. І работа жывёлагадоўчай галіны, асабліва яе малочны вектар, за развіццё якога там і ўзяліся даволі сур’ёзна з улікам мясцовых магчымасцей, найлепш аб гэтым сведчыць.  Пачынаючы з 2010 года, брэсцкія працаўнікі фермаў пастаянна нарошчваюць вытворчасць малака. За акрэслены перыяд у рэспубліканскім бідоне – іх кожная чацвёртая тона. А гэта, калі браць за дзевяць месяцаў, амаль паўтара мільёна  літраў. І цяпер Брэстчына мае рост вытворчасці малака больш як на тры працэнты. У нас жа, вобразна кажучы, атрымліваецца таптанне на месцы: год гамяльчане прыбаўляюць, а на наступны – адбаўляюць. Таму  здабытак за сёлетнія дзевяць месяцаў намнога сціплейшы – усяго 651522 тоны сырадою і да папярэдняга года  толькі 95,3 працэнта. Канечне, у нас ёсць раёны і гаспадаркі, дзе працуюць вельмі плённа. Той жа Мазырскі, які трывала замацаваўся сярод лідараў – «малочнікаў» краіны. Але, як справядліва было заўважана на семінары, гэта толькі невялікія ачагі стабільнасці, тады як  у суседзяў  яны з’яўляюцца кропкамі нестабільнасці.

Паляпшаць сітуацыю ў малочнай жывёлагадоўлі  калегі пачалі з таго, што наладзілі эфектыўнае кіраванне зверху да нізу. Яно стала асновай  для перамен у арганізацыі працы і ўкаранення сучасных тэхналогій.  Гэта дазваляла вызначаць прыярытэтныя напрамкі. Па іх і рухаліся. Практычна гэта выглядала так.  Прынялі рашэнне – вырасціць высокапрадуктыўны здаровы дойны статак. Стварылі для гэтага ўмовы, і справа пайшла. Цяпер суседзі не маюць праблем з рамонтным пагалоўем. Сваімі цялушкамі запаўняюць новыя комплексы, якіх толькі за апошнія тры гады збудавалі амаль сотню.

«Колькасць. Якасць. Асартымент» – гэта формула, па якой спецыялісты суседняй вобласці працуюць з кармамі. Тэхналагічна вядзецца і іх спажыванне. Усё з улікам паказчыкаў прадуктыўнасці і навуковым падыходам. Кожная сіласная або сянажная траншэя адкрываецца толькі пасля заключэння абласной спецыялізаванай лабараторыі, якая аснашчана самым сучасным абсталяваннем. Яе спецыялісты ацэньваюць спажыўнасць корму больш як па паўсотні паказчыкаў. Несумненна, гэта дае таксама жадаемы вынік, нават пры недахопе фуражу дойны статак атрымлівае паўнацэнныя рацыёны згодна з фізіялагічнымі патрэбамі. Дарэчы, Сяргей Буткевіч прапанаваў скарыстацца магчымасцямі ўстановы і гамяльчанам. Варта сказаць, што даследаванні з’яўляюцца асновай для канструктыўнага дыялогу паміж аграномам, інжынерам, заатэхнікам, бо даюць спецыялістам рэальныя лічбы для аналізу ўпушчэнняў на палетках і сенажацях, падчас запаўнення траншэй кормам. Праблемы існавалі і існуюць заўсёды, нават там, дзе працуюць паспяхова. Але яны іншага характару.

Сяргей Канстанцінавіч падрабязна адказаў і на пытанні. У прыватнасці, яго калегу Вольгу Варановіч цікавіла, як ажыццяўляецца догляд і кармленне цялят-малочнікаў да двух месяцаў. Падчас адказу дакладчык акрамя тэхналагічных аспектаў спыніўся і на матывацыі даглядчыкаў.  Чым больш  здаровага і тлустага маладняку перадалі яны далей, тым важэйшае матэрыяльнае ўзнагароджванне работнік атрымлівае.

Падсумоўваючы вынікі семінару, яго ўдзельнікі высока ацанілі атрыманую інфармацыю. Многія выказаліся за тое, каб пабываць на жывёлагадоўчых аб’ектах суседзяў.  Але кожным падкрэслена, што калі ёсць добрыя надоі і прывагі, тады і эканоміка гаспадарак упэўнена трымаецца, а людзі маюць высокія заробкі.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.