Да тысячнага рубяжу набліжаюцца працаўнікі ААТ «Тураўшчына»

У народзе кажуць: на надвор’е зважай, але і агратэхніку паважай, тады будзе ўраджай. Менавіта гэтага правіла трымаюцца працаўнікі ААТ «Тураўшчына».  І ніва ім шчодра аддзячвае багатым намалотам.

Зараз высілкі мясцовых спецыялістаў засяроджаны на ўборцы азімага рапсу. Палетак за малешаўскай фермай сустракае натужным гулам камбайнаў, адзін з якіх неўзабаве прыпыніўся на ўскрайку. У гаспадара «стэпавага карабля» Мікалая Прахарэнкі гэта выклікае чарговы прыліў радасці – яшчэ адзін бункер напоўнены і патрабуецца выгрузка алейнага насення. МАЗ пад шнэк КЗС вадзіцель Мікалай Касач падаў імгненна. І вось пругкі струмень зярнят гулка ўдарыў  па дну кузава.

– Справа ладзіцца, – не хавае добрага настрою Мікалай Прахарэнка. – Ураджай адменны, таму і  шчыруем з азартам, бо хочацца выйсці ў перадавікі. Зараз на маім рахунку ўжо дзве сотні намалочаных тон зерня і рапсу. Але, спадзяюся, што паказчык будзе намнога вышэйшым. Жніву ўсяго пачатак, асноўная справа наперадзе. Дажджы не перашкаджалі б.

З такімі памкненнямі працуе не толькі Прахарэнка, але і іншыя камбайнеры. Нацэлены пераўзыйсці ўласны мінулагодні паказчык на жніве і Міхаіл Бабарыка. Дарэчы, летась ён стаў пераможцам абласнога працоўнага саперніцтва сярод маладзёжных экіпажаў.

– Імкнуся, каб ранейшае дасягненне стала намнога большым. Падстава для гэтага важкая – нядрэнная ўраджайнасць нашых палеткаў, – упэўнена заўважае Міхаіл Аляксандравіч.

– Азімы ячмень, з якога мы пачалі ўборачную кампанію, нас парадаваў пяцідзесяццю сямью цэнтнерамі на круг, – расказвае галоўны аграном акцыянернага таварыства Міхаіл Блоцкі.

– Былі палеткі, дзе і за семдзясят цэнтнераў мелі, – дапаўняе спецыяліста Міхаіл Бабарыка. – Ды і рапсавы надзел у нас пад цэнтнераў сорак дае. Таму, калі ўсё нармальна, па тон сорак на дзень выдаць можна.

Прыведзены дыялог яскрава сведчыць, што ААТ «Тураўшчына» будзе з хлебам. І, каб сабраць яго без страт, тут прыкладваюць усе намаганні. А гэта не толькі тэхніку адрамантавалі, але і стварылі неабходныя ўмовы для работы на полі і збожжатоку.

– Удзельнікі жніва забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, надзелены спецвопраткай. Напярэдадні ўборкі абмеркаваны ўмовы аплаты працы і дадатковыя стымулы, – расказвае старшыня прафкама Наталля Вакульчук. – Таму ёсць за што пазмагацца на хлебнай ніве. Пастаянна на палетку дзяжурыць і пажарная машына. Бяспека на жніве найперш усяго. Таму  на гэтым участку працуе адказны спецыяліст Фёдар Арцюховіч. На жніве ён не навічок. Штогод дапрацоўваў зерне на таку, станавіўся пераможцам саперніцтва сярод калег вобласці і рэспублікі. Маюцца ўсе падставы, і тут не падвядзе. Сёлетняя кампанія для рупліўцы і першы крок для ажыццяўлення мары – вадзіць аўтамабіль.

Радуе прафсаюзнага лідара і тое, што ва ўборцы ўдзельнічае нямала моладзі. І паказваюць вынікі яны даволі салідныя. Напрыклад, Міхаіл Бабарыка зараз узначальвае ўнутранагаспадарчае працоўнае саперніцтва, запісаўшы на ўласны рахунак больш за трыста тон намалочанага ячмяню і рапсу. Стараннем вызначаецца і малады вадзіцель Яўген Пількевіч. Яму толькі дзевятнаццаць і гэта першае жніво ў юнака, але  ад лідараў стараецца не адставаць. Хаця змагацца прыходзіцца з прафесіяналамі з вялікай літары: такімі як Ігар Сергеевіч, Міхаіл Касач. Пра апошніх варта сказаць, што яны ўпэўнена рухаюцца да ганаровага тысячнага рубяжу перавезенага зерня. Пры спрыяльных умовах ён ім скорыцца даволі хутка.

Дзмітрый Рай, Канстанцін Шкурко, Мікалай Касач, Мікалай Швец, Віталя Сімончык і многія іншыя работнікі, хто у гэтыя дні ў акцыянерным таварыстве забяспечвае належную ўборку ўраджаю. Варта сказаць пра Віталю. Ён сёлета перасеў на камбаін, на якім шчыраваў Іван Кузьміч. Легенда хлебаробскай дынастыі Жыткаўшчыны. Ён не толькі ўславіў гаспадарку сваімі высокімі намалотамі ў раёне і вобласці, але і ў рэспубліцы.  Можа і Сімончыку ўдасца на машыне ганаровага камбайнера паўтарыць яго дасягненні. Час пакажа. Хаця зараз другое месца ў спаборніцтве сведчыць, што прыкмета збываецца. Тым больш, убіраць на Тураўшчыне ёсць чаго.  Збожжа, вобразна кажучы, стаіць сцяною.

– Сёлета абмалаціць нам неабходна 3119 гектараў, – дзеліцца планамі галоўна аграном акцыянернага таварыства Міхаіл Блоцкі. – Убраныя плошчы азімых ячмяню і рапсу паказваюць, увесь год стараліся недарэмна. Зараз у гаспадарчых засеках маецца 1178 тон ячмяню і 681 т рапсу.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.