Пагоду на фермах робяць людзі. Як на Жыткаўшчыне ідзе зімоўка грамадскага статку

Па вытворчасці малака ААТ “Прыазёрскае-Агра” трывала ўваходзіць у тройку раённых лідараў. За два месяцы з пачатку года тэмп яе росту дасягнуў 115 працэнтаў. Мясцовыя жывёлаводы з дзвюх фермаў штодня адпраўляюць на перапрацоўку па 28 тон прадукцыі пераважна сортам экстра. За яе якасць, што з’яўляецца асновай эканомікі, тут адказвае кожны работнік.

У Таццяны Волк, аператара марохараўскага МТК, будзільнік наведзены на паўпятага раніцы. Днём пасля першай дойкі ў яе будзе невялікі перапынак, а да хаты вернецца толькі а першай гадзіне ночы. Тры дарослыя дачкі жанчыны ўжо выляцелі з сямейнага гнязда, дома засталася самая меньшая. Як пайшла на МТК, сваю рагулю прыйшлося збыць.
— З малодшых класаў маме на ферме дапамагала, там усяму і навучылася, — Таццяна Віктараўна, спрытна падключаючы апарат, прызнаецца, што да такога раскладу даўно прывыкла. — Умовы працы не параўнаць з колішнімі, цяпер жа — любата.


Алена Юхневіч з трох аператараў, якіх засталі на дойцы, самая малодшая. У яе падрастаюць чацвёра дзетак.
— Старэйшая 15-гадовая дачка заявіла, што таксама пойдзе на ферму, бо грошы там добрыя плацяць, — жартуе Алена Уладзіміраўна, шлях яе ў жывёлагадоўлю пачаўся пасля школы. — Так і даюцца яны недарэмна. Але ж нас не крыўдзяць.


Статак у 900 кароў пазменна абслугоўваюць шэсць даярак у рэжыме “дзень праз дзень”. На комплексе, дзе ўтрымліваецца 1007 галоў буйной рагатай жывёлы, працуюць усяго 22 чалавекі. Усе працэсы — ад кармлення да атрымання малака —максімальна аўтаматызаваны.

— Кожная карова на кампьютарным уліку, — паказваючы на чып у вушах пярэстай прыгажуні, расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Алена Прышчэпа. — Лактацыя, надой, стан здароўя жывёлы занесены ў праграму, якая дазваляе спецыялістам правільна рэагаваць на магчымыя збоі ў фізіялогіі БРЖ, каб своечасова іх выправіць.


За суткі марохараўскі МТК атрымлівае 21,4 тоны малака. Сярэднесутачны надой на карову зараз сягае да 20 кілаграмаў. Асобныя рагулі тут даюць і па 40 літраў сырадою. У памяшканнях, дзе акрамя дойнага пагалоўя, стаіць і маладняк з цяляткамі, прыдзірліва сочаць за парадкам. Тэрыторыя таксама дагледжаная. Асаблівасць ААТ “Прыазёрскае-Агра” — адна з самых высокіх у рэспубліцы шчыльнасць пагалоўя. На сотню гектараў сельгасугоддзяў тут прыпадае больш за сто галоў БРЖ. Такі расклад вымушае да рацыянальнага выкарыстання кожнага лапіка зямлі. Дзякуючы эфектыўнаму падыходу акцыянернае таварыства за пару апошніх гадоў удвая павялічыла вытворчасць прадукцыі раслінаводства, прычым без прыцягнення дадатковых рэсурсаў. Гэта стала вялікім штуршком для развіцця жывёлагадоўлі.

— Сёння мы маем паўтарагадовы запас кармоў, — дае расклад кіраўнік праекта ААТ «БК-Милк» кіруючай кампаніі ААТ «Дзякавічы», ААТ «Прыазёрскае-Агра» Аляксандр Барышнікаў. — З набыццём камбікормавага завода самі рыхтуем сбалансаваныя рацыёны для розных груп жывёлы. Спецыяльна створанае тэхналагічнае звяно сочыць за рэцэптурай, штодзённа рэгулюючы яе ў адпаведнасці з пагоднымі і іншымі ўмовамі.

Зразумела, што малако ў каровы на языку. Разам з тым у гаспадарцы ўлічваюць і племянны патэнцыял БРЖ, узяўшы курс на галшцінізацыю пагалоўя. На той жа марохараўскай ферме да канца года плануецца поўнасцю абнавіць статак высокапрадуктыўнымі цялушкамі. Але ж, не прыніжаючы важнасць іншых складнікаў поспеху, пагоду на фермах усё ж робяць людзі.


— Адказныя і вопытныя кадры — залог высокіх вынікаў, — падкрэслівае кіраўнік. — Да кожнага чалавека можна знайсці падыход. З рабочымі вялікіх праблем не маем, пераважна мясцовыя вяскоўцы працуюць. А вось спецыялістаў, запрашаючы ў калектыў учарашніх студэнтаў, выхоўваем самі. Вырашаем пытанні з прадстаўленнем арэнднага жылля, дастаўкі ў гаспадарку сваім транспартам. Важна, каб кожны ўсвядамляў значнасць калектыўнай адказнасці за справу.

У параўнанні з папярэднім годам гаспадаркам раёна ўдалося прыбавіць 0,9 кг малака ў разліку на карову, дасягнуўшы сярэднесутачнага надою 17,4 кг. Валавая вытворчасць прадукцыі склала 206,5 т з 10-працэнтным плюсам, рэалізацыя — 195,5 т. Жыткаўшчына па малаку ўпэўнена трымае чацвёртую пазіцыю ў вобласці.


Разам з тым, па словах першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Яўгена Шкробата, у разрэзе гаспадарак карціна неаднародная. Высокія паказчыкі забяспечваюцца пераважна флагманамі малочнай галіны. Сялянская гаспадарка М. Р. Шруба доіць за суткі па 32,2 кг на галаву, 28 з паловай кілаграмы маюць у ААТ “Дзякавічы”, 19,7 — ААТ “Прыазёрскае-Агра”. У той час, як, кажучы спартыўнай моваю, аўтсайдэр турнірнай табліцы — ААТ “Людзяневічы” — “радуе” казінымі паказчыкамі ў 3,7 кг. Формула шчодрай малочнай ракі, якую нагадаў Яўген Шкробат, лаканічна простая, укладваецца ў чатыры “к”: кармы, кадры, камфорт і карова (чытай, — патэнцыял жывёлы). І парушэнне хаця б аднаго з гэтых звёнаў нязменна адбіваецца на выніках.

ФАКТЫ
•ААТ “Прыазёрскае-Агра” разам з ААТ “Дзякавічы” ўваходзіць у склад кампаніі “БК-Милк”.
•Сумарна гаспадаркі маюць больш за 10 тысяч галоў БРЖ.
•Вытворчасць малака ў абодвух акцыянерных таварыствах за мінулы год склала амаль 29 тысяч тон.
•Сярэднегадавы надой на карову ў “Прыазерскім-Агра” дасягнуў 6800 кг і 9600 кг – у “Дзякавічах”.
•Для новага МТК “Дзякавічы” спецыяльна закуплены каровы галшцінскай пароды, з якіх вырасцілі высокапрадуктыўны статак. Сёлета МТК плануе атрымаць статус племяннога завода.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.