Кладзецца цагліна да цагліны

Зірнеш уверх і здаецца, што магутны вежавы кран падпірае аблокі. Ужо з шасці гадзін раніцы тут, у мікрараёне Азёрны райцэнтра, наваколле абуджаецца галасамі людзей і гулам тэхнікі. Чуваць такія звыклыя для вуха будаўніка каманды як “віра”, “майна”. Мільгаюць кельмы ў руках муляроў, кладзецца цагліна да цагліны і дом, нібы асілак з чароўнай казкі, узнімаецца ўсё вышэй, уладна распраўляе плечы.


— Работы на гэтым 20-кватэрным доме мы пачалі ў чэрвені бягучага года і, згодна сямімесячнаму нарматыўнаму тэрміну, павінны здаць яго ў эксплуатацыю ў снежні, — дае тлумачэнні на новабудоўлі прараб ПМК-76 адкрытага акцыянернага таварыства “Гомельсаўгасбуд” Алег Гулюта. – З пачатку гэтага тыдня перайшлі на двухзменную работу на аб’екце: дзве брыгады працуюць тут пачаргова з 6 да 22 гадзін. Дом будзе кампактны, пяціпавярховы, у адзін пад’езд.


Нягледзячы на тое, што зараз многія гавораць пра крызіс, у перасоўнай механізаванай калоне як будавалі, так і працягваюць будаваць, забяспечваючы высокія тэмпы і нарошчваючы аб’ёмы работ. Справы тым больш пайшлі на лад, калі калектыў узначаліў вопытны арганізатар, прафесіянал з вялікім стажам Сяргей Бабранок.


— Акрамя 20-кватэрнага дома, — уводзіць нас у курс спраў намеснік начальніка ПМК-76 па вытворчасці Міхаіл Балбуцкі, — нашы працаўнікі ўзводзяць 4 аднакватэрныя шчытавыя дамы ў Людзяневічах, вядуць рэканструкцыю былой казармы пад інтэрнат ПТВ-182 у мікрараёне Жыткавічы-1, рамантуюць сярэднюю агульнаадукацыйную школу ў Юркевічах, працуюць на будаўніцтве 5 аднакватэрных дамоў для рыбгаса “Белае”. Так што аб’ёмаў да канца года хапае, патрэбны дадатковыя рабочыя рукі і ў першую чаргу муляры і цесляры, з якімі, што называецца, напражонка…


У мехкалоне не забываюць пра якасць работ, сучасныя тэхналогіі, пра тэхнічнае пераўзбраенне, без чаго сёння немагчыма нармальна працаваць і развівацца калектыву са 172 чалавек. Толькі ў бягучым годзе тут прыдбалі такія новыя тэхнічныя адзінкі як 2 пятнаццацітонныя аўтамабільныя краны, МАЗ з прычэпам, пагрузчык “Амкадор”, бартавую машыну “Валдай”, экскаватар ЮМЗ і г.д. Зразумела, што са з’яўленнем новай тэхнікі з’явіліся і новыя магчымасці ў будаўніцтве, што добра бачна, напрыклад, па выніках работы калоны за першае паўгоддзе. Так, у параўнанні з 6 месяцамі 2008 года выкананне будаўніча-мантажных работ сёлета склала 182 працэнты, прадукцыйнасць працы – 203 працэнты. Калі за студзень-чэрвень мінулага года рэнтабельнасць складала “мінус” 1,8 працэнта, то сёлета “плюс” 6,8 працэнта. Рост зарплаты да 2008 года склаў 178 працэнтаў (сярэднемесячная за паўгоддзе – 920 тысяч рублёў).


Тут бачаць плён сваёй працы, бо пасля зробленага застаюцца канкрэтныя аб’екты. Ды і цяперашні час выправіў ранейшую памылку, паставіў запатрабаванасць будаўнікоў і іх заработную плату на належнае месца.


Успомнім: у свой час, не сакрэт, многія з’ехалі ў Расію па доўгі рубель. Цяпер вось будуюць дома, на радзіме. Вядома, дома лепей. Да таго ж ёсць тут цяпер і зарплата, ёсць і што будаваць. І ўвогуле трэба на сваю краіну працаваць, а не матляцца ў пошуках доўгага рубля па чужых мясцінах.


Лозунг аб тым, што кадры вырашаюць усё, застаецца злабадзённым і па сённяшні дзень. І асноўная апора на іх — на спецыялістаў з вопытам. Хоць нярэдка гаворацца добрыя словы ў адрас моладзі, і ўвогуле — заслужана гаворацца, тым не менш стаўка менавіта на вопыт, на старых работнікаў. Тых ведаў, што атрымліваюць маладыя людзі, далёка недастаткова, каб узводзіць нават адносна нескладаныя аб’екты, каб добра разбірацца ў праектна-каштарыснай дакументацыі, добра будаваць. Толькі побач са старэйшымі работнікамі набіраюцца неабходнага вопыту і маладыя спецыялісты, што абавязкова ўлічваецца ў кадравай палітыцы, пры расстаноўцы людзей. І гэта датычыцца не толькі спецыялістаў, але і рабочых. І іх, можа, нават у большай ступені. Напрыклад, муляр можа набыць добры вопыт толькі з гадамі і, як правіла, побач з больш вопытнымі работнікамі.


ПМК-76 багатая на вопытных майстроў, прафесіяналаў будаўнічай справы. Напрыклад, брыгадзір муляроў Пётр Малочка, за плячыма якога не адно дзесяцігоддзе работы ў будаўнічым комплексе раёна і мноства здадзеных аб’ектаў, прызнаны лепшым брыгадзірам трэста. У мехкалоне добра ведаюць: дзе працуе Малочка і яго брыгада, кантроль не патрабуецца, тут — належныя тэмпы і якасць. Нам назвалі таксама прозвішчы прараба Ігара Казлоўскага, брыгадзіра Уладзіміра Цырыбкі, штукатураў Святланы Макарэвіч і Валянціны Краўчук. Даўно і надзейна працуе вадзіцелем МАЗа Жорж Таболіч, якога сёлета выбралі старшынёй прафкама. Нягледзячы на пенсіённы ўзрост, па-ранейшаму па-майстэрску займаецца сваёй цяслярскай справай Анатоль Быстрэнка. І спіс гэты можна было падоўжыць


С. ВІЛЬЧЫК.


НА ЗДЫМКУ: брыгада муляроў (злева направа) муляры Васіль Сайчук, Дзмітрый Буднік, Рустам Тляупоў, Аляксандр Гічка, брыгадзір Дзмітрый Салей, прараб Алег Гулюта, муляры Юрый Ціханаў, Ігар Уржэнка, Валерый Кандрашонак, Ігар Некрашэвіч на аб’екце, які будуецца ў райцэнтры.


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.