Падвял мінулагоднія вынікі Жыткавіцкага філіяла “Гомельаблсаюздрук”
Аднымі з першых сярод працоўных калектываў раёна падвялі мінулагоднія вынікі сваёй дзейнасці работнікі Жыткавіцкага філіяла “Гомельаблсаюздрук”. На справаздачным сходзе кіраўніком установы былі названы не толькі станоўчыя вынікі працы, але і акрэслены праблемы, якія патрэбна вырашаць, каб яшчэ больш палепшыць работу.
Сваё выступленне перад працаўнікамі кіраўнік калектыва Мікалай Шырчанка распачаў са станоўчых пераменаў, якія адбываліся ў дзейнасці філіяла. Найперш ён звярнуў увагу прысутных на тое, што за апошнія гады значна павялічылася гандлёвая сетка ўстановы. Цяпер у Жыткавічах, Тураве і Лельчыцах працуе сем кіёскаў “Гомельаблсаюздруку”. Яны ўсе ўкамплектаваны вопытнымі і стараннымі працаўніцамі. Ёсць і аўтамабіль, які дазваляе аператыўна дастаўляць разнастайныя тавары ў кіёскі.
— Гандлёвая сетка філіяла складаецца з сучасных кіёскаў, якія добра ўпісваюцца ў архітэктуру горада, — расказаў Мікалай Вячаслававіч. – Мы своечасова праводзім рамонт сваіх аб’ектаў, ствараем там прымальныя ўмовы для працы кіяскёрам. Наша прадпрыемства дзяржаўнае з ідэалагічным вектарам накіраванасці, так як рэалізацыя перыядычных выданняў з’яўляецца важнейшай для нас задачай. Безумоўна, паспяхова вырашаць яе, калі рэдакцыі актыўна праводзяць падпісныя кампаніі, інфармацыйнае поле ўсё больш заваёўвае інтэрнэт, не так і лёгка. Але імкнемся пераадольваць гэтыя цяжкасці, шукаем і ўкараняем новыя формы работы.
У ліку іх кіраўнік назваў і тое, што ў кіёсках рыхтуюцца актыўна афармляць падпіску на перыядычныя выданні.
— Гэта чалавеку абыдзецца намнога танней, бо мы ў падпісную цану не будзем уключаць затраты на дастаўку, — распавёў Мікалай Вячаслававіч. — Думаю, чалавеку не складзе цяжкасці пасля работы завярнуць у наш кіёск і забраць там выпісаную на сваё імя перыёдыку. Тым больш што нашы гандлёвыя кропкі маюцца ва ўсіх густанаселеных мікрараёнах горада і абмінуць іх вельмі цяжка.
Каб павялічыць свой гандлёвы тавараабарот, філіял актыўна займаецца рэалізацыяй іншых тавараў і паслуг. Напрыклад, летась арганізацыям і прадпрыемствам раёна было прададзена канцылярскіх і папярова-белавых тавараў больш чым на чатырыста шэсцьдзесят мільёнаў рублёў. Канечне, і гэты паказчык дасягнуты ў вострай канкурэнтнай барацьбе. Пайшлі ў Жыткавіцікм філіяле “Гомельаблсаюздрук” і на тое, каб прымаць стаўкі на латарэі. Дарэчы, рэалізацыя апошніх з’яўляецца таксама немалой крыніцай даходаў для працоўнага калектыва. Дзякуючы такім намаганням агульны тавараабарот па філіялу склаў больш трох мільярдаў рублёў. У параўнанні з папярэднім годам ён падрос больш чым на пяцьсот мільёнаў рублёў.
— Наша прадпрыемства знаходзіцца на поўным гасразліку, і ад таго, як спрацуем, залежыць і велічыня заробкаў працаўнікоў, і далейшае развіццё, — адзначыў Мікалай Шырчанка. — Таму працаваць мы павінны з кожным годам лепей і лепей. Нацэленасць на лепшыя здабыткі маецца ў кожнага нашага работніка. А гэта ўжо нямала для развіцця справы.
Сяргей Белка.
На здымку: гаспадыня кіёска №1 Святлана Ивашкевіч.