Прайшлі праверку
У раённай сістэме адукацыі ідуць апошнія падрыхтоўчыя работы да навучальнага года. У ліку іх і прыёмка школ і дзіцячых садзікаў, якая распачалася з 12 жніўня. Камісія ў складзе намесніка начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Генадзя Бароўскага, інспектара інспекцыі Дзяржпажнагляду Аляксея Ганчара, супрацоўніка раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольгі Ільеня ў першы дзень сваёй работы ацэньвала гатоўнасць навучальных устаноў, якія размешчаны ў так называемай ленінскай зоне.
Першы прыпынак Людзяневіцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа. Яшчэ ў дарозе Генадзь Піліпавіч адзначыў, што дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў гэтай навучальнай установе многае ўдалося абнавіць. Разам з тым будынак школы адзін са старэйшых у раёне, але, як паказала праверка, гэта не перашкодзіла калектыву школы за час канікулаў добра падрыхтаваць школу да заняткаў. Амаль трыста дзетак, якія прыйдуць сюды першага верасня, будуць займацца ў чыстых класах, якія настаўнікі пафарбавалі, у многіх пераклеілі шпалеры. Сродкі для гэтых мэт, як зазначала дырэктар установы, з розных крыніц: дапамагалі і бацькі, і шэфы, і самі настаўнікі. Значна абнавілі не толькі вучэбныя кабінеты, але і спартыўную залу, школьную сталовую, майстэрню, бібліятэку і іншае. Аляксей Ганчар, інспектар дзяржпажнагляду, нават прыемна здзівіўся, наколькі ўсё выканана і ў плане пажарнай бяспекі. Хаця ў яго і былі нязначныя заўвагі, як і ў спецыяліста санітарнай службы, але выправіць іх да пачатку заняткаў у школе не складзе цяжкасці.
У поўнай гатоўнасці чакалі правяраючых і ў Браніслаўскім вучэбна-педагагічным комплексе базавая школа – дзіцячы сад.
Першае, што ўразіла камісію, добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі. Яно, не пабаюся сказацць, на цяперашні час можа стаць узорам для многіх навучальных устаноў раёна. Пахам фарбы сустрэлі правяраючых і школьныя калідоры, і кабінеты.
— Работа ў гэтай установе праведзена вельмі вялікая, — гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі. — Доўгі час працякаў дах школы і столя ў памяшканні аж пачарнела ад вільгаці. Дах летась адрамантавалі, а настаўнікі і тэхперсанал абнавілі столю. Яна цяпер проста ззяе бялізной.
У класах таксама праведзены рамонты. Гатовы і майстэрня, і спартыўная зала, і сталовая.
Заўвагі і па гэтай школе ў правяраючых нязначныя. Напрыклад, нанесці на электрашчыты спецыяльныя знакі перасцярогі, ці ўмацаваць выключальнікі па кабінетах. Справіцца па сілах школьнаму персаналу. Цяпер перад імі ставяцца больш значныя задачы: патрэбна збіраць матэрыялы для ўстаноўкі ўнутраных туалетаў. Узнялі перад правяраючымі педагогі і набалелую праблему. Патрэбна, хаця і частковая, замена вокнаў. На жаль, як было зазначана Генадзем Бароўскім, сродкаў для гэтага пакуль не маецца, па магчымасці будзе вырашацца праблема. Пакуль жа Генадзь Піліпавіч выказаў просьбу наладзіць рамонт рам у школьнай майстэрні.
Юркевіцкай школе яшчэ патрэбна будзе здаваць экзамен на гатоўнасць да вучэбнага года. Сёлета тут з пачаткам канікулаў распачаты капітальны рамонт спартыўнай залы. Аб’ём работ даволі значны і будаўнікі яшчэ не паспелі давесці яго да канца. Але членаў камісіі запэўнілі, што да першага верасня усё будзе зроблена, і вучні школы прыйдуць у чысты і абноўлены будынак.
Нямала недахопаў неабходна выправіць і калектыву Мілевіцкага навучальна-педагагічнага комплексу. Гэта і абнавіць школьны парог, і ўвесці ў строй унутраны туалет, і памяняць пна класах выключальнікі, і замяніць частку няспраўных вогнетушыцеляў, пераключыць некаторае абсталяванне ў сталовай і іншае.
Хаця ў гэтай навучальнай установе папрацавалі летам нямала. Але, відаць, не паспелі ўсё схапіць адразу. Таму пастаўлены кіраўніку школы тэрміны для выпраўлення недахопаў.
У Ленінскім вучэбна-педагагічным комплексе асноўны акцэнт быў зроблены на ўзвядзенне ў эксплуатацыю да першага верасня дзіцячага садзіка. Цяпер ён будзе размяшчацца ў школе. Работы вядуцца і многае ўжо зроблена, але і яшчэ нямала застаецца выканаць. У цэлым жа школа падрыхтавана нядрэнна. Хаця ёсць і над чым папрацаваць. Гэта неабходнасць у абустройстве пляцоўкі для збору смецця. Ды і камп’ютарны клас таксама патрэбна давесці да неабходных стандартаў. Абнаўляецца часткова на школе і дах, што таксама надае клопату.
Падводзячы вынікі праверкі Генадзь Піліпавіч адзначыў, што навучальныя ўстановы падрыхтаваліся да прыёму дзяцей значна лепей. Хаця і патрабаванні ўзраслі, таму патрэбна працаваць і надалей у такім жа накірунку, каб яшчэ лепш зрабіць у школах для дзяцей. У апошні час адчувальная і дзяржаўная падтрымка. Толькі ў гэтым годзе на ўстановы адукацыі выдзелена больш мільярда рублёў.
— Абнаўляючы навучальныя ўстановы, неабходна ў першую чаргу клапаціцца пра бяспеку у іх дзяцей, — гаварылася Генадзем Бароўскім. – Школы павінны прыняць здаровых дзяцей і адправіць дзяцей бацькам таксама здаровымі. А гэта залежыць ад многіх фактараў: і таго ж асвятлення, і выканання правілаў бяспекі, і іншага.
Было закранута і пытанне афармлення кабінетаў. Гатоўнасць навучальных устаноў ацэнена. У большасці выпадкаў калектывам за падрыхтоўчы сезон пастаўленысокія балы. Значыць, і дзецям будзе значна прыемней вучыцца ў такіх прыгожых класах і кабінетах.
С. БЕЛКА.