Здароўе не перашкодзіць збыцца мары
Прызыўная кампанія на тэрміновую вайсковую службу ў краіне набірае разгон. Зараз юнакоў выклікаюць у ваенныя камісарыяты для праходжання медыцынскіх камісій.
Дзякуючы сумеснай пастанове Міністэрстваў абароны і аховы здароўя ад 18 студзеня 2023 года №1/10, у маладых людзей з’явіцца больш шанцаў стаць вайскоўцам і паступіць у Ваенную Акадэмію і на ваенныя факультэты.
Як пракаменціравалі нова-ўвядзенні ў абаронным ведамстве, яны выкліканы шэрагам аб’ектыўных прычын. І ў першую чаргу тым, што паступае шмат зваротаў грамадзян, якія лічаць: патрабаванні да стану здароўя значна завышаны і не дазваляюць юнакам ажыццявіць мару – звязаць уласны лёс з арміяй.
– Летась стаць афіцэрамі пажадалі 22 ураджэнцы нашага раёна, – канстатуе начальнік групы прызыву ваеннага камісарыята Жыткавіцкага раёна капітан Арцём Палянскі. – Пяцярым кандыдатам не ўдалося зрабіць задуманага па стану здароўя. Не магу сказаць з-за якіх хвароб, бо ў нас няма асабістых спраў юнакоў, але ж аналагічны малюнак назіраецца і з навабранцамі. Гэта мая другая прызыўная кампанія ў раёне. Падчас веснавой 72 чалавекі менавіта па здароўі не сталі ў вайсковыя шарэнгі, былі прызнаныя або не прыгоднымі да службы, або годнымі з абмежаваннямі. Прычым найбольшая колькасць такіх хлопцаў, чатырнаццаць, засталіся на гражданцы з-за захворванняў касцёёва-мышачнай сістэмы і злучальных тканак, органаў кровазвароту.
Цяпер патрабаванні да стану здароўя, у прыватнасці, па азначаных хваробах змяніліся. Напрыклад, у дадатку 1 з раскладам хвароб, якім вызначаецца катэгорыя прыгоднасці да ваеннай службы, тыя ці іншыя карэктыроўкі ўнесены ў графы 22-ух артыкулаў з 89. Гэта значыць, новаўвядзенні закранулі кожнага чацвёртага.
Звернемся да некаторых з іх. Як заўважыў хірург медыцынскай прызыўной камісіі Дзмітрый Хлыстоў, цяпер плоскаступнёваць і скаліёз не перашкода для паступлення на службу па кантракту. Ды і на прызыў на тэрміновую па гэтых захворваннях таксама значныя паслабленні. Хаця, па меркаванні ўрача, у кожным выпадку будуць падыходзіць да хлопцаў індывідуальна. Шмат хто з іх перад тым, як апране салдацкую форму, пройдзе паглыбленае абследаванне, калі і спатрэбіцца, то і лячэнне. Скажам, і блізарукасць любога вока больш за шэсць і да васьмі дыёптрыяў раней давала па першым двум графам годнасці статус «не прыгодны ў мірны час». Зараз статус змяніўся на «годны з абмежаваннямі». Нязначнае зніжэнне зроку, якое магчыма адкарэктыраваць з дапамогай лінзаў, не з’явіцца абмежаваннем для паступлення на вайсковую службу. Сёння салдаты змогуць выконваць абавязкі аператара сістэм супрацьпаветранай абароны, або спадарожнікавай сувязі.
У артыкул 52 «Бранхіяльная астма» дабавіўся чацвёрты стан захворвання – «лёгкае цячэнне пры адсутнасці прыступаў больш як пяць гадоў» са статусамі «прыгодны з абмежаваннямі» і «прыгодны, служба ў сілах спецыяльных аперацый – вызначаецца індывідуальна». Акрамя таго, раней было акрэслена, што грамадзяне з масай цела больш за 90 кілаграмаў з’яўляліся непрыгоднымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый. Цяпер гэтую планку паднялі да 100 кг.
Варта зазначыць, карэктыроўкі закрануць усе катэгорыі ваеннаслужбоўцаў, але, калі навабранец прыгодны для праходжання службы на пасадах салдат, сяржантаў, прапаршчыкаў, то нязначнае захворванне або дыягназ, пастаўлены ў маленстве, больш не будуць перашкаджаць паступленню ў Ваенную Акадэмію і на ваенныя факультэты. Выпускнікі школ могуць гэтым паслабленнем скарыстацца. Дарэчы, на цяперашні час жыткавіцкія адзінаццацікласнікі падалі ў райваенкамат ужо сем заявак, каб вучыцца прафесійна абараняць Айчыну.
Сяргей Белка