Віктар Жуйкоў: Мы выпускаем запчасткі для імпартнай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама для аўтатэхнікі

233Тэатр, як вядома, пачынаецца з вешалкі, а прамысловае прадпрыемства — з прахадной.

“У такім разе справы тут ідуць да лепшага, развіццё прадпрыемства навідавоку”, — міжволі падумаў я, агледзеўшы новую, як кажуць, з іголачкі, прахадную закрытага акцыянернага таварыства “Пратон-М”. на даху блакітнага будынка прахадной ветлівымі агеньчыкамі пералівалася навагодняя ёлачка, побач, на беласнежнай бярозе, зіхацелі гірлянды.

Ва ўсім яшчэ адчуваўся навагодні настрой, хаця свяціліся ўсе вокны вытворчага памяшкання, у якія на сваіх рабочых месцах працавалі людзі. Быў адзін з рабочых дзён паміж новым і так названым у народзе новым старым годам, калі я завітаў сюды па службовых справах.

За акенцам прахадной на мой “Добры дзень” ветліва адказала сярэдніх гадоў жанчына, спыталася, да каго я, запісала ў журнал і прапанавала правесці мяне па адрасу.

— Дзякуй, я тут не першы раз і дарогу добра ведаю. Скажыце толькі, ці не крыўдзіць вас ваша новае начальства?

— Што вы, што вы! — замахала рукамі жанчына. — З прыходам новага дырэктара справы ў нас толькі пайшлі на лад. Ды вы самі ў гэтым пераканаецеся.

І сапраўды, жанчына мела слушнасць, калі казала гэтыя словы: З прыходам напрыканцы 2010 года на пасаду дырэктара Віктара Жуйкова абнаўленне і развіццё прадпрыемства відавочныя. Узяты цвёрды, рашучы курс на мадэрнізацыю і імпартазамяшчэнне. І калі год назад тут выпускалі толькі запчасткі, то зараз ужо вырабляюць вузлы ды модулі.

— Мы выпускаем запчасткі для імпартнай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама для аўтатэхнікі, — расказвае Віктар Валер’евіч. — У мінулым годзе асвоілі і перайшлі ўжо да выпуску пнеўматычных вібратараў розных мадыфікацый для заводаў па вырабу жалезабетоннай прадукцыі. Леташні год быў адметны і тым, што мы завезлі тры адзінкі абсталявання для зубаапрацоўкі, каб сумесна з расійскай кампаніяй выпускаць некаторыя аўтакампаненты. Як бачыце, вядзём вялікае будаўніцтва: памянялі ўсе вокны, заклалі фундамент пад новае памяшканне. Прыбудоўваем складское памяшканне, плануем узвесці новы цэх механаапрацоўкі. Наша праблема нумар адзін – адсутнасць патрэбных плошчаў пад новыя праекты.

Акцыянернае таварыства “Пратон-М”, на якім працуе паўсотні высокакваліфікаваных спецыялістаў, — гэта тры вытворчыя ўчасткі: нарыхтоўчы, тэрмічны і механаапрацоўкі. Пастаянны творчы, дзелавы пошук, абнаўленне абсталявання, выхад на высокія, сучасныя тэхналогіі і вытворчасці — адметны стыль работы гэтага параўнальна невялікага працоўнага калектыву, які два гады назад узначаліў ініцыятыўны, энергічны кіраўнік Віктар Жуйкоў, які працягвае вучобу ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Літаральна ў студзені-лютым тут чакаюць з Чэхіі стужкапілавальны станок фірмы “Пегас”. Магутнасць прадпрыемства ўзрасце і за кошт новага гідраўлічнага прэса, зваркі, мыечнай машыны і г.д.

З новага года распачынаюць пастаўкі зборачных адзінак, наладжана вытворчасць па поўнаму тэхналагічнаму цыклу. Рыхтуецца дакументацыя для ўдзелу ў конкурсах з мэтай рэалізацыі запасных частак для імпартных касілак.

За 2012 год у параўнанні з папярэднім аб’ёмы вытворчасці ў супаставімых цэнах выраслі ў 2 разы, у столькі ж і сярэднямесячная зарплата.

— Нашы работнікі адчуваюць увагу да сябе з боку адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі не толькі ў час работы, але і пасля яе, напярэдадні самых розных святаў на працягу ўсяго года, — гаворыць старшыня прафкама Ніна Атаманчук, якая працуе на прадпрыемстве з першых дзён яго заснавання. — Так, у мінулым годзе мы арганізавалі паездку ў Журовіцкі манастыр, а дзяцей сваіх работнікаў звадзілі ў прыезджы цырк. Прынялі ўдзел у такіх акцыях як “Збяры дзіцё ў школу”, “Сям’я асаблівага клопату”. Аказваем матэрыяльную дапамогу людзям для закупу сельгаспрадуктаў, пастаянна выплачваем прэміі. У полі нашага клопату і ветэран Уладзімір Ігнатавіч Петрушэнка. А яшчэ актыўна ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні вёсак Калінаўка, Запясочча.

Вось так жывуць і працуюць пратонаўцы, якія падтрымліваюць самыя цесныя стасункі з усімі калектывамі Жыткаўшчыны, рэалізуюць сваю прадукцыю на 30 розных прадпрыемстваў Беларусі, у тым ліку на адрас такіх гігантаў як “Белаграсервіс”, “Амкадор”, Мінскі трактарны завод.

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.