Праз пакуты і смутак

Кожны з нас спадзяецца жыць не проста доўга, а бясконца доўга, марыць пра вялікія здзяйсненні. Пра гэта думалі і дванаццаць юнакоў з Ленінскага сельскага Савета, якія выконвалі  інтэрнацыянальны абавязак у Дэмакратычнай рэспубліцы Афганістан.

І жыццё раптам абрываецца ў дарагіх нам людзей. Трое з іх не вярнуліся да сваіх бацькоў, каханых, сяброў. Але жывуць пакаленні, якія пра іх не забываюць. У сям’і Федаровічаў з Грычынавіч нарадзілася тройня: Юрый, Уладзімір і Валерый. Хлопцы пасля заканчэння Жыткавіцкага СПТВ №45 былі прызваны на службу ў Савецкую Армію. Васямнаццацігадовыя юнакі не маглі нават уявіць, якія іспыты рыхтуе ім  лёс і як яны за два гады  зменяцца. Тое, з чым прыйдзецца сутыкнуцца падчас службы, Юрый Федаровіч убачыў у 1982 годзе ў вучэбным цэнтры ў Туркменіі, адкуль шлях ляжаў у самае сэрца гарачай кропкі. Тры месяцы навабранцы заўзята асвойвалі вайсковую прафесію на горнай мясцовасці, потым служба ў Афганістане ў горадзе Герат з верасня 1982 года  па люты 1984. Смерць пільнавала Юрыя і яго двух братоў, як і іншых воінаў, на кожным   выступе афганскіх гор. Яны не раз траплялі пад абстрэл і бачылі, як смерць забірала іх таварышаў. Юрый  расказвае,  што ўдалечыні ад Радзімы час як быццам запавольвае свой бег і кожны дзень становіцца падобным на цэлае жыццё. Жыццё працягласцю ў адно баявое заданне. Жыццё, у якім кожны дзень адчуваеш боль і ў думках развітваешся з вернымі таварышамі. Свісталі кулі над галавой, побач узрываліся міны і гранаты,  а пастаўленае заданне трэба было выканаць любой цаной, нягледзячы на страты і, здавалася б, бязвыхаднае становішча. Юрый дадае, што  яму не сорамна прызнацца  пра  страх, які не пакідаў яго ні на хвіліну. У зоне адказнасці мотастралковага палка быў небяспечны і напружаны ўчастак, дзе праходзілі караваны маджахедаў. Яны моцна ахоўваліся, палку даводзілася захопліваць іх, зачышчаць   зялёную зону.

Але якімі б страшнымі ні былі падзеі той вайны, салдаты заўсёды стараліся знаходзіць нешта вясёлае. Вечарамі спявалі песні пад гітару, збіраліся каля вогнішча і доўга размаўлялі або проста маўчалі і думалі аб чымсьці сваім. Гэта, па словах Юрыя Федаровіча, ратавала ў цяжкую хвіліну і адцягвала ад самотных думак. Сыны шкадавалі  бацькоў і стараліся хаваць ад іх страшную праўду пра вайну ў Афганістане. Родныя  чыталі ў лістах пра  салдацкія будні, пра таварышаў і аб тым, як прыязджалі падымаць баявы дух воінаў-афганцаў артысты. Як бацькі  радаваліся, калі з-за тысячы  кіламетраў вярталіся лісты з адказам… У лютым 1984 года Федаровічаў чакала доўгая дарога дамоў. Бацькоўскі дом у Грычынавічах сустрэў цішынёй і спакоем.

“Было жахлівае пачуццё, калі побач хто-небудзь гінуў. Здаецца, ну ўсё — наступная куля дакладна мая. Няма чаго ўтойваць: усе так думалі”, — дзеліцца  думкамі наш зямляк.

З таго часу прайшло больш за тры дзясяткі гадоў, але ў мужчыны не атрымліваецца сцерці з памяці час, які прайшоў удалечыні ад родных людзей і бацькоўскага дома. Юрый гаворыць, што ён часта бачыць у снах твары баявых таварышаў, гарачыя жоўтыя пяскі, яркае сонца і схілы высокіх гор, зноў чуе галасы душманаў і гучныя выбухі снарадаў. Пасля вяртання за Юрыем замацавалася мянушка душман. Можа, з-за таго, што  хлопцы чорныя, як гракі, ці з-за таго, што служылі ў Афгане. Аднавяскоўцы не ўкладваюць у яе нейкай абразы ці здзеку. Аб той вайне мужчына цяпер гаварыць не любіць. Як і тысячы юнакоў, ён проста выконваў воінскі абавязак і заставаўся верным прысязе. Знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад роднага дому, марыў назаўсёды развітацца з краінай гор. Але тады ён не ведаў, што Афган  назаўсёды. Час не лечыць, а раны, пакінутыя на сэрцы, усё яшчэ баляць. Падчас нашай размовы некалькі разоў гучала фраза: «Было ўсё…», пасля якой наступала цішыня…

Мірнае жыццё адразу закружыла ў віры падзей. Былы салдат праз два месяцы ўладкаваўся ў ААТ “Лунінецлес”, потым — у саўгас “Ленінскі”. Зараз працуе ў Ленінскім лясніцтве. У Леніне  сустрэў будучую жонку. Сёлета яны адзначаць 30-годдзе сумеснага жыцця. Дочкі, якіх у Федаровічаў пяць, атрымалі медыцынскую і педагагічную  адукацыю. Малодшая Дзіяна вучыцца ў школе. Сын Давід  ужо дарослы і па кантракце служыць у арміі. Часта распытвае бацьку пра Афганістан. Напярэдадні 15 лютага яны з сынам зноў перагартаюць альбом з фотаздымкамі. На старых, пажоўклых картках салдат у далёкім Афганістане. Побач з ім — маладыя, статныя хлопцы, твары якіх упрыгожваюць шчырыя ўсмешкі. Некаторыя з іх так і не вярнуліся дамоў, але памяць аб іх жыве. Афганскае сяброўства вытрымала шмат выпрабаванняў. Юрый і цяпер падтрымлівае сувязь з аднапалчанамі.  За мужнасць і воінскую адвагу, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане, Юрый узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа” і іншымі дзяржаўнымі адзнакамі.

Васіль  Вярэніч,

агр. Ленін

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.