Кармы толькі якасныя
Галоўнай задачай, якая стаіць у гэтыя дні перад корма-нарыхтоўшчыкамі акцыянернага таварыства «Тураўшчына», з’яўляецца ўборка люцэрны. Яна ў гаспадарцы займае амаль сямсот гектараў.
Падтрымліваць высокія тэмпы на касьбе дазваляе моцны механі-заваны атрад, які створаны ў сельгаспрадпрыемстве. Ён укамплектаваны двума кормаздабываючымі комплексамі і граблямі, дзясяткам адзінак машын і трактароў для адвозкі масы. Гэта дапамагае не толькі хутка ўбіраць траву, але і вытрымліваць тэхналагічныя параметры яе закладкі.
– Скошаныя валкі прасушваюцца да патрэбнай вільготнасці і толькі пасля гэтага ў работу ўключаюцца камбайны, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Блоцкі. – Надвор’е нам спрыяе, а яшчэ, што больш радуе, люцэрна вырасла на славу. З кожнага гектара атрымліваем па дзвесце і болей цэнтнераў прасушанай масы. Культура даволі каштоўная па спажыўных якасцях, бо ўтрымлівае шмат бялку і іншых карысных кампанентаў. Таму сянаж з яе дасць магчымасць значна ўзбагаціць рацыёны жывёлы.
Такая аддача дазваляе запаўняць траншэі ў самыя сціслыя тэрміны. Ёмістасць у тысячу тон у таварыстве закладваюць на сянаж за два-тры дні. Дарэчы, яе грунтоўна рыхтуюць перад тым, як пачынаюць завозіць фураж. У месцах захоўвання пастаянна вядзецца трамбоўка. На гэтым участку заняты Васіль Паўленка. Свой уклад у агульную справу ўносіць і механізатар Іван Чарнушэвіч. Шыроказахопнай касілкай за дзень ён выкошвае па паўсотні гектараў. Гэтая стараннасць дае магчымасць вынікова працаваць і іншым корманарыхтоўшчыкам.
– Рабочы дзень зараз у нас падоўжаны. Акрамя таго, што назапашваем сянаж, масу яшчэ дастаўляем і на фермы, – расказвае намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Арцём Кузьміч. – Грамадскі статак у нас вялікі, таму і ежы яму патрэбна шмат. Гэтай зімой добра адчулі, што такое «касіць дугою», таму прыкладваем усе намаганні, каб не трапіць зноў у такое становішча. Работа атрада пастаянна кантралюецца, калі патрабуецца, аператыўна ўносім карэктывы. Забяспечаны механізатары і гарачым харчаваннем, што таксама спрыяе справе.
Сапраўды, планы на бягучую корманарыхтоўчую кампанію даволі салідныя. Толькі аднаго сенажу неабходна назапасіць 22900 тон. Па меркаванні мясцовых спецыялістаў, гэта рэальна, бо люцэрна на тураўскай зямлі можа даваць па чатыры і болей укосаў. Адзінае, што турбуе, недахоп вільгаці, таму і адрастанне травастою пакуль замарудзілася.
Вядзецца ў ААТ і нарыхтоўка сена. Яго ўжо маецца 52 тоны пры заданні 3900 тон. Над яго выкананнем рупіцца з прэспадборшчыкам механізатар Пятро Дарошка. Усяго травы першым укосам працаўнікам «Тураўшчыны» неабходна прыбраць на 3511 гектарах. Спадзяюцца ў гаспадарцы і на поймавыя лугі. Вада на іх «скочваецца» хутка, і да работы на такіх плошчах мяркуюць прыступіць у бліжэйшы час.
Сяргей Белка