РЫХТУЮЦЦА ГРУНТОЎНА
Рыхтавацца да зімова-стойлавага перыяду ўтрымання грамадскага статка грунтоўна ў КСУПе “Бялёў” стала добрай традыцыяй. Тут і сёлета не сталі адкладваць на потым гэтую важную справу. Таму і маюць добры вынік. У гаспадарцы хоць зараз могуць паставіць жывёлу ў памяшканні. Яны практычна ўжо гатовы.
Работы па падрыхтоўцы ферм у сельгаспрадпрыемстве пачынаюць з мая. Дазваляе гэта рабіць тое, што ўся грамадская жывёла знаходзіцца на адгонных выпасах, таму будаўнікам нічога не замінае рабіць сваю справу. Пабываўшы на малочнатаварным комплексе “Возера”, можна ўбачыць плён іх працы. На памяшканнях ферм перароблена вентыляцыя, падрамантавана падлога, сістэма гноевыдалення, замест кармушак створаны кармавы стол. Праведзены і комплекс ветэрынарных мерапрыемстваў па санацыі памяшкання і многае іншае. Будаўнікі, так бы мовіць, ставяць тут апошнюю кропку, а жывёлаводы наводзяць парадак пасля рамонту. Відавочна, што зімоўка статка ў гэтай гаспадарцы будзе цёплай. На іншых фермах таксама ўсё зроблена, каб прыняць з выпасаў гадаванцаў.
Не меншы клопат праявілі ў КСУПе і пра кармавую базу на зіму і восень для жывёлы. Як адзначыла дырэктар сельгаспрадпрыемства Валянціна Точка, травяністых кармоў маюць зараз столькі, колькі іх было летась, але ж у гэтым годзе яшчэ не ўбіралі кукурузу на сілас. Яе амаль трыста гектараў і днямі на гэтых палетках пачнуць працаваць мясцовыя корманарыхтоўшчыкі. А зараз кукурузную масу падвозяць статку ў якасці падкормкі прама на выпас. Гэта станоўча адбіваецца на надоях. Сельгаспрадпрыемства па гэтым паказчыку ў лідарах раёна. На цяперашні час робіцца ўсё, каб і восенню атрымліваць вялікае малако. Для гэтага сеецца рапс і азімыя, якія пойдуць для спасвання жывёле.
Рыхтуюцца да зімоўкі і ў суседнім КСУПе “Марохараўскі”. Работы тут у самым разгары. Вядзецца рэканструкцыя памяшкання на ферме Марохарава, працуюць будаўнікі і на ферме Дуброва. Па словах галоўнага заатэхніка гаспадаркі Тамары Макарэвіч, грамадская жывёла на стойлавае ўтрыманне будзе пераведзена своечасова. Хаця, як зазначыла спецыяліст, ёсць пэўная праблема, у прыватнасці, не ўсе памяшканні яшчэ ачышчаны ад гною, але людзі працуюць.
Вялікі аб’ём работ па падрыхтоўцы ферм выкананы і ў КСУПе “Чырвоны Бор”. Тут засталося толькі канчаткова вычысціць памяшканні ад рэшткаў гною і смецця. Сёлета і ў гэтай гаспадарцы распачалі рэканструкцыю яшчэ аднаго памяшкання. Гэта дазволіць прымяняць больш механізацыю на вытворчасці. Але ж асноўны клопат у кіраўніка гэтага сельгаспрадпрыемства Сяргея Макарэвіча пра новую ферму, узвядзенне якой павінна быць завершана ў бліжэйшы час. Галоўнае, што турбуе дырэктара, як назапасіць якасны корм з кукурузы. Траншэі на новым комплексе вялікай ёмістасці. Сваіх сіл, каб іх закласці ў аптымальныя тэрміны, малавата. Таму трэба, як аздначыў кіраўнік, шукаць памочнікаў. Тым больш што кукурузы ў гаспадарцы пасеяна шмат, і яна вырасла нядрэнная. Назапашаны якасны корм з яе дасць магчымаць атрымліваць малако зімой. Дарэчы, гэта адна з гаспадарак у раёне, дзе добра спрацавалі па плюшчэнню на корм жывёле зерня. Напоўненыя ім “рукавы” знаходзяцца на комплексе. Гэты корм, па меркаванню кіраўніка, таксама будзе працаваць зімой на вялікае малако.
Відавочна, што зіма жывёлаводаў гэтых гаспадарак не застане знянацку, бо думаюць і працуюць, каб стойлавы перыяд прайшоў паспяхова.
С. БЕЛКА.