Беларусскае вяселле

Традыцыі з’яўляюцца асновай культуры народа, нябачнай повяззю многіх пакаленняў. Напачатку абрады мелі магічныя і засцерагальныя функцыі, а потым з цягам часу набылі эстэтычна-мастацкую ролю. Паэтычная душа беларускага народа надала ім выгляд вышыванага строю, песні, танца, казкі, прымаўкі. Сярод абрадавай спадчыны бадай толькі вяселле захавала найбольшую рытуальную ёмістасць, бо ўсё робіцца на шчаслівы шлюб маладых.


Вяселле ў беларускага народа шматрытуальнае: заручыны, зборная субота, вянчанне, каравай. У маладой і маладога — перазовы…


Усю гэтую вясельную прыгажосць можна пабачыць і паўдзельнічаць у ей у кожнай вёсцы Жыткавіцкага раёна.


Тут ёсць свае ўнікальныя жартаўнікі — сваты і свахі, вострыя на язык прыгаворшчыкі, вясельныя завадзілы, песенныя народныя галасы, у гэтых песнях душа аб добрым, шчаслівым жыцці маладым.


А лятаў салавейка па саду,


Скушненька, бедненька аднаму.


— А каб мне зязюлю,


Я бы з ёю ўмеў шчабятаць.


На заручынах вызначаўся тэрмін галоўнай дзеі — самога вяселля.


А вось — зборная субота. Яе асноўны рытуал — віццё вянка для маладой, а на Тураўшчыне і прымяранне сарочкі для нявесты.


Сягоння ў нас паненкавы


Вечар настаець.


Паследні раз млада Манечка


Коску запляцець.


Адказны дзень — гэта вянчанне, традыцыйны шлюб святкаваўся праз тыдзень, а то і пазней.


— А чыя свяча ярчэй гарэла?


— А хлопчыкава ярка гарэла,


А дзевачкіна дай патухла,


Бо слёзкамі аблівала.


Для беларускага селяніна хлеб быў галоўнай крыніцай існавання. Хлебу пакланяліся, на ім прысягалі. Вяселле пачынаці, каравай учыняці. Абавязкова каравайным кавалачкам надзяляўся кожны прысутны і ўсе тыя, хто прыйшоў к хаце вясельнай.


Каравайніцы, ручкі мыйце,


У вішанкі ліце,


Каб вішанькі радзіліся,


Каб дзетачкі любіліся.


У маладой і маладога госці сабраліся, дружкі маладых, тут вясёлае застолле, прыказкі, падарункі, песні, танцы, пажаданні “Дару ільняное поле, каб вы дружна працавалі, дзетак даглядалі. І пра род свой не забывалі”. “Вось вам спелыя памідоры, каб малады не блытаўся да другой Хвядоры”.


Ой, чаму ж ты не прыйшоў?


Ці штаноў ты не знайшоў?


Хай бы дзедавы надзей,


Дзед на печы б пасядзеў.


Ой, хто ж там ідзе,


Паміж вербамі?


Гэта ж мілка мая


Свеціць рэбрамі.


Перазовы — гэта паслявясельная, заключная традыцыя, калі на працягу тыдня, сваякі — родзічы маладажонаў запрашалі (перазывалі, і хадзілі адзін да аднаго ў госці з мэтай больш цеснага знаёмства.


Кахайце адзін аднаго, шануйце традыцыі, гуляйце вяселлі, нараджайце дзетак — як кветак, упрыгожвайце родную зямлю-матухну. Шчасця і добрай долі.


М. КОТАЎ, фалькларыст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.