Дзверы Жыткавіцкага сацыяльнага педагагічнага цэнтра з прытулкам не зачыняюцца ад гасцей
У гэтыя перадсвяточныя дні дзверы Жыткавіцкага сацыяльнага педагагічнага цэнтра з прытулкам не зачыняюцца ад гасцей.
У сераду да выхаванцаў установы завіталі прадстаўнікі дэпутацкага коруса краіны: Ірына Кралевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, памочнік дэпутата Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алега Слінько Іна Хамутоўская і старшыня Жыткавіцкага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш. Падчас візіту ў цэнтры панаваў святочны настрой, было шмат радасці і іншых прыемных эмоцый.
Для гэтага хлопчыкі і дзяўчынкі разам з педагогамі пастараліся загадзя. Зрабілі карнавальныя касцюмы, устанавілі і ўпрыгожылі ялінку, вывучылі вершы і танцы. У такой гатоўнасці і сустрэлі прадстаўнікоў заканадаўчай улады. Таму і мерапрыемства з іх удзелам атрымалася даволі пазітыўным.
Пачалося яно з тэатралізаванага прадстаўлення, рэй ў якім вялі Тыгра, Трус, а потым Дзед Мароз і Снягурка, ролі якіх выканалі артысты раённага цэнтра традыцыйнай культуры і фальклору. Яны смяшылі дзяцей і гасцей дасціпнымі жартамі, загадвалі загадкі, частавалі цукеркамі, вадзілі разам карагоды. Кульмінацыяй жа навагодняй вечарыны стала ўручэнне падарункаў. Госці прыпаслі іх нямала. Віншуючы рабят і педагогаў, Іна Міхайлаўна ўручыла ўстанове на гаспадарчыя патрэбы грашовы сертыфікат. А Ірына Кралевіч і Уладзімір Кулеш раздалі пакункі з прысмакамі. Як заўважыла Ірына Мікалаеўна, святочны настрой павінен быць у кожнага дзіцяці, нягледзячы на розныя жыццёвыя перапетыі. І дзяржава ў асобе нашага Прэзідэнта не пакіне ў бядзе ні аднаго падлетка, бо менавіта ім будаваць яе будучыню.
Сяргей Белка