Развіццё Прыпяцкага Палесся ў Жыткавіцкім раёне працягваецца
На нядаўняй прэс-канферэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі агучаны самыя розныя пытанні, што датычаць як жыцця рэспублікі ў цэлым, так і асобных рэгіёнаў. У прыватнасці размова ішла пра далейшае развіццё Прыпяцкага Палесся. Якія эканамічныя і сацыяльныя даброты наш раён ужо атрымаў і што новага павінна адбыцца ў бліжэйшыя гады? На гэтыя надзённыя пытанні мы папрасілі адказаць намесніка старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Сяргея ТАБОЛІЧА.
— За два гады рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся ў нашым раёне было асвоена 840,2 мільярда рублёў, у тым ліку больш 65 працэнтаў у мінулым годзе. Пры гэтым асноўная частка сродкаў — болей 70 працэнтаў — накіравана на развіццё прамысловага патэнцыялу рэгіёна. Разам з тым варта адзначыць, што не засталіся ў баку сельская гаспадарка і сацыяльная сфера, куды ўкладзена адпаведна 78,5 мільярда і каля 40 мільярдаў рублёў, або 9,3 і 4,7 працэнта агульнага аб’ёму фінансавання адпаведна. Акрамя таго 31,1 мільярда атрымала і сфера турызму.
Але гэта ўсё толькі сухія лічбы, за якімі нямала канкрэтных прыкладаў удалых укладанняў. Так, найбольш значны для нас праект, на рэалізацыю якога накіравана 597 мільярдаў рублёў, — будаўніцтва малочнага камбіната ў горадзе Тураве. Плануецца, што запрацуе прадпрыемства ўжо ў сакавіку. Зараз там выпускаюцца пробныя партыі сыра на цеставым абсталяванні, завод праходзіць сертыфікацыю, каб свабодна пастаўляюць прадукцыю на тэрыторыю Еўрапейскай эканамічнай прасторы. Увод камбіната ў эксплуатацыю дазволіць у перспектыве стварыць 200-220 рабочых месцаў.
У сельскай гаспадарцы ў рамках рэалізацыі дзяржпраграмы ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” з’явілася малочна-таварная ферма на 1 тысячу галоў жывёлы, дабавілася і сельскагаспадарчай тэхнікі. Адзін з накірункаў рэалізацыі праграмы — павышэнне эфектыўнасці выкарыстання меліяраваных зямель і супрацьпавадкавыя мерапрыемствы.
Таму ў раёне поўным ходам ідзе рэканструкцыя і ўзнаўленне меліяраваных сістэм, вядуцца аграмеліярацыйныя мерапрыемствы, рамонтна-эксплуатацыйныя работы. Усё гэта разам узятае станоўча паўплывае на эфектыўнасць выкарыстання меліяраваных зямель, у тым ліку ў пойме ракі Прыпяць, дазволіць не дапусціць дэградацыі зямель і аграландшафтаў.
Не засталіся без увагі і аб’екты аховы здароўя, дзе былі праведзены капітальныя рамонты, устаноўлена новае медабсталяванне. У выніку павысілася якасць медабслугоўвання, стала больш даступнай для насельніцтва медыцынская дапамога, палепшыліся ўмовы работы медыцынскага персаналу, пашырыўся пералік аказваемых медпаслуг. Што датычыць сферы адукацыі, то і тут праводзіліся рамонтныя работы, закуплівалася сучасная тэхніка і абсталяванне.
Рэалізацыя праграмы ў галіне культуры ў значнай ступені дазволіць развіваць новыя тыпы ўстаноў, расшырыць паслугі насельніцтву ў культурна-асветным і фальклорна-этнаграфічным планах. Важны элемент праграмы — адраджэнне традыцыйных рамёстваў, розных відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Такім чынам дзякуючы падтрымцы дзяржавы мы захаваем для нашчадкаў унікальную гісторыка-культурную спадчыну і традыцыі Прыпяцкага Палесся.
Кажучы пра культуру, трэба помніць і пра развіццё турызму. Так, пры Азяранскім сельскім Доме культуры адкрыўся цэнтр рамёстваў. Непасрэдна ў Тураве пабудаваны турыстычны комплекс для паляўнічых і рыбаловаў. Фінансуецца развіццё турызму на рацэ Прыпяць і прылягаючай тэрыторыі, прыкладам чаго можна лічыць з’яўленне плывучай гасцініцы. Акрамя таго пільная ўвага надаецца і туркомплексу “Белае”, расце колькасць аграсядзіб. А ў школе №1 горада Жыткавічы можна правесці экскурсію па музею нашага земляка пісьменніка Міколы Гамолкі. Важна адзначыць, што развіццё турызму — важнейшы накірунак праграмы. У ім мы робім галоўную стаўку на гісторыка-культурны, аграэкалагічны, спартыўны і паляўнічы бакі, каб як мага болей поўна выкарыстаць багацейшы прыродны патэнцыял нашага Палесся.
У цэлым жа за час рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся ў 2010-2015 гадах плануецца асвоіць каля 1 трыльёна рублёў, што, несумненна, станоўча адаб’ецца на развіцці рэгіёна.
Запісаў Сяргей ВІЛЬЧЫК.