Штогод у першую нядзелю снежня ў рэспубліцы адзначаецца Дзень юрыста
Юлія Купрацэвіч зусім не вагалася з выбарам будучай прафесіі. З дзяцінства яна марыла дапамагаць людзям і арганізацыям на законных падставах адстойваць інтарэсы. Таму мэтанакіравана рыхтавалася, каб атрымаць кваліфікацыю юрыста. Пасля заканчэння жыткавіцскай гімназіі паступіла ў Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж.
Атрымаўшы дыплом, адпрацавала па размеркаванні ў КСУП «Бялёў» і з мэтай кар’ернага росту накіравалася ў суседнюю вобласць. Граматнага спецыяліста заўважылі і запрасілі на працу ў суд Жыткавіцкага раёна. Цяпер Юлія Аляксандраўна старэйшы інспектар суда.
– Яшчэ працуючы ў КСУПе, паступіла ў Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны, праз паўтара месяцы атрымю дыплом аб вышэйшай адукаціі, – рассказывае яна. – Канешне, падчас вучобы дапамагае мая дзейнась у судзе. Нават тэма дыпломнай работы пераклікаецца з маёй працай.
Старэйшы інспектар лічыць, што ў любой працы галоўнае – пастаянна самаўдасканальвацца, вучыцца, пашыраць веды і набываць вопыт. Менавіта таму лепшым баўленнем часу для сябе выбрала чытанне.
– Дзейнасць юрыста, у якой бы сферы яна ні ажыццяўлялася, заўсёды накіравана на абарону інтарэсаў чалавека, грамадства і дзяржавы, фарміраванне ў грамадзянскай супольнасці высокай прававой культуры і самасвядомасці, умацаванне законнасці і правапарадку, – пераканана яна.
Аляксандр КІЦУРА
Фота аўтара