У ААТ «Доследны рыбгас «Белае» справы ладзяцца
Калі для аграрыяў цяперашняе надвор’е не лепшы памочнік на пасяўной, то для рыбаводаў яно самае спрыяльнае. У ААТ «Доследны рыбгас «Белае» справы ладзяцца. Пры такой тэмпературы паветра страты пасадачнага матэрыялу значна меншыя.
У гэтыя дні дырэктара Сяргея Бугука цяжка застаць у кабінеце. На «блакітнай ніве» – пасяўная. Падчас нашага наведвання таварыства прасядзелі ў яго офісе хвілін з дзесяць. За гэты час ён дэталёва прааналізаваў сітуацыю і паспеў падпісаць дзелавыя паперы.
Зразумела, што для людзей, якія рупяцца на вадаёмах, частыя дажджы і снег ствараюць нямала нязручнасцей, але, калі патрабуецца, яны здольныя працаваць да змяркання. Таму і вынік працы ўнушальны – зарыблена больш за восемдзесят працэнтаў воднай гладзі. І працэс гэты не спыняецца. Добрая навіна ад гаспадаркі і для вудзільшчыкаў-аматараў, падрыхтавалі дзве сажалкі блізка ад райцэнтра.
– За невялікую плату тут можна нацягаць карпа, амураў і таўсталобікаў, – гаворыць Сяргей Бугук. – Зарыбляем такія вадаёмы даволі буйнымі экземплярамі, не меней за паўкіло. Плануем запусціць і адбракаваных самцоў-вытворцаў, што цягнуць кілаграмаў на дзесяць і болей. Трэба ж падаграваць азарт рыбаловаў.
Дырэктар прапанаваў праехаць на базу, каб паказаць, які пасадачны матэрыял пойдзе ў сажалкі. Хвілін пяць ходу – і мы на месцы. Паспелі своечасова. Толькі выцягнулі сетку і пачалі загружаць рыбу ў машыны. Сапраўды, даволі буйных памераў і масы.
– Частка пойдзе на рэалізацыю, а асноўную колькасць пусцім на зарыбленне, – тлумачыць Сяргей Віктаравіч.
Канечне ж, галоўны клопат у дырэктара і яго падначаленых не толькі пра тое, як задаволіць інтарэсы прыватных рыбаловаў, а і атрымаць больш таварнай прадукцыі. Для гэтых мэт ужо запушчана ў сажалкі 150 тон двухгадовых і аднагадовых карпа. За сезон апошнія, напрыклад, вырастуць да паўкілаграма і болей, першыя возьмуць планку і за паўтара кілаграмы. Клапоцяцца рыбаводы і пра тое, каб вырасціць малькоў на наступны год. У вадаёмы плануецца выпусціць не меней васьмі мільёнаў лічынак карпа, амураў, таўсталобікаў, чатырох млн. – шчупакоў, 250 тысяч – самоў.
– Нашая лабараторыя вырасціць такую колькасць пасадачнага матэрыялу, – расказвае Сяргей Бугук. – Да таго ж не толькі ўласныя патрэбы закрываем, а здольныя і на продаж адправіць. Ад пакупнікоў адбою няма.
Дадатковую капейку таварыства імкнецца пакласці ў касу пастаянна. Як і знізіць выдаткі на вытворчасці. Скажам, што эканоміка гаспадаркі не ў самым лепшым стане. Высокая закрэдытаванасць «з’ядае» практычна ўсю выручку. Таму і ўзялі ў арэнду сажалкі былога рыбгаса «Чырвоная Зорка». Запаўняць іх вадой значна танней, чым свае. Зараз ідзе працэс, як зазначыў Сяргей Бугук, каб поўнасцю аформіць і далучыць іх да сваіх угоддзяў. Дарэчы, імкнуцца знізіць выдаткі і на асноўнай вытворчасці. Пяцьсот дзевяноста тысяч рублёў толькі сёлета плануецца патраціць на рамонты і абнаўленне каналаў і іншага тэхналагічнага абсталявання. Выконваць работы будуць не толькі з дапамогаю спецыялізаваных меліярацыйных арганізацый, а і ўласнымі сіламі.
– Несумненна, такая падтрымка дзяржавы вельмі неабходная. Ды і пры набыцці кармоў не пакінулі нас. Паўмільёна рублёў, выдаткаваных з бюджэта на гэтыя мэты, ужо асвойваем. Аб’явілі тэндэры, каб знайсці пастаўшчыкоў фуражу і набыць яго па найменшай цане, – гаворыць Сяргей Бугук. – Разам з тым, спадзяемся на падтрымку мясцовых гаспадарак. Калі пачнецца ўборка каласавых, купім зерне і ў іх. Гэта намнога танней, чым набываць камбікармы.
Увогуле падчас наведвання рыбгаса «Белае» склалася ўражанне, што тут усё робіцца, каб дасягнуць пастаўленай на бягучы год мэты. Яна адна – вырасціць як мага больш таварнай рыбы пры мінімальных затратах. І рэалізаваўшы прадукцыю, атрымаць важэйшы прыбытак. Хаця Сяргей Бугук і не ахвотна гаварыў пра планы, яны даволі ўнушальныя – прырасці на вытворчасці не меней як на траціну да леташняга ўзроўню.
Сяргей Белка
Фота Аляксанра Кіцуры