Пакланіцца Багушэвічу
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першую нядзелю верасня ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню ён прайшоў у Полацку, сталіцамі яго былі таксама наш Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы і Шклоў. У 2008 годзе Дзень беларускага пісьменства прымаў Барысаў. Цяперашняе, 16-е свята сустрэла на працягу двух дзён 5 і 6 верасня Смаргонь — раённы цэнтр на Гродзеншчыне. Гомельскую дэлегацыю на свяце слова прадстаўлялі 8 членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале са старшынёй аддзялення, галоўным рэдактарам “Новага Палесся” Уладзімірам Гаўрыловічам. Кароткія яго ўражанні аб няблізкай, але цікавай творчай камандзіроўцы змешчаны ніжэй.
…Традыцыйна кожнае свята пісьменства пакідае знакі павагі да людзей, якія сваім служэннем Айчыне засталіся ў гістарычнай памяці народа. Галоўнай тэмай сёлетняга Дня беларускага пісьменства стала творчасць заснавальніка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Менавіта з наведвання музея-сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах распачалася творчая вандроўка пісьменнікаў Гомельшчыны. Тут нечакана адбылося сяброўскае духоўнае паяднанне пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Харватыі, Балгарыі. Змястоўная экскурсія па адноўленай драўлянай сядзібе, у якой, здаецца, застыў час і зараз расчыніць дзверы, увойдзе ў гасціную, каб прывітаць гэтулькі гасцей Францішак — сумленне беларускай нацыі, паэт і змагар за лепшую долю беларуса. Музей сапраўды падаецца не музеем, а жывым домам, які пакінулі на імгненне. А побач — старасвецкія клёны, дубы, шырокі, наколькі вокам можна зачапіць, нізінны выган, акаймаваны дрэўцамі. І там, удалечы, вясковыя хаты, там жывуць людзі, пра якіх такі вялікі клопат меў Багушэвіч…
Насычанаму падзеямі Дню беларускага пісьменства папярэднічала навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святынь” з Жыватворным Агнём ад Труны Гасподняй. Яна пачалася ў Мінску 2 верасня і прайшла праз святыя месцы Мінскай, Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей і да свята прыйшла ў Смаргонь.
Пісьменнікі мелі магчымасць прыняць удзел у шматлікіх творчых акцыях. Так, у РДК адбылося пасяджэнне круглага стала “Мастацкі тэкст як сродак стасункаў народаў” з удзелам замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя “Смаргонскія чытанні”. Вечарам гэтага ж дня ў летнім амфітэатры ў гарадскім парку была прадстаўлена канцэртная праграма ансамбля салістаў “Класік-авангард” Белдзяржфілармоніі “Пад гукі даўніх паланэзаў…” з твораў кампазітараў ХІХ стагоддзя, творчыя лёсы якіх цесна звязаны з беларускай культурай (Мечыслава Карловіча, Яна Карловіча, Станіслава Манюшкі, Фларыяна Міладоўскага, Міхала Клеафаса Агінскага).
Арганізатары падаравалі нам яшчэ адну сустрэчу з мінуўшчынай. Смаргоншчына тонкімі ніцямі злучана з імем знакамітага земляка — дзяржаўнага дзеяча, удзельніка паўстання Тадэвуша Касцюшкі, літаратара і вельмі любімага многімі кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. Яго рэзідэнцыя, ахутаная старажытным паркам, падалася нібы застылай у часе. Сам палац, на жаль, не захаваўся, але функцыяніруе былая сямейная капліца Агінскіх, якраз насупраць увахода ў палац. Захаваліся і іншыя будынкі, якія знаходзяцца ў стадыі кансервацыі. Сёе-тое ўжо рэстаўруецца, але паўнамаштабныя работы па аднаўленню рэзідэнцыі князя плануюцца да 2015 года. Прыгожае месца дапаўняе княжая азярына, на якой гардзялівыя белыя лебедзі. А на беразе клянуцца аб верным каханні і любові маладажоны — такая ёсць тут традыцыя… І тут жа пісьменнікаў чакала сустрэча з прадстаўніком роду Агінскіх. Напярэдадні свята беларускага пісьменства былую рэзідэнцыю наведаў яго прапраўнук — Іва Залускі, таленавіты музыкант і аўтар кнігі “Ген Агінскага”. Іва Залускі, як аказалася, быў членам журы конкурсу імя М.К. Агінскага, які праводзіўся тут, і ўручаў пераможцам прызы, даў канцэрт у Белдзяржфілармоніі, запісаў дыск з 24-ма творамі Агінскага. Адбылася цікавая гутарка пра мінулае і сучаснасць…
Прыемнае ўражанне склала аб сабе першае знаёмства са Смаргонню: трыццацісямітысячны горад з пяцівекавой гісторыяй падаецца прыгожым, маладым і сучасным. Велічна ўзвышаецца над цэнтральнай плошчай сабор Праабражэння Гасподняга. Яго асвячэнне раніцай 6 верасня і бой званоў, закладка традыцыйнага Саду Малітвы сімвалічна азнаменавалі пачатак Дня беларускага пісьменства.
А ўрачыстая цырымонія адбылася на галоўнай гарадской плошчы Смаргоні. Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Патупчык зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі ўдзельнікам і гасцям XVI Дня беларускага пісьменства. Шматлікіх гасцей свята віталі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка, старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Гой, прадстаўнікі духавенства. Прыемна, што ўсе выступоўцы свае прамовы рабілі на роднай мове.
Так, Уладзімір Патупчык нават сцвердзіў, што Дзень беларускага пісьменства — гэта заўсёды даніна павагі тым, хто на працягу многіх стагоддзяў нёс у свет беларускую мову, хто заклаў падмурак для кнігавыдання, ствараючы на Беларусі асветніцкія цэнтры, хто ўпрыгожыў сусветную культуру сваімі бессмяротнымі творамі. Невыпадкова свята традыцыйна праходзіць у гарадах Беларусі ў цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, у мясцінах, багатых на гістарычную спадчыну, з якімі непарыўна звязаны жыццё і творчасць многіх дзеячаў краіны розных часоў. Смаргоншчына — цудоўны куток беларускай зямлі, які даў свету вядомых дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў і пісьменнікаў, асветнікаў. Сярод іх сусветна вядомы дзеяч Міхал Клеафас Агінскі, этнограф-лінгвіст Ян Карловіч, кампазітар-дырыжор Мечыслаў Карловіч, Віктар Роўда і, безумоўна, Францішак Багушэвіч, які адзін з першых пачаў выдаваць свае творы на беларускай мове, сказаў Уладзімір Патупчык.
Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Саўчанка адзначыў, што ў вобласці захавана багатая спадчына, у тым ліку і ў справе кнігавыдання. Рукапісныя кнігі, Лаўрышаўскае і Жухавіцкае евангеллі былі створаны на гэтай зямлі яшчэ ў XIV стагоддзі. Першая друкаваная газета на тэрыторыі Беларусі з’явілася на Гродзеншчыне. Сёння тут выдаецца 52 газеты і часопісы. На гэтай гродзенскай зямлі расквітнеў талент Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, многіх іншых пісьменнікаў.
Беларуская культура вельмі багатая, ёсць шмат імён людзей у гісторыі краіны, якія ўнеслі вялікі ўклад у яе развіццё. Аб гэтым заявіў міністр культуры Беларусі Павел Латушка, ён прымаў удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства. Кіраўнік ведамства падкрэсліў: “Беларусы павінны ганарыцца тым, што створана. Абапіраючыся на гэта, мы будуем сённяшнюю Беларусь, будуем яе заўтра”.
А прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, які таксама выступаў на беларускай мове, засведчыў, што пачатак беларускасці ідзе ад святога Кірылы Тураўскага і Тураўскага Евангелля ХІІ стагоддзя.
…Чарада белых галубоў узнялася ўвышыню разам з гукамі музыкі. Сталіца Дня беларускага пісьменства Смаргонь шырока адзначала свята. Яно буяла рознымі колерамі, шматлікімі сустрэчамі з чытачамі. Мы падаравалі смаргонцам 40 кніг пісьменнікаў-гамяльчан, сцвярджаючы нашу агульную духоўную повязь… У гарадскім парку адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Францішку Багушэвічу. Дзень беларускага пісьменства пераканаў, што ён стаў сапраўдным святам беларускай мовы.
У гарадскім парку разгарнуўся фестываль кнігі і прэсы, дзе працавалі павільён “Беларуская кніга”, тэматычныя пляцоўкі. У гарадку прэсы працавала экспазіцыя “З гісторыі пісьменства і асветніцтва на Беларусі”. Адбыліся фотавыстаўкі, віктарыны, латарэі. Госці свята сустрэліся з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журналістамі, распаўсюджвальнікамі прэсы. Гасцінна расчыніў свае дзверы горад майстроў. На канцэртных пляцоўках адбыліся выступленні творчых калектываў, працавала праваслаўная выстава. Свята дзіцячай кнігі і прэсы запрасіла юных чытачоў…
Летні амфітэатр у гарадскім парку прыцягнуў увагу і гамяльчан невыпадкова. Тут адбылося ўзнагароджванне пераможцаў нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у паэзіі, прозе, драматургіі, літаратурнай крытыцы, дзіцячай літаратуры. Настрой у пісьменнікаў Гомельскай вобласці прыўзняты: як і ў мінулым годзе (тады лепшай кнігай года быў вызначаны мой раман “Плата за каханне”, яна заняла першае месца) і сёлета адзначаны наш пісьменнік. Кніга жлобінскага празаіка Валянціны Кадзетавай заняла другое месца ў намінацыі “проза”! Мы сардэчна віншуем Валянціну Мікалаеўну з доўгачаканай перамогай і… збіраемся дахаты. Няблізкую дарогу — каля пяцісот кіламетраў — нам яшчэ трэба “скарыць”, каб вярнуцца ў родны кут.
Але мы ўжо ведаем, што сталіцай XVII Дня беларускага пісьменства стане горад Хойнікі нашай вобласці. Ведаем, таму што пісьменнікі Гомельшчыны самі ініцыявалі чарговае свята на радзіме класіка беларускай літатаратуры Івана Мележа. Дзень беларускага пісьменства разам з “Дажынкамі” —традыцыя, калі чарговы горад не толькі прымае гасцей, дзе прасторна жывому беларускаму слову, але і абнаўляецца. Быць гаспадаром будучага Дня беларускага пісьменства Хойнікам — справядлівае рашэнне. І да яго падрыхтоўкі падключылася ўжо і ўся Гомельшчына. Не ў баку будуць і пісьменнікі, якія, зразумела, і павінны быць у авангардзе прапаганды дасягненняў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці традыцый.
У. ГАЎРЫЛОВІЧ.