Усе дарогі вядуць да школ
У разгары жнівень – апошні месяц багатага на ўраджай лета. Завяршаецца жніво, працягваецца нарыхтоўка кармоў, вось-вось пачнецца сяўба азімых культур. Завяршаюцца, разам з касьбою і абмалотам каласавых, і школьныя канікулы. І разам з сяўбою азімых пачнецца ў школах свая “сяўба”, насенне якой прарасце з цягам часу “ураджаем” ведаў, дабрыні і мудрасці.
Вось чаму ў гэтыя дні ўсе дарогі часцей і часцей вядуць да школ, што прыхарошваюцца перад святам першага званка, быццам нявесты перад вяселлем. Як падрыхтаваліся вясковыя школкі тураўскай старонкі нашага раёна да новага навучальнага года? Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, адправілася нядаўна ў дарогу група ў складзе вядучага спецыяліста аддзела адукацыі Надзеі Зевакінай, інспектара дзяржпажнагляду раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валянціна Рая, загадчыка аддзела гігіены раённага цэнтра эпідэміялогіі і гігіены Уладзіміра Сяргейчыка і аўтара гэтых радкоў.
Першы наш прыпынак – Запясоцкая базавая школа. Яна – беларускамоўная, і нацыянальны дух тут, мясцовыя каларыт і адметнасць адчуваюцца адразу са школьнага двара, з так званай сядзібы палешука, на якой напіцца свежай вадзіцы прапаноўвае высокі журавель студні, чакае возчыка дубовы вазок з каванымі коламі, вось-вось замаша крыламі вятрак… А праз некалькі метраў – жалезная маторная лодка “За ведамі”, запрашаюць прысесці лавачкі, на якіх хлопчыкі і дзяўчынкі могуць яшчэ і яшчэ раз прачытаць і ўсвядоміць для сябе тры заклікі-запаведзі, на якіх трымаецца школьная навука: “Імкніся наперад”, “Вер у сябе”, “Ніколі не губляй надзеі”.
Пасля наведвання двух паверхаў мясцовай установы адукацыі з яе класамі, майстэрнямі, музеямі і спартыўнай залай застаецца прыемнае ўражанне таго, што рыхтаваліся тут да новага навучальнага года грунтоўна і з усёй адказнасцю. Чыста, светла, пафарбавана. Прыемна зайсці ў сумешчаную актавую і абедзенную залу з новай сцэнай. Будуць заменены свяцільнікі на электразберагальныя, што дазволіць эканомію электраэнергіі зменшыць да 40 працэнтаў. І немалая заслуга ў зробленым, безумоўна, дырэктара школы Яўгенія Паўлюкаўца, які працуе на гэтай клапатлівай пасадзе 18 гадоў, настаўніцкага калектыву, тэхперсаналу. Дапамагалі і бацькі вучняў.
— Летась у нашай школе займалася 116 вучняў, — гаворыць Яўгеній Андрэевіч, — але трыццаць чалавек атрымалі базавую адукацыю, а прыйшло тры. Калі ў былыя часы тут вучыліся дзеці з Запясочча і Буразей, Поўчына і Вароніна, то ў гэтым годзе будуць толькі з першых дзвюх вёсак.
Школа мае свае герб, сцяг і гімн. Піянерская дружына носіць імя славутага земляка, кавалера трох ордэнаў Славы Міхаіла Струка. Патрыятызм, веданне гісторыі сваёй вёскі, краю, шанаванне спадчыны – адныя з галоўных напрамкаў дзейнасці мясцовага педагагічнага калектыву. Пра гэта яскрава сведчаць стэнды “Святыні Тураўскай зямлі”, “Створаная радасць”, удзел у праекце “Гістарычныя асобы Беларусі”, у якіх пераможцам стаў цяперашні выпускнік школы, таленавіты рэзчык па дрэве Аляксандр Струк. Дзяўчынкі з поспехам займаюцца ў класе абслугоўваючай працы: вяжуць кручком, вышываюць гладдзю, займаюцца бісерапляценнем.
Словам, школа гатова да пачатку новага навучальнага года. І ўсё ж сярод тых клопатаў, што найбольш турбуюць мясцовую адміністрацыю і гаспадарнікаў, — гэта некаторыя нявырашаныя пытанні водазапеспячэння і каналізацыі.
У добрай гатоўнасці да першага званка і Малешаўскі навучальна-педагагічны комплекс сад – базавая школа. Тым больш, што напярэдадні адбыўся дзень мясцовага Савета, таму падрыхтоўка тут ішла з падвоенай адказнасцю. Сёлета вучыцца тут будзе 62 хлопчыкі і дзяўчынкі, а 15 дзетак будуць наведваць садок. Дарэчы, у садзе дашкаляты знаходзяцца толькі тры з паловаю гадзін, без сну і харчавання. Гэта, канейше, стварае пэўныя цяжкасці для іх бацькоў. Але ўтрымліваць іх тут, так бы мовіць, па пэўнай праграме не дазваляюць абставіны: мясцовая ўстанова для гэтага аказалася цеснаватай…
Рычоўская сярэдняя агульнаадукацыйная школа ў новым навучальным годзе стане своеасаблівай школай для дзвюх школ: разам з мясцовымі тут будуць займацца і вучні Хільчыцкай школы. Так што навучанне і выхоўванне будзе наладжана ў 2 змены.
Капітальнага рамонту патрабуе спартыўная зала. Спонсары з Германіі згодныя ўзяцца за яе абнаўленне пры адной умове – калі тут будзе адкрыта хаця б адна група дзіцячага сада. А ён, на жаль, не функцыяніруе ўжо не першы год. Прадстаўнікамі раённых служб былі выказаны таксама заўвагі па маланкаахове, электраасвятленні, якія яшчэ ёсць час выправіць.
Толькі 2 вучні будуць займацца ў першым класе Старажавецкай школы, а ўсіх іх тут – каля сарака. Падрыхтоўка да свята першага званка – на завяршаючым этапе. У выніку праверкі мясцовай адміністрацыі было прадпісана ўхіліць недахопы і недапрацоўкі, што датычаць асвятлення, харчблока, шляхоў эвакуацыі пры няшчасным выпадку, дзвярэй на другі паверх. Капітальнага рамонту патрабуе спартыўная зала.
Былі таксама наведаны дзіцячыя садкі ў вёсках Запясочча і Верасніца, што напоўнены бадзёрымі галасамі дзятвы. У апошнім з іх быў праведзены вялікі аб’ём рамонтных работ, у якіх актыўны ўдзел прыняў сам працоўны калектыў.
С. КУЛАКЕВІЧ.