Гасцінныя Грычынавічы

У назве гэтай вёскі чуецца слова “грэчка”, а можа які Грыц тут некалі жыў. Дакладна даведацца пра паходжанне Грычынавічаў не ўдалося, а вось тое, што насяляюць іх людзі добразычлівыя і дужа працавітыя, з упэўненасцю засведчылі. Дапамаглі ў гэтым, стаўшы ў той марозна-снежны дзень маімі экскурсаводамі, кіраўнік справамі Ленінскага сельвыканкама Інеса Глушань і інспектар Таццяна Бакуновіч.

Як бульба дабрабыт мацавала

Крайні заходні населены пункт раёна на мяжы Мінскай і Брэсцкай абласцей здаўна славіўся  бульбай. Кожная сям’я абрабляла гектары другога хлеба на тарфяніках урочышча Грычын. Колькі яго адсюль вывезлі перакупшчыкі з усяго Савецкага Саюза. За картоплі ды гарбузікі, што сушылі мяхамі, вяскоўцы будаваліся, дзецей вучылі, карацей, жылі. Сёння той промысел следам за маладосцю тутэйшых жыхароў сышоў у нябыт. Бульбу садзяць толькі ў агародах, на падворках самая буйная жывёла — свінні.

— Некалі на ўсё сяло было пяць статкаў, — успамінае былы росквіт Лідзія Кудзелька (на фота №1). Да гаспадыні апошняй каровы, якую здалі мінулай восенню, зазірнулі, уразіўшыся яркім плотам вакол яе хаты і адмысловай лаўкаю, аздобленай коламі ад драбін. — Збылі і каня, таму што ў мужа здароўе пагоршылася.

Калі Лідзія Іванаўна ў 1983 годзе прыйшла ў Грычынавіцкую базавую школу, тут налічвалася 70 дзяцей. Філолаг па адукацыі доўга выкладала нямецкую мову, была завучам і нават дырэктарствавала. Дзевяцігодку зачынілі ў 2005-ым, бо колькасць вучняў паменела ўтрая. У доўгі цагляны будынак неўзабаве перабраўся клуб-бібліятэка, а разам з ім на новую пасаду і былая настаўніца-пенсіянерка.

Насупраць установы культуры расчыніў дзверы адзіны на паўвёскі магазін, другую палову населенага пункта абслугоўвае аўталаўка. За касай прыветліва ўсміхаецца Ніна Глушань. Па гадах яна даўно павінна заслужана адпачываць, толькі прадаўца няма кім замяніць. Вось людзі і не адпускаюць, жартуе гандлёвы работнік, па сумяшчальніцтву давераная асоба старшыні сельвыканкама.

У мясцовай краме пазнаёміліся з гаспадыняй шматдзетнага сямейства, якое прадстаўляе маладыя парасткі Грычынавічаў. Школьны аўтобус забірае адсюль у Ленінскую СШ чатырох вучняў — дзевяцігадовага Максіма Нікановіча і сясцёр Федаровічаў.

— Вывучылася на будаўніка ў Салігорску, там і ўладкавалася, — распавядае няхітрую біяграфію Вольга Леанідаўна, маці сёлетняй выпускніцы Інны, пяцікласніцы Вікторыі і Паліны, якая ходзіць у другі клас. — Пасля замужжа вярнулася дадому, працую сацработнікам. Люблю сваю вёску. Пакуль ёсць дзе рабіць, жыць можна.

 

Час выпрабаванняў

Каб даведацца, як выглядалі Грычынавічы за польскім часам, мы завіталі да Надзеі Бакуновіч, былога саўгаснага рахункавода, а потым бібліятэкара. Жанчына даўно аўдавела, трое дзяцей завуць да сябе, толькі хату, у якой сын зрабіў усе камунальныя выгоды, пакідаць не хоча.

— Пад уладай белага арла было дужа цяжка, — Надзея Саваўна, якая нарадзілася праз пяць гадоў пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР, прыводзіць успаміны бацькі, што да смерці распісваўся па-польску. — Як ступі, так і плаці. Падаткі вялізныя паны бралі. Маё ж дзяцінства забрала вайна. З вёскі людзі перабраліся ў станы ці шалашы па-іншаму. Вакол вогнішча сасновыя веткі раскладзём, радзюшкі якія, хто паспеў прыхапіць з хаты, і сядзім. Нямецкі самалёт загудзе — кідаемся на агонь, каб сабою закрыць гэту мішэнь.

Між тым, на вайне не толькі гінулі, а і нараджаліся. Прыклад таму — лёс 80-гадовай вязніцы Марыі Пракаповіч, якую дагэтуль у Грычынавічах завуць германкаю. Яе маці трапіла ў нямецкі палон. У баўэра з горада Графендорфа, на якога парабкавала, дзяўчына пазнаёмілася з палякам Андрэем. Маладыя пакахаліся. Дадому ў 1947-ым беларуска вярнулася з дачушкай. Колькі слёз пралілі потым абедзьве праз людскую бязлітаснасць і ганьбаванне.

— Такое вось жыццё, — здаецца, за цягам часу жанчына ўсё даравала аднавяскоўцам. — Затое зараз я выдатніца — маю пять дзяцей, пяць унукаў і пяць праўнукаў.

 

Родная хата, у будні і ў святы

Пракаповічы. Адна з самых старэйшых грычынавіцкіх пар год таму адсвяткавала залатое вяселле. Толькі пераступілі за брамку, як пад ногі з вясёлым брэхам кінуўся Том.

— Сабака, два каты ды куры — уся наша гаспадарка, — адгукаецца на прывітанне Васіль Сяргеевіч, саўгасны трактарыст з больш чым 30-гадовым стажам на пенсіі. — А колісь дзяржалі па дзве каровы, цяляты, свіні, картоплі прадавалі.

— Толькі грошы за іх на кніжках згарэлі, — з горыччу дадае Ніна Адамаўна, распавядаючы пра тое, як гаравалі ад цямна да цямна, хату будавалі, падымалі шасцёра дзяцей. Слухаўшы, думалася, што такі лад людзі старой загартоўкі не ўспрымалі як гераізм, у будзёным знаходзілі стваральную радасць, стараліся даць сынам і дочкам самае лепшае.

На пытанне пра сакрэт сямейнага ладу гаспадыня прыгадала матчыну мудрасць:

— Калі, бывае, і пасварыцеся, то ты навары, напячы і есці мужыку пастаў, усё само сабой наладзіцца…

У доме 74-гадовай рука-дзельніцы Ганны Мазулені  на ложках высіцца гара падушак у вышытых навалачках. Пасля сёмага класа Аня выскачыла замуж, шасцёра дзяцей узгадавала, працавала “на смале”, а збор жывіцы і мужыку не кожнаму пад сілу. Сужэнец даўно пайшоў у іншы свет. У другой палове яе жыцця здарылася яшчэ адно гора — згарэў вялікі пяцісценак, у агні загінуў сын. Ганна Сямёнаўна здолела пабудаваць побач новую хатку, нажыць маёмасць, змірыцца са стратамі і пры гэтым не разгубіць аптымізму.

— А чаго журыцца? —абапіраючыся на мыліцы, кажа субяседніца. — Да сэрца нельга ўсё браць. Пажартуеш з людзьмі — і жыць лягчэй.

Такая ж  светлая душа і ў Сафіі Табулы, роднай сястры Ганны Мазулені. Пакуль мы з гаспадаром Якавам Адамавічам выйшлі да вулляў, каб зрабіць яго фотаздымак (пчалярствам мужчына займаецца два дзясяцігоддзі, нават яшчэ ў калодах мёд здабываў), жвавая жанчына накрыла стол, каб з дарогі ў цёплай утульнай хаце накарміць гасцей.

— Добра зараз, — упэўнена завярае Сафія Сямёнаўна. — У магазінах усё ёсць, пенсію дадому прынясуць, толькі жыві. Галоўнае, каб вайны не было…

 

Толькі факты

  • Грычынавічы вядомыя з XVI стагоддзя.
  • У лютым 1943 года фашысты спалілі 200 двароў, забілі 76 чалавек.
  • Найвялікшая колькасць насельніцтва зафіксавана ў 1959 годзе — 708 жыхароў.
  • Зараз тут жывуць 96 чалавек, маецца 63 хатнія гаспадаркі.
  • 54% месцічаў — пенсійнага ўзросту.
  • Пятая частка вёскі носіць прозвішча Пракаповіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.