Прыйшла пара “каралевы палёў”
Корманарыхтоўшчыкі КСУПа “Коленскае” прыступілі да ўборкі кукурузы. Сёлета палеткі пад гэтай культурай тут займаюць тысячу гектараў.
У гэтыя дні на ўборцы кукурузы засяроджаны значныя тэхнічныя магутнасці сельгаспрадпрыемства. На кукурузных палетках працуе тры кормаздабываючыя комплексы КЗР на змяльчэнні масы і восем адзінак транспарту на яе адвозцы. Як зазначыў намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Валянцін Пяшэвіч, убіраюцца зараз не самыя ўраджайныя плошчы, але папаўненне кармавых запасаў на зімоўку грамадскаму статку з кукурузы чакаецца значнае.
Увогуле, сёлета корманарыхтоўшчыкі КСУПа па шэрагу пазіцый спрацавалі даволі нядрэнна. Так, назапашана сенажу на трыццаць працэнтаў болей, чым гэта прадугледжвалася вытворчым заданнем. Ёсць усе падставы, што і заданне па сіласу, якога запланавана закласці ў памеры пятнаццаці тысяч тон, таксама паспяхова будзе выканана. Усяго зараз на адну ўмоўную галаву жывёлы ў гаспадарцы на цяперашні час маецца больш васьмі цэнтнераў кармавых адзінак, што больш чым на такі ж час летась.
С. БЕЛКА.