Дзень Савета: а чым мы горшыя за іншых?

Такая форма вучобы, кантролю, абмену вопытам становіцца ўжо добрай традыцыяй у нашым раёне, пэўнай заканамернасцю. На гэты раз вялікі дэсант дэпутатаў, кіраўнікоў адправіўся шыкоўным аўтобусам на старажытную Тураўшчыну. “Узаемадзеянне мясцовых органаў улады з прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі, што знаходзяцца на тэрыторыі Тураўскага гарадскога і Верасніцкага сельскага Саветаў у рашэнні пытанняў жыццёзабеспячэння насельніцтва” — такой была тэма правядзення дня Савета.


Першы прыпынак — пляцоўка перад адкрытым акцыянерным таварыствам “Тураў”. Тут гасцей на ўрачыстай, гасціннай ноце сустракалі артысты Тураўскага гарадскога Дома культуры. Затым іх гідам стаў дырэктар горадаўтваральнага акцыянернага таварыства Сяргей Бугук. Дарэчы, мясцовае прадпрыемства пачыналася ў 1951 годзе як харчкамбінат па вытворчасці кісялю, крахмалу, газіраванай вады, журавінных морсаў. У 1968 годзе тутэйшы ўжо кансервавы завод быў далучаны да Капцэвіцкага гароднінасушыльнага завода. У 1989–1995 гадах была праведзена значная рэканструкцыя. З цягам часу завод перайшоў на выпуск такой каштоўнай прадукцыі, як зялёны гарошак, цукровая кукуруза. Удзельнікі мерапрыемства сталі сведкамі тэхналагічных працэсаў па вырабу кансерваванай прадукцыі. Да слова, дажджлівае лета ў нейкім сэнсе выбіла працоўны калектыў з прывычнага рэжыму работы, былі парушаны намечаныя па тэхналогіі тэрміны саспявання культур. У выніку, напрыклад, не быў выкананы план вырабу таго ж зялёнага гарошка, які з’яўляецца своеасаблівай візіткай прадпрыемства. Тым не менш мясцовыя перапрацоўшчыкі працуюць напружана ў дзве змены і ў хуткім часе пераходзяць да выпуску цукровай кукурузы.


Затым удзельнікі дня Савета наведалі ДЭУ-111, ДЭУ-48, Тураўскую гарадскую бальніцу, гасцініцу, летняе кафэ “Пад ліпамі”, мясцовыя гандлёвыя кропкі, усклалі вянкі ля помнікаў. На тэрыторыі суседняга Верасніцкага сельсавета першы прыпынак быў зроблены ля Запясоцкай базавай школы, у якой сапраўды было што паглядзець. Прыемныя ўражанні ва ўсіх гасцей таксама засталіся ад наведвання царквы, магазінаў у вёсцы Верасніца. У Малым Малешаве госці зрабілі прыпынкі ля прыватнай крамы, паштовага аддзялення, ФАПа, магазіна, СДК, наведалі грамадзянскія могілкі, базавую школу-сад.


Пасля абеда і наведвання нафтаперапампоўваючай станцыі “Тураў” вынікі былі падведзены ў мясцовай актавай зале. З вынікамі анкеціравання па Тураўскаму гарадскому і Верасніцкаму сельскаму Саветах прысутных азнаёміў Алег Аляксееў — галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама.


У сваім выступленні старшыня Тураўскага гарадскога Савета Ігар Міцюрыч адзначыў, што тут пражывае 3147 чалавек, трэць якіх складае насельніцтва пенсіённага ўзросту. Працаздольнага насельніцтва — болей 1200 чалавек, якія працуюць у трыццаці арганізацыях і на прадпрыемствах. Трэць моладзі не працаўладкавана, занятая асабістай падсобнай гаспадаркай, у якой вырошчваецца ранняя сельгаспрадукцыя. На тэрыторыі Савета пражываюць 50 шматдзетных сямей, 80 — няпоўных, 5 — так званых “цяжкіх”, столькі ж апякунскіх і 3 гасцявыя.


Работа гарадскога Савета будуецца на ўзаемадзеянні з працоўнымі калектывамі, якія прымаюць актыўны ўдзел у навядзенні парадку, уборцы могілкаў, правядзенні суботнікаў. І ўсё ж асноўная нагрузка ляжыць на камунальнай службе. Гэта штодзённая ўборка сквераў, помнікаў, Замкавай гары і г.д. Тэхнікай, будматэрыяламі дапамагае нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Ен таксама наладжвае экскурсіі, сочыць за добраўпарадкаваннем. Дапамогу таксама аказваюць дарожныя арганізацыі, аддзел адукацыі, насенная інспекцыя, аддзел культуры, гандаль.


Пра работу Верасніцкага сельскага Савета расказаў яго старшыня Рыгор Русы. У апошні час значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база, атрыманы новы аўтамабіль, набыта аргтэхніка. Што якасна павысіла ўзровень абслугоўвання насельніцтва. Пад неаслабны кантроль узяты ўсе пытанні выканання сацыяльных стандартаў. Вядзецца рэгістр уліку пустуючых дамоў. Вялікую дапамогу аказваюць давераныя асобы. На сённяшні дзень тут знесена 25 пустуючых дамоў са згоды іх уладальнікаў, у тым ліку 8 — у 2009 годзе. Аварыйных дамоў, што патрабуюць першаступеннага зносу, няма.


У сваёй рабоце сельвыканкам цесна ўзаемадзейнічае з грамадскімі арганізацыямі. Такія аб’яднанні як жансавет, ветэранская арганізацыя прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні суботнікаў, у падворных абходах, у рэйдах па выяўленню цяжкіх сямей, у правядзенні масавых культурных мерапрыемстваў і г.д.


Найбольш праблемнае пытанне — арганізацыя абслугоўвання вулічнага асвятлення. Таксама перыядычна праблемы ўзнікаюць па захоўванню графіка ачысткі міні-палігонаў. Востра таксама стаіць пытанне рамонту і падсыпкі вуліц. Тым больш у гэтае дажджлівае лета.


Слушнымі былі выступленні ў спрэчках галоўнага санітарнага ўрача раёна Леаніда Белкі, начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалая Кошмана, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Адама Аліфяровіча і іншых. Былі заслуханы таксама работнікі міліцыі і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.


Вынікі дня Савета падвёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Атліванаў, які і кіраваў усім мерапрыемствам.


С. КУЛАКЕВІЧ. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.