Пяцітонны надой — рэальнасць
Палова аператараў машыннага даення кароў КСУПа “Бялёў” па выніках мінулага года здолелі надаіць ад кожнай рагулі сваёй групы больш чым па пяць тон малака.
Найбольш плённа ў гэтай групе жывёлаводаў спрацавала аператар машыннага даення Ірына Рубіс. За прайшоўшы год кожная замацаваная за ёю рагуля аддзячыла 5658 кілаграмамі малака. Не намнога адстала ад лідара і даярка Галіна Рагалевіч, якая ў разліку на адну карову надаіла 5610 кілаграмаў. У ліку аператараў даення-пяцітысячніц таксама Наталля Жогаль, Жанна Козел, Жанна Матох, Людміла Загароўская і Вольга Паўлюшына. Менавіта дзякуючы старанню гэтых і іншых працаўніц ферм сельгаспрадпрыемства ўпэўнена трымае лідарства ў раёне па надою малака ад адной каровы. Па выніках мінулага года на грамадскіх фермах КСУПа “Бялёў” ён склаў 5553 кілаграмы. На 118,1 працэнта прырасла і валавая вытворчасць малака, якая за прайшоўшы год перавысіла дзве з паловай тысячы тон. Увогуле, для гаспадаркі малочная галіна ўжо не першы год з’яўляецца стабільнай крыніцай даходаў. 65 працэнтаў грошай у аб’ёме агульнай выручкі прыходзіцца на рэалізацыю малака.