Кукуруза не абуза
Неадкладна прыступіць да сяўбы кукурузы — такую задачу паставіў аграрыям старшыня райвыканкама Мікалай П’яўко на семінары ў КСУПе “Коленскае”.
Кіраўнік рэгіёна засяродзіў увагу спецыялістаў галіны на гэтым аспекце невыпадкова. Культура з’яўляецца асновай кармавой базы для грамадскай жывёлагадоўлі. І, як паказаў мінулы год, у многіх гаспадарках не здолелі зрабіць неабходны запас фуражу. У выніку працаўнікі вёскі цяпер нясуць страты ад нізкіх надояў і прываг.
— Чаму так атрымліваецца? – задаўся пытаннем Мікалай Мікалаевіч. – Найперш нізкая аддача кукурузных палеткаў ад зацягвання тэрмінаў сяўбы, несвоечасовы догляд за пасевамі, парушэнне іншых тэхналагічных патрабаванняў. Таму тэмпы і якасць павінны быць на палях сёння галоўнымі крытэрыямі. Познія пасевы не даюць вялікага ўраджаю, таму і маем праблемы з кармамі.
Менавіта пытанні, як правільна апрацаваць глебу і пасеяць, колькі выкарыстаць насення, якія дозы ўгнаення ўнесці, чым апрацаваць палеткі, сталі асноўнымі на семінары. Спачатку яго ўдзельнікам прадэманстравалі работу глебаапрацоўчай тэхнікі. Пасля праходу культыватара яна павінна быць узрыхлена на глыбіню не болей як восем сантыметраў. Далей усе сабраліся ля сеялкі. Спецыялісты прадэманстравалі яе настройкі, расказалі аб нормах высеву. І тут таксама ёсць свае тонкасці. У прыватнасці, на пагонны метар, з улікам мэты вырошчвання кукурузы (на сілас або зерне) павінна ў радок легчы адпаведная колькасць насення, а яго раўнамернасць заштукоўвання ў зямлю таксама залежыць ад хуткасці, з якой агрэгат рухаецца па полі.
Замер тэмпературы глебы, а прыбор паказаў чатырнаццаць градусаў, засведчыў, што яна паспела для кукурузы. Яўген Шкробат, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу, агучыў планы сяўбы. Сёлета ў раёне пад культуру адведзена 12700 гектараў. І іх патрэбна засадзіць да пятнаццатага мая. Таму, кабукласціся ў гэты перыяд, варта добра пастарацца на месцах і спецыялістам, і механізатарам. А гэта прадугледжвае толькі адно – з максімальнай эфектыўнасцю задзейнічаць на палетках наяўныя людскія і тэхнічныя рэсурсы. Калі казаць пра матэрыяльнае забеспячэнне сяўбы кукурузы, то яно ў раёне ў цэлым нядрэннае. У гаспадарках, акрамя ААТ “Тураўшчына”, ёсць дастаткова насення, маюцца і ўгнаенні, каб даць стартавую дозу для росту раслінам. Справа за малым: наладзіць работу на месцах.
На семінары былі прааналізаваны і іншыя пытанні пасяўной. Асаблівы акцэнт – на вывазцы і ўнясенні арганікі, сяўбе аднагадовых траў. Апошнія летам стануць асноўнай крыніцай кармоў для грамадскага статку. Не абмінулі і такія важныя аспекты, як забеспячэнне ўдзельнікаў кампаніі гарачым харчаваннем, а таксама стварэнне бяспечных умоў працы, яе аплаты, рамонта складанай кормаздабываючай тэхнікі. Адным словам, спраў у вяскоўцаў дастаткова і кожная з іх патрабуе гаспадарскага падыходу.
Сяргей Белка