Наш адказ Кіеву
Прэзідэнт не раз заяўляў: Беларусь не ўдзельнічае ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне і не збіраецца ні на каго нападаць. Але ў выпадку праяўлення агрэсіі ў наш бок ці правакацый, адказ не прымусіць чакаць. Гэта і паказалі нядаўнія падзеі з затрыманнем дыверсанта, украінскага нацыяналіста Мікалая Швяца, які спрабаваў учыніць теракт на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам.
Памятаеце, як па Сеціве разышлася інфармацыя, што «беларускія партызаны» так пашкодзілі самалёт А-50, што ён больш не паляціць. Дарма стараліся – крылатую машыну аднавілі, яна нават сустракала для суправаджэння борт Прэзідента, які вяртаўся з Кітая. А вось галоўны выканальнік падрыўной акцыі дае прызнальныя паказанні, устаноўлены і яго памагатыя – больш за 20 чалавек. Спецслужбы правялі бліскучую аперацыю, даказаўшы высокі прафесіяналізм і кампетэнцыю.
Як расказаў у эфіры нацыянальнага тэлебачання намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, устаноўлена прамое дачыненне да арганізацыі тэракту аператыўнага саставу і кіраўніцтва Службы бяспекі Украіны. «Раскрыта сістэма вярбоўкі спецслужбамі Украіны сваіх грамадзян для здзяйснення актаў тэрарызму на тэрыторыі замежных дзяржаў, устаноўлены арганізацыі прыкрыцця, выкарыстоўваемыя для іх падрыхтоўкі і навучання, вывучана тактыка прымянення выбуховых рэчываў, механізмы камунікацыі і кіравання агентурай, выяўлены і ліквідаваны каналы эвакуацыі агента. Пярвічныя следчыя дзеянні дазваляюць зрабіць выснову аб задзейнічанні ў падрыхтоўцы акта тэрарызму агентуры спецслужбаў Рэспублікі Польшча з ліку так званых беглых беларусаў – прыхільнікаў насільнага звяржэння канстытуцыйнага строю, актыўных удзельнікаў падзей жніўня 2020 года».
Прыкра, што сярод нашых суайчыннікаў знайшліся тыя, хто імкнецца парушыць мірнае спакойнае жыццё, здольныя прадаць краіну і знішчаць яе людзей. Тэракт – гэта баязлівая подласць, дзейнічанне з-пад цішка, за чалавечымі спінамі… Сама сабой напрошваецца аналогія з затаіўшыміся да пары калабарацыяналістамі, якія ў 1941 годзе актыўна пайшлі прыслужваць фашысцкім карнікам і захавалі на сваіх руках кроў бязвінных ахвяр.
Сітуацыя ў Мачулішчах раскрыла сапраўдныя намеры Кіева ў адносінах да нашай краіны. Пра што як заўжды эмацыянальна і дакладна выказаўся Аляксандр Лукашэнка: «Ну што ж, выклік кінуты. Калі яны разлічваюць (я ж ведаю, што яны хочуць уцягнуць нас у вайну па камандзе амерыканцаў)… І калі вы думаеце, што вы, кінуўшы гэты выклік, уцягнеце нас у вайну заўтра, каторая сёння ўжо ідзе па ўсёй Еўропе, вы памыляецеся. Я не настолькі неразумны і не першы год працую Прэзідэнтам».
Па ўсяму відаць: наша сувярэнная дзяржава, што ідзе абраным шляхам стваральнай працы, яе каштоўнасці і ўклад жыцця не даюць спакойна спаць калектыўнаму Захаду. Гэта выклікае яго вялікае раздражненне і жаданне любымі шляхамі дэстабілізаваць абстаноўку. Але ж мы ні ў якім разе не паддадзімся. Пытанне нацыянальнай бяспекі для Беларусі сёння – найгалоўнейшае. Як унутры краіны, так і на яе рубяжах. І палітыкі, і простыя грамадзяне ўпэўнены, што праведзенай спецаперацыяй Еўропе і Амерыцы дадзены сігнал – Беларусь на выпады гатова рэагаваць аператыўна і адэкватна. Не чапайце!
Святлана ШАКАЛЯН